Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Мікалаевіч Якімовіч >> Сказки для детей и др. >> Эльдарада просіць дапамогі >> страница 2
бутэльку, бутэльку закаркоўваю і кідаю ў акіян. Плыві, бутэлечная пошта, плыві… Калі ты прыплывеш да людзей?..

Потым я ў старажытнай Англіі, у палацы каралевы Елізаветы… Потым…

Напэўна, я яшчэ доўга думаў бы, уяўляў, невядома, на якія моры-акіяны мяне занесла б. Ды раптам штосьці стукнула ў шыбіну. Няйначай, каменьчык.

Я адклаў папку ўбок і падбег да акна. На вуліцы стаяла Наташа. Убачыўшы мяне, махнула рукою.

— Андрэй, хадзі сюды. Я выйшаў.

«Зноў штосьці выдумала, — думаю. — Не сядзіцца ёй. Нават артыкул не дала дачытаць».

— Мабыць, спаў? — адразу накінулася на мяне. — Гукаю, гукаю, а ён не чуе.

— Зачытаўся, — кажу. — Пра бутэлечную пошту артыкул знайшоў.

Наташа неяк хітра прыжмурылася.

— Пра бутэлечную пошту? Цікава напісана?

— Не адарвацца. Дам і табе пачытаць, калі хочаш. Ты ведаеш, што здарылася ў 1560 годзе?

— Андрэй, ты нейкі дзіўны. Адкуль я магу ведаць, што здарылася ў 1560 годзе? Гэта ж не ўчора было.

— Я таксама не ведаў,— кажу. — А цяпер ведаю. Паслухай. У 1560 годзе адзін англійскі рыбак злавіў сеткаю залітую смалою бутэльку. Ен разбіў яе, а там — пергамент. Стаў чытаць — тайнае пісьмо… Прынёс яго да англійскай каралевы Елізаветы І. Узяла Елізавета Першая пісьмо…

— І ў мяне пісьмо, — сказала Наташа. — Я сама знайшла бутэльку з пісьмом. Глядзі.

Наташа працягнула бутэльку, якую хавала за спіною.

— Асцярожна трымай. Не разбі,— папярэдзіла. Я ўзяў бутэльку ў рукі. Бутэлька як бутэлька.

Самая звычайная. У такіх напітак «Бураціна» прадаюць, Я паціснуў плячамі.

— І ты хочаш сказаць, што гэта твая бутэлечная пошта?

— Але. Бутэлечная пошта, — кіўнула галавою Наташа.

— Наташа, не смяшы. Даўно напітак выпіла?

— Перавярні бутэльку, — загадала Наташа.

Я перавярнуў бутэльку донцам уверх. На далоню выпала паперка, згорнутая ў трубку. Я аддаў бутэльку Наташы, разгарнуў паперку. Няроўнымі друкаванымі літарамі на паперы было напісана: «Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада. Мы загінем, калі вы не дапаможаце. Кляйн…»

Далей літары расплыліся, няйначай як залітыя вадою.

Я заморгаў вачыма і паглядзеў на Наташу.

— Ты… Ты дзе гэта знайшла?

Наташа ўзяла запіску і спакойна адказала:

— У нашай рэчцы. Бутэльку плынню да берага прыбіла. Шкада, што ўвесь тэкст не зможам прачытаць. Той, хто прыслаў гэтае пісьмо, відаць, вельмі спяшаўся. Корак ледзь-ледзь трымаўся. Вада ў бутэльку трапіла.

«Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада…» Гэтыя словы стаялі ў маіх вушах. Я, здавалася, чуў іх…

«Мы загінем, калі вы не дапаможаце…» Гэта ўжо нават не просьба, а крык роспачы. Адчай.

Каму так цяжка? Адкуль гэтая бутэлька? Няўжо сапраўды ёсць краіна Эльдарада? Як яе жыхары да нас трапілі? І чаму менавіта да нас?

Усе гэтыя пытанні адно за адным імкліва праносіліся ў маёй галаве. Я на хвілінку разгубіўся. Ды толькі на хвілінку. Бо нарэшце здагадаўся, што Наташа сама напісала… Знарок. Каб даказаць, што ёсць краіна Эльдарада.

— С-сама. Ты-ты сама нап-пісала, — заікаючыся ад хвалявання, прамовіў я.

