Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Эссе, очерк, этюд, набросок >> Зямля пад белымі крыламі >> страница 3
падскакваючы ў паветра, жураўлі.

На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот — шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.

Ёсць тут і малыя пустыні. Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік). Менавіта таму з павалам лесу і асушэннем трэба быць дужа-дужа асцярожным.

Аб гэтым цяпер усё больш думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне — таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з’яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.

Ёсць тут і паплавы і ўзвышшы з крутымі абрывамі на берагах. Узвышшы з сухім гонкім морам лясоў.

Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў — у школу, сялян — на работу і г.д. А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай, — у шырыню на некалькі дзесяткаў кіламетраў, у даўжыню — на сотні, — роўнядзі вады, нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка, прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: “Ну вас да д’ябла, яшчэ патонеш з вамі”, мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол — на кіламетры — вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар’яцеў.

Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.

Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.

Я ўжо казаў, што выдзеліў бы ПРЫДНЯПРОЎЕ ў асобны раён. І хаця ў географаў такое дзяленне не прынята — я паспрабую гаварыць пра землі над Дняпром, як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром і ніжняй часткай яго прытокаў, уся носіць на сабе яго адбітак. І разлівы, як мора, і паплавы з акіянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў іх), з рамонкамі, смолкамі, шалёнай вясёлкай разнатраўя. І старажытныя гарадзішчы са скарлючанымі дубамі на іх. І гарады і вёскі, што ўзніклі на тых гарадзішчах. І сінія старыцы ў цені дубоў на тых жа паплавах. І сотні курганоў, у якіх спачылі продкі. Бары на “родненькім” Дняпровым пясочку, і зарасці шыпшыны і бэзу на месцы былых паселішч. Шумлівыя паркі, броханне вялізнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранішнія слупы пары над ракой, вогнішча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калі праплываеш паўз іх.

І, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. То снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са “старыкоў”. Як шпакоў, гэтых качак!

Гэта пейзаж. Але неад’емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або цаліне — бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5 — 10 гектараў на поўначы і крыху большыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.

Ну і, вядома, пашы, выганы з каровамі і авечкамі. Духмяныя зарасці канопляў, “расліны ўцекачоў”, бо ў ёй чалавека і з сабакам не дагоніш: сабака адразу губляе нюх.

У каноплях, у пахучай імгле зацішнай
прытулак знойдзе звер і чалавек увішны.
Зайчо, што ўзнята на гародных градах,
ў каноплі ад сабак імкнецца без агляду,
і псам не ўзяць яго у нетрах канапляных, —
саб’юцца са слядоў яны ў імгле духмянай,
дваровы там сядзіць, у цень густы схаваны,
пакуль не адыдзе прыпадак гневу ў пана…
(Адам Міцкевіч. “Пан Тадэвуш”)

…Давайце цяпер пяройдзем да вёскі, хаты, чалавека. Толькі я хачу папярэдзіць вас, што гэта будзе размова хутчэй этнаграфічная, што многа чаго змянілася, што вопратку народную носяць не паўсюль, а толькі месцамі, астраўкамі на Палессі, Гродзеншчыне, Прыдняпроўі, што гаспадыні самі цяпер пякуць хлеб нячаста і г.д.

Размова пойдзе пра тыповае, пра тое, што розніць побыт беларуса ад побыту, скажам, грузіна ці ўкраінца.


Вёска, о родная вёска мая!


Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 200–300 — 1000 двароў. У нас 20–30 двароў — гэта ўжо вёска. Мала таго, на захадзе яшчэ й дагэтуль досыць многа хутароў, хаця людзі паступова і кідаюць іх. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.

За выключэннем некаторых раёнаў Палесся, беларускую хату ніколі не беляць знадворку, толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска, тым не менш, прайграючы ў весялосці знешняга выгляду перад вёскай, скажам, карпацкай або малдаўскай, мае нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавым дубам на сядзібах, вялізным дзічкам на былых межах, садкам і, урэшце, таму, што калі не адразу за хатамі, то хаця б на гарызонце амаль абавязкова відаць лясы ці пералескі, што калі не тут жа, то непадалёку — рака, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.

У нас хату часта будуюць талакою, з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў. Таму што лесу ўсё яшчэ многа. Па той самай прычыне амаль няма глінабітнай падлогі, як на поўдні СССР, а ёсць падлога з дошак. Столь, вядома, таксама дошкавая, зверху, на гары, на яе насыпаецца пілавінне, для цеплыні. Стрэхі раней былі саламяныя або, на поўдні, з чароту, які даўжэй служыць. Таму даўжэй, што, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, чарот можна зняць і зноў перакрыць ім хату. І так два-тры разы. Але і тады часта сустракаліся "шчапяныя" дахі. Цяпер гонтавы дах бывае на хаце часцей за ўсё. За ім ідзе шыфер.
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Яна Вагнер - Кто не спрятался. История одной компании - читать в ЛитвекБестселлер - Дмитрий Алексеевич Глуховский - Метро 2033 - читать в ЛитвекБестселлер - Эдвард Станиславович Радзинский - История династии Романовых - читать в ЛитвекБестселлер - Андрей Владимирович Курпатов - Красная таблетка - читать в ЛитвекБестселлер - Донна Тартт - Тайная история - читать в ЛитвекБестселлер - Фэнни Флэгг - Жареные зеленые помидоры в кафе «Полустанок» - читать в ЛитвекБестселлер - Терри Пратчетт - Делай Деньги - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Лихи - Свобода от тревоги. Справься с тревогой, пока она не расправилась с тобой - читать в Литвек