Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Эссе, очерк, этюд, набросок >> Зямля пад белымі крыламі >> страница 2
Галандыя, Данія і Люксембург, разам узятыя. Працягласць нашай радзімы з поўначы на поўдзень 560 км і з усходу на захад 650 км. Мяжуе яна з Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвою і Польшчай і займае выгоднае геаграфічнае становішча на шляхах з Заходняй Еўропы на Усход і з Украіны ў Прыбалтыку. Гэтае выгоднае становішча, аднак, часта і падводзіла. Дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Беларусі.

…Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра.

Умоўна Беларусь дзеляць на пяць вялікіх раёнаў.

1) Азёрны край. Гэта самая поўнач рэспублікі.

2) Цэнтр. Ён прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.

3) Панямонне. Заходнія раёны па берагах Нёмана.

4) Усход. Аршанскае ўзвышша, Аршанска-Магілёўская раўніна, а таксама раўніны па рацэ Беразіне і каля Чачэрска.

5) Поўдзень, або Палессе.

Я — але гэта мая прыватная думка — выдзеліў бы за кошт усхода і ўсходняй часткі Палесся яшчэ шосты раён. Прыдняпроўе. Занадта ўжо ўплывае на эканоміку, пейзаж, побыт, нават псіхіку чалавека вялікая Рака.

У адпаведнасці з раёнамі розныя і пейзажы.

У іншых краінах ёсць горы ў зялёнай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры.


Вось АЗЁРНЫ КРАЙ. Марэнныя грады, шматкіламетровыя “агароджы” з валуноў на межах. І, паміж бясконцых градаў і ўзвышшаў, многія і многія сотні азёр. Паверхня самага вялікага з іх, Нарачы, 79,9 кв. км. Глыбіня самага глыбокага (гэта з вялікіх азёр), Струсты, 30 м. А сярод малых ёсць і такія, глыбіня якіх каля 50 м. Азёры гэтыя розныя. Вада Нарачы такая чыстая, што пры вялікай глыбіні можна ўбачыць усё, што ляжыць на дне. А вось вада змрачнаватага, ляснога і балотнага возера Палік (у Бярэзінскім запаведніку) нагадвае густа завараны чай.

Паміж азёраў частыя ўзгоркі, і на іх пілы лясоў, пераважна хвойных. А па схілах — палі. Малінавыя шары канюшыны, сінявокія льны, жыта, сям-там расквечанае валошкамі.

На ўзгорках вострыя шпілі гарадкоў з гарбатымі вуліцамі і вялізнымі купамі старых ліп. Адзін амерыканскі падарожнік, што аб’ехаў палову свету, пісаў на пачатку нашага стагоддзя, што пейзажаў, лепшых за пейзажы беларускія, ён не бачыў ва ўсёй Еўропе.

Часам з адной гары можна бачыць да дзесятка азёр. Асабліва гожыя яны ў летнія ночы, калі ў іх адбіваецца перакулены дагары нагамі спічасты лес і, здаецца, ночы зусім няма і слізгоча ў чыстых, як сляза, глыбінях доўгае, плямістае цельца стронгі. А стронга можа быць толькі ў ідэальна празрыстай, без кроплі каламуці, вадзе.

Зноў на ўсход. І зноў узгоркі і азёры. Мачтавыя бары на схілах. Аж медныя. І — нібы рубеж, які перавалілі, — замест шпіляў, аж празрыстыя, белыя, нібы са святла пабудаваныя, старажытныя званіцы Полацка.


…ЦЭНТР — таксама разнастайны. Поўнач — гэта грады і ўзгоркі, укрытыя сям-там лесам. Сярод іх ёсць і “горы”, асобныя вяршыні, якія не дужа рэзка вылучаюцца ў рэльефе. Гэта гара Лысая, гара Маяк і іншыя. Але тут жа, у нізіне па Бярозе-рацэ, быццам зусім іншая зямля. На многія і многія дзесяткі кіламетраў старажытныя чорныя лясы, глеба нібы сочыцца вадой. Рэчкі, азёрцы, межытокі. А над імі дзіч ялін, хвояў, бяроз, дубоў, чаромх і ўсяго такога. Лішайнік бародамі звісае з дрэў, чырванеюць на беражках тарфяных вымачын мухаморы, і ў гэтым змроку, валюхаючы, праходзіць гаспадар гэтых мясцін — мядзведзь.

Калі ехаць на поўдзень — грады паступова паніжаюцца і пачынаецца Слуцкая раўніна: бязмежны разліў палёў, што калыхаюцца пшаніцай і жытам, маленькія пятачкі лесу, вялізныя, як дубы, дзічкі на месцы былых межаў, крыжы ветракоў. Гэта — беларуская жытніца. Так бы мовіць, беларуская Украіна.


…Адразу ясна, што ПАНЯМОННЕ атрымала сваю назву ад галоўнай сваёй ракі, у басейне якой яно і ляжыць. Нёмана. Таго, які, як кажа беларуская прыказка, “пачынаецца з арэхавай шкарлупінкі”. Гэта дужа ціхая, дужа ласкавая зямля. Мяккія сытыя ўзгоркі, купы магутных дубоў і ліп на іхніх верхавінах, прыгожыя вёскі, бясконцая, глухая Налібоцкая пушча. Дубы і па берагах. Многа. Вялізныя, як зялёныя хмары, часта шматвяковыя.

І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай — прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).


…УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўніны. На водападзелах тарфяныя і мохавыя балоты. Дурманіць там галаву багун, а журавіны ўвосень збіраюць саўкамі. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусі сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкія, прапахлыя жывіцай. Грыбоў — хоць касой касі. На поўдні ўсё часцей і часцей трапляюцца дубровы з іхнім шырокалістоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасці, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, самы стары батанічны сад рэспублікі.

І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.


…ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх “выспы”, гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.

Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.

Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.

А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх танцуюць,