— Не. Запіску прыслаў хтосьці з Эльдарада. Я яе ўчора знайшла. Хацела з вамі параіцца, але вы з мяне смяяліся…

Я зусім разгубіўся. Няўжо знайшла? Хлусіць, напэўна. Не. Вунь і слёзы на вачах выступілі. Пакрыўдзілася, бо не веру. Але і верыць не хочацца. Дваццатае стагоддзе — стагоддзе тэхнікі. І Міхась казаў, што з космаса можна любую макулінку сфатаграфаваць. А калі Наташы верыць, то выходзіць, што касманаўты цэлую краіну не заўважылі. Хіба мажліва такое?

— Наташа, ты, напэўна, штосьці пераблытала, — сказаў я, каб не пакрыўдзіць Наташу.

Наташа глянула мне ў вочы.

— Андрэй, скажы шчыра — не верыш?..

— Не веру.

— Тады я цябе выклікаю на дуэль. Выклікаю на дуэль… Бач, якая шпаркая. Наглядзелася прыгодніцкіх фільмаў, начыталася кніг пра рыцараў. Толькі чытала іх, відаць, наадварот. Хіба дзяўчынкі калі-небудзь выклікалі хлопчыкаў на дуэль?

Да чаго дайшло! Няўжо з дзяўчынкай на кулакі стану біцца? Ды з мяне куры смяяцца будуць. Чаго я на вуліцу выходзіў? Лепей сядзеў бы, артыкулы чытаў. Хай бы думала, што дома няма.

Як выкруціцца? Як? А калі параіць, каб да Міхася схадзіла, каб яму пісьмо паказала? Няхай з ім спрачаецца, няхай яго на дуэль выклікае.

— Наташа, давай да Кадыша сходзім. Яму пра ўсё раскажам. Разам паразважаем, адкуль гэтае пісьмо.

— Давай сходзім, — пагадзілася Наташа.

На маё шчасце, Міхась якраз быў дома. Мы паказалі яму бутэльку, прачыталі запіску.

Я, напрыклад, хоць спачатку, хоць крыху паверыў, што запіска з Эльдарада, а вось Міхась доўга не думаў, сказаў:

— Сама напісала.

— І ты мне не верыш?

— Не-а.

Гэтае «не-а» Міхась прагаварыў у нос, і ў яго выйшла праз «э» — «нэ-а». З форсам гэтакім.

Я чакаў, што Наташа ўзбурыцца, як і мяне, выкліча Міхася на дуэль. Але чамусьці не выклікала. Збаялася, ці што?

Яна зняважліва зірнула спярша на Міхася, пасля на мяне і з пагардаю прамовіла:

— А я спадзявалася на вас. Лічыла, што дапаможаце.

Павярнулася і пайшла.

Мы з Міхасём пераглянуліся. Чаму так сказала? Чаго хацела ад нас? Гэтага мы пакуль не зразумелі.

ТАЙНА БАБКІ ТЭКЛІ

На другі дзень я доўга не ўставаў з ложка. Ноччу не выспаўся. Усю ноч нейкае глупства ў галаву лезла. І каралева Елізавета снілася, і Эльдарада, і бутэлькі.

Я некалькі разоў прачынаўся. Знарок вочы шырока-шырока расплюшчваў. Каб гэтае глупства ў галаву не лезла. Ды дарэмна. Толькі заплюшчу вочы — зноў каралева Елізавета. Бутэлькі збірае і да мяне нясе. Спрабаваў да ста лічыць, да тысячы. Нічога не дапамагала.

Толькі пад раніцу заснуў. Соладка-соладка спалася. Ні бутэлек, ні Эльдарада, ні англійскай каралевы. Я, мусіць, да паўдня спаў бы, калі б не тата і мама.

— Андрэйка, уставай.

— Андрэй, дзень на двары.

Гукаюць, як у лесе. А я, вачэй не расплюшчваючы:

— Зараз. Устану…

І далей сплю. Быццам у кошкі-мышкі з імі гуляю. Відаць, не спадабалася гэткая гульня тату. Стаў мяне за пятку казытаць.

— У мяне канікулы, — заенчыў я сонным голасам. — Калі вы не на рабоце, то я не назаляю. Спіце, колькі хочаце.

— Ат, спі. Хоць да вечара, — відаць, пакрыўдзіўся тата. — Я хацеў, каб ты паснедаў з намі. Мы на работу хутка пойдзем.

«Спі». Хіба заснеш, калі за пятку казыча? Не ведае, якая ноч у мяне была.

Расплюшчыўшы вочы, я ляжаў на ложку. Колькі хвілін у хаце было ціха. Потым рыпнулі дзверы. Напэўна, мама прыйшла. Так, яна. Яе крокі, мяккія, лёгкія. Тата цяжка ступае, грузна.

— Чуў, якая пагалоска па вёсцы ідзе? — данёсся мамін голас.