Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Мікалаевіч Якімовіч >> Сказки для детей и др. >> Эльдарада просіць дапамогі >> страница 4
жала. Раненька было, туман, як малако, па балоце разліўся. Нажала маці травы, напхала ў мех. Толькі кранулася, каб ісці,— чуе: «У-у… у-у…» Працяжна гэдык, глуха. Глянула ўбок — вадзяны бык каля куста. Невысокі, на нізенькіх нагах. А ногі ў яго, як лапы ў жабы. Галава вялікая-вялікая. Быццам калода ці цэбар. Перавярнуўся на спіну і гэтымі нагамі-лапамі па жываце сябе шлёпае: шлёп-шлёп. І крычыць: «У-у… у-у…» Маці казала, што зашлёпаў бы, каб не ўцякла.

— Дык гэта ж лягушка-жарлянка, — здагадаўся я. — Яна гэтак крычыць. Нам пра яе на ўроку заалогіі расказвалі.

— Але, — падхапіла Наташа, — жывот у яе чырвоны, у сініх кропках. Ен атрутнаю сліззю пакрыты. Убачыць жарлянка бусла і на спіну перакочваецца, жывот свой паказвае. Маўляў, не кранай мяне.

— Бабка Тэкля, можа і вам цяпер падалося, як некалі вашай мацеры? — запытаўся Міхась.

— А хто яго ведае, — нечакана прамовіла бабка Тэкля. — У мяне сёння ўсё ў галаве пераблыталася. Пайду свінчо пакармлю. Зусім забылася.

— Бачылі вы яго ці не бачылі?

— Адчапіцеся, саколікі. Сама не ведаю. Бабка Тэкля ўстала і пайшла ў хлеў.

— Ен каля Дворнага Саду выскачыў? — гукнула Наташа.

— Не ведаю. Усё пераблыталася, — пачулі мы ў адказ.

— Чулі? — звярнуўся да мяне і Наташы Міхась. — Са страху бабцы Тэклі здалося, што таго страхалюда ўбачыла.

— Старэнькай бабцы паверылі,— ўздыхнуў я.

НОЧЧУ КАЛЯ ДВОРНАГА САДУ, АЛЬБО ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З НАТАШАЙ

Мы хацелі ісці дамоў, але Наташа распачала спрэчку:

— Дык не верыце, што ёсць Эльдарада, што касманаўты ёсць, што бутэлечная пошта ёсць?

— Табе толькі з бабкай Тэкляй сябраваць, — сказаў Міхась Наташы.

Пакрыўдзілася Наташа. Яшчэ як пакрыўдзілася!

— Не верыце? — яна ледзь не плакала. — Я цяпер жа пайду ў Дворны Сад і знайду таго невядомага. Дакажу…

Не думаю, што Наташа пайшла б у Дворны Сад, калі б Міхась масла ў агонь не падліў.

— Пойдзеш? І свайго эльдарадаўца да нас прывядзеш? Пад ручку? — прамовіў са здзекам.

— Да вас не прывяду. Ен з вамі размаўляць не захоча. Вы, вы… Бабы ў штанах.

Павярнуўшыся, яна шпарка пакрочыла па дарозе.

Вось дык Наташа! Узнагародзіла нас мянушкаю! «Бабы ў штанах…» Няўжо мы так на іх падобныя?

— Глянь, пайшла! У Дворны Сад! — вырвалася ў мяне.

— Пайшла, — заморгаў вачыма Міхась. Няёмка яму стала. Што ж, лішняга ён нагаварыў. Да Дворнага Саду было два кіламетры, не меней.

Спачатку трэба было ісці праз поле, да рэчкі, і ўжо далей, паўз рэчку, дарога вяла проста да Дворнага Саду.

Дворным Садам называюць у нас былую панскую сядзібу. Некалі, як расказвалі старэйшыя, у Дворным Садзе стаяў вялікі панскі палац. А вакол палаца быў прыгожы парк з сажалкамі, дзе гадаваліся карпы, карасі.

Цяпер ад палаца засталіся толькі напаўразбураныя сцены, густа парослыя кустамі. Да падмурка вядуць ўтравелыя дарожкі між старых ліп. Скрозь у Дворным Садзе зараснікі бэзу, дзікай шыпшыны. З гэтых кустоў іншы раз і днём нялёгка выбрацца. А цяпер, калі цямнее, калі шэры паўзмрок ахутаў наваколле?..

— Наташа, вярніся! — крыкнуў я. А яна нават не павярнулася.

— Яе цяпер і на веласіпедзе не дагоніш, — прагаварыў Міхась. — Пайшлі за ёю. Нядобра адну пакідаць.

