- 1
- 2
- 3
- 4
- 5
- . . .
- последняя (57) »
— Выдумкі,— адказаў тата.
— А можа, не выдумкі? — сказала мама. — Бабка Тэкля на свае вочы касманаўта бачыла.
— Нагаворыць бабка Тэкля. Толькі вушы развешвай.
У мяне сон як рукою зняло. Цікава. Вельмі цікава. Касманаўта бабка Тэкля бачыла. Чаму я пра гэта не ведаю?
Зноў рыпнулі дзверы.
— Дзень добры, — пачуў я Міхасёў голас. — Андрэй дома?
— Спіць, — сказаў тата, — не дабудзіцца. — І моцна гукнуў: — Андрэй, сняданак на стале стаіць. Мы на работу пайшлі.
У пакой уляцеў Міхась.
— Чаго ляжыш, як крот у нары? — накінуўся ён на мяне.
Не спадабалася мне гэткае параўнанне.
— Крот не ляжыць, крот ходзіць, — кажу. — Яму праз кожныя чатыры гадзіны есці хочацца.
А ён:
— Лянівы ты, Марозік. Чуў, што каля вёскі касманаўты спусціліся?
Я хуценька ўсхапіўся з ложка, адзеўся. Значыць, не плёткі. Каля вёскі касманаўты ходзяць, а я ў хаце сяджу.
— Дык бяжым! — крычу. — Я ні разу жывога касманаўта не бачыў.
Міхась засмяяўся:
— Ты, напэўна, у гарачай вадзе купаны? Сядзь.
— Я сеў на край ложка. А,Міхась нечакана сказаў:
— Давядзецца нам папрасіць прабачэння ў Наташы.
— Чаму? — не зразумеў я.
— Магчыма, дзесьці ёсць такая краіна — Эльдарада. У непралазных джунглях, напрыклад, куды і чортава вока не зазірне. Факты за гэта.
«Мусіць, свет дагары перавярнуўся, — думаю. — Дзяўчынкі на дуэль выклікаюць, Міхась у Эльдарада паверыў, бутэлечная пошта, касманаўты. Штосьці дзіўнае вакол робіцца».
— Выкладвай факты.
— Можна і факты. Бутэлечная пошта — адзін, — пачаў загінаць пальцы Міхась. — Я ўжо правяраў. Не Наташыным почыркам запіска напісана.
— Запіска не доказ.
— Не доказ, — пагадзіўся Міхась. — Але касманаўт… Касманаўт… Адкуль ён з’явіўся? Магчыма, запіска і касманаўт — адно звяно. Вось толькі як звязаць яго? Як?
Болей я не мог трываць.
— Дзе той касманаўт? Дзе ён?
Міхась устаў з ложка, глянуў у акно. Я таксама падышоў да акна, пачаў пільна-пільна ўзірацца. Мне думалася, што зараз убачу на вуліцы касманаўта. Сапраўднага касманаўта: у скафандры, у гермашлеме. Нездарма Міхась ад акна не адыходзіцца.
Але касманаўт не з’яўляўся. Толькі куры ляніва грэбліся ля плота, а каля іх паважна паходжваў наш рабы певень.
— Дзе касманаўт? — тузануў Міхася за плячо.
Міхась развёў рукамі.
— Каб ведаў, то каля цябе не стаяў бы. Людзі кажуць.
— Кажуць, кажуць, — перадражніў я. — Чаго ж ён хаваецца ад людзей?
Міхась уздыхнуў:
— А хто яго ведае. Можа, шпіён. Можа, заблудзіўся. Касманаўты таксама памыляюцца. Можа, ракета ў яго сапсавалася.
— Так, Міхась, так. Сапсавалася. Таму і сеў каля вёскі. Добра, што на вёску не ўпаў.
Я ажно трымцеў ад хвалявання. Касманаўт каля вёскі, ракета. Вось каб палятаць хоць крыху!
— Міхась, ты можаш заставацца ў хаце. Можаш нават мой сняданак з’есці. А я ўсё-такі пабягу.
Калі б Міхась не схапіў мяне за руку, я, напэўна, выбег бы з хаты.
— Пачакай. Куды бегчы? Куды вочы глядзяць? Так мы яго не хутка знойдзем. Казалі, што яго бабка Тэкля бачыла. Спытаемся ў яе, дзе бачыла, у якім месцы. Там і будзем шукаць.
— А я думаў, што касманаўт каля самай вёскі. Значыць, да бабкі Тэклі цяпер?
— Не, — сказаў Міхась. — Трэба Наташу пачакаць. Яна ў горад паехала. Маці хоча ёй паліто купіць.
— Да самага вечара давядзецца чакаць, — кажу Міхасю. — Хадзем без Наташы!
— Не. Я слова даў, што пачакаю яе. Прыйдзецца пацярпець.
— Калі даў слова, то прыйдзецца, — неахвотна згадзіўся я.
У БАБКІ ТЭКЛІ
Вечарэла, калі мы ўтраіх пайшлі да бабкі Тэклі. Бабка Тэкля жыла не ў самой вёсцы, а воддаль ад яе. Як у нас кажуць, наводшыбе. Жыла яна адна. Муж пасля вайны ад ран памёр, а сыны параз’язджаліся. Старэйшы служыў афіцэрам у арміі, а малодшы працаваў ажно на Поўначы. Бабку Тэклю мы вельмі любілі. Каля яе хаты рос вялікі сад, і яна не раз частавала нас яблыкамі. Сама стрэне на дарозе, прывядзе ў сад: «Збірайце ападкі. Частуйцеся». Бывала, і ў кішэні накладзеш, і за пазуху. Ні крыку, ні лаянкі мы ад яе аніразу не чулі. Нам пашанцавала. Бабка Тэкля была дома. Яна сядзела на парозе, падпёршы рукамі галаву. Мы адчынілі веснічкі. — Бабка Тэкля, добры вечар, — здалёку гукнуў я. — Не ведаю, ці добры ён будзе, — уздыхнула бабка Тэкля. — Чаму? — А што, калі той страхалюд да мяне прыпрэцца? — Вы пра касманаўта кажаце? — вырвалася ў мяне. — А пра каго ж яшчэ. — А вы яго бачылі? — Як цябе цяпер. Каля Дворнага Саду гэта было. Ужо шарэць пачало. І тут вылазіць з кустоў. Ну рыхтык жаба. Вочы пукатыя, сам зялёны. Як жабарэння на сябе начапіў. Я адразу змікіціла, што адзежа такая ў яго. Лыпнуў на мяне вачыма і назад у кусты. Ажно затрашчала, як паляцеў. А я, каб болей страху яму нагнаць: «Ого-го-о-о… О-гу-г-у-у…» — А самі не спалохаліся? — пацікавіўся Міхась. — Задрыжэлі ногі,— прызналася бабка Тэкля. — Гэта ж не жартачкі: такога страхалюд а ўбачыць! — Можа, хто хацеў напалохаць вас? — пытаюся. — Каму я патрэбная. Я ж не дзеўка. А перад гэтым яшчэ некі апарат ляцеў. Ціха-ціха ляцеў. Я перш падумала, што мо шар, якім надвор’е мераюць. Пасля дайшло, што той страхалюд на ім прыляцеў. «Апарат ляцеў…» «Бабцы Тэклі здалося, што шар, — разважаў я. — Але ж яна добра не прыглядалася, дый цямнець пачало. Хіба магла заўважыць, якой ён формы? Што ж там было? А калі лятаючая талерка? Лятаючая талерка. Талерка… Так і ёсць. Лятаючая талерка. Вось і ў газетах пішуць, што не раз людзі бачылі лятаючыя талеркі. І ў нас бачылі, і Ў другіх краінах. Думаюць, што іншапланецяне на такіх талерках ляцяць. Памыляюцца яны. Няма іншапланецян. Гэта, відаць, жыхары Эльдарада прылятаюць. Чамусьці не хочуць нам паказвацца. Прылятаюць, як у разведку. Паглядзяць, паглядзяць — і назад. Зноў у Эльдарада. А цяпер нейкая бяда ў іх. Нездарма запіску падкінулі. Хочуць, каб мы дапамаглі, і ўсё роўна хаваюцца. Асцярожныя. Вось і бабка аднаго напалохала. Яна думае, што амерыканца. Не. З Эльдарада той чалавек усё-такі…» Спяшаючыся, я расказаў пра сваю здагадку Міхасю, Наташы і бабцы Тэклі. — Я таксама думаю, што ён з Эльдарада, — падтрымала мяне Наташа. А бабка Тэкля разважала па-свойму: — Мне без разніцы, хто ён. Але чаму па кустах брындаецца? Скора гэтыя касманаўты некаму на голаў сядуць. — Раней, напэўна, спакайней было? — пацікавіўся я. — Раней другое было. Вадзянікі, русалкі, лесавікі. Людзі газет, як цяпер, не чыталі. Ва ўсялякіх нячысцікаў верылі. Вось і лезлі розныя страхі ў вочы. Помню, мая маці расказвала, як вадзянога быка стрэла. Траву на балоце- 1
- 2
- 3
- 4
- 5
- . . .
- последняя (57) »