І мы пайшлі за Наташай.

Вось яна павярнула на поле. Праз поле да рэчкі — гэта мы добра ведалі — вяла ўтаптаная сцежка. Ды ў цемры не заўважылі, мінулі яе. Вяртацца назад, шукаць тую сцежку не было калі. Наташа ўжо даволі далёка адышлася ад нас. Месячы чаравікамі коўзкую зямлю, пайшлі напрасткі. Зямля прыліпала да падэшваў, чаравікі сталі як пудовыя, мы ледзь выцягвалі ногі. Здавалася, што полю не будзе канца.

— Наташа! — галёкнуў Міхась. Наташа не азвалася.

— Каб спынілася, то адразу прабачэння папрасіў бы, — цяжка сапучы, прамовіў Міхась.

Нарэшце выйшлі да ракі, на дарогу. Хутчэй, цяпер можна хутчэй. Там, удалечыні, у змроку, маленькая Наташына постаць.

— Дворны Сад ужо недалёка, — глуха прагаварыў Міхась.

— Не. Яшчэ далёка, — кажу я.

— Табе проста здаецца. Сёння туман па зямлі сцелецца. У такое надвор’е дрэвы заўсёды здаюцца больш аддаленымі.

— Я пра гэта не чуў.

— Закон оптыкі трэба ведаць. Ад дрэваў адбіваецца святло, а туман яго рассейвае. Таму дрэвы меней асветленыя. Вось і здаецца, што яны знаходзяцца далёка ад нас.

Па праўдзе сказаць, мяне цяпер не цікавіў закон оптыкі. Лепей я фільм па тэлевізары паглядзеў бы.

Вёска далёка ззаду, здзічэлы панскі парк наперадзе.

— Пабеглі,— прапанаваў я Міхасю. — Дагонім Наташу, назад вернем. Калі і прабачэння папросім, то карона з нас не спадзе.

— Пабеглі.

Мы пабеглі, пазіраючы наперад. Дзе ж Наташа? Ага, здаецца, вунь, на ўскрайку парку спынілася, стаіць. Усё-ткі баіцца ісці ў парк.

— Стаіць. Бачыш?

— Угу, — выдыхнуў Міхась.

— Хай крыху палекаціць. Хутка сама вернецца. Мы спыніліся. А Наташа ўсё стаіць, чамусьці не вяртаецца назад. Няўжо ёй зусім не страшна?

— Трэба клікаць, — сказаў Міхась.

І ў гэты момант да нас данёсся крык, тоненькі-тоненькі: «О-о-ой!» Гэта, я мог прысягнуць, крычала Наташа.

Мы з Міхасём як аслупянелі. Не ведаю, як у Міхася, але ў мяне валасы на галаве, здалося, падняліся.

Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась.

— Ты чуў?

— Чуў. Наташа крыкнула.

— А дзе яна? Дзе? Яна стаяла там. Цяпер няма. Сапраўды, там, дзе мы нядаўна бачылі Наташыну постаць, цямнеў здзічэлы кустоўнік.

СУСТРЭЧА З ЧАЛАВЕКАМ-ЖАБАЙ

— Што будзем рабіць? — запытаўся Міхась. Я паціснуў плячамі.

— Схаваемся і будзем назіраць за паркам, — кажу я. — Магчыма, заўважым кагосьці. Нам пакуль нельга туды ісці.

— Чаму гэта?

— А калі і нас там схопяць? Хіба не разумееш? Міхась уздыхнуў.

Мы прыселі і пачалі назіраць за паркам. А ў парку хоць бы сучок трэснуў.

— Пакрычым? — нахіліўся да мяне Міхась.

— А калі той, што Наташу схапіў, сюды прыйдзе?

— Марозік, а мы не верылі ёй, — сказаў Міхась. — Смяяліся. Той, з Эльдарада, яе схапіў. Мы вінаватыя.

Так, вінаватыя. Што ж рабіць? Што? Вярнуцца ў вёску і паклікаць людзей? Вядома, людзі прыбягуць, калі даведаюцца, што здарылася. Але ці не наробім гэтым самым яшчэ горшай бяды? Тыя альбо той (хто ведае, колькі іх там) таксама ў шапку не спяць. Падымуцца і паляцяць. Хіба ім доўга? І Наташу з сабою забяруць. І мы ўжо ніколі не ўбачым яе.

На мае вочы набеглі слёзы. Я выцер іх рукавом і звярнуўся да Міхася:

— Трэба ў Дворны Сад ісці. Пакуль не позна. Трэба выратаваць Наташу.

— Трэба, бо пасля хоць з вёскі ўцякай. Што мы людзям скажам?