Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Поэзия >> На высокім алтары >> страница 2
У нейкім дзіўным неспакоі
Гляджу на голле яблынь, вішань
I так нясцерпна, аж трымчу,
Убачыць цвет на іх хачу,
Каб тут жа, зараз, буйна-пышпа
Укрыўся квеценню мой сад,
Хоць разумею, бачу сам:
Яшчэ пупышкі ледзьве-ледзь
Крануліся насустрач лету,
I што не мог ён заквітнець
Так хутка, раптам, што для цвету
Патрэбна сонца, дождж патрэбен,
І божы гром, і... наш малебен.
1992

Месячнай ноччу


Ну, вядома ж, я не мог праспаць
Гэту поўню над прасторам сонным,
Што даспелай збажыной прапах,
Гэты цвыркуновы найгрыш сольны,
Гэты першы ветрык, што гуляць
Выбег з логу, чуючы дасвецце...
I вачэй тваіх чароўны бляск,
I твой голас, найпяшчотны ў свеце...
1992

* * *


Як чужыя, рассталіся ўранку:
Без пагляду, без поціску рук.
На бязлюдным пероне паўстанку
Замірае ў грудзях перастук.
Пачувапне такое, нібыта
Горка-прыкрае сталася штось.
На завоях капрызнага быту
У калёсах надтрэснула вось.
Мы — чужыя? Пачуй-падзівіся!
I — заўсёды? Ці — толькі цяпер?
Разбуры свой сусвет — і згадзіся.
Перакрэслі жыццё — і павер.
Ну, нічога, нічога, нічога...
Там, дзе вечная ноч апаўе,
Нашы душы асвецяцца ў Бога
I сустрэнуцца зноў, як свае.
1992

Нонсенс


Што не захочаш ты, каб да цябе
Мая душа ляцела з падарожжа,—
Я не паверу.
Быць таго не можа!
I што сярод натоўпу не мяне
Шукацьмеш ты гарачымі вачыма,—
Я не паверу.
Гэта — немагчыма!
I што адмовішся ад усяго,
Чым мы шчаслівіліся з божай ласкі,—
Я не паверу.
Гэта — д'ябла казкі!
Што свет дзівосны, створаны для нас,
Для нас жа стане пеклам невыносным,—
Я не паверу.
Гэта — поўны нонсенс!
1992

* * *


Мілая! Што ты ў мяне адабрала!
Ці разумееш ты гэта сама?
Штосьці такое, што сэнсу не стала.
Што ні задумаю — сэнсу няма!
Мілая, мілая! Гэта — бязбожна.
Тое, чаго мне цяпер не стае,
Траціць ні ў якім выпадку няможна:
Шчасця у вочы глядзець у твае.
1992

* * *


...І я не чуў, як плача сэрца
Тваё... Цяпер кажу: ну, што ж —
Карай! Карай!.. Хоць, можа, усё ж
I не прапашчы я зняверца.
А ты... і ў чорным-чорнай скрусе
Адным трымціш, адным жывеш:
Каб толькі ўчуў-пачуў мой верш,
Як плача сэрца Беларусі.
1992

* * *


Калі пагасаць я пачну —
Не плач ты надрыўна:
Не будзе мне страшна ў труну,
А будзе мне крыўдна,
Што ў тайнах аблічча твайго
Шчасліва і ўдзячна
Ніхто не разгледзіць таго,
Што мне было бачна.
1992

* * *


Заложнік вечны мары ілюзорнай,
Я асаджаўся на зямлю не раз —
Каб вызваліцца мог ад звабы зорнай
I за ратунак не прымаў міраж,
Каб сам сказаў: «Бывай, дзівачка-мара!
Людзей і Бога болын я не смяшу!..»
А я... малюся ёй, каб уздымала
Яшчэ вышэй, вышэй маю душу.
1992

Над Лескавіцкім возерам


Над Лескавіцкім возерам
Спакой і цішыня.
На вецці вербалозавым
Павісла стома дня.
Вячэрняя сутонніца
Нячутна мроі тчэ.
А вусны не натомяцца —
Яшчэ, яшчэ, яшчэ!
Вялікая Мядзведзіца
Заснула на вадзе.
А вочы не нагледзяцца —
Іх стома не звядзе.
Пад іх шчаслівым позіркам
Устане, як дымок,
Над Лескавіцкім возерам
Світальны туманок.
Пасля і промень выблісне —
Азорыць зырка плёс.
I плёс, і мой не выснены,
Мой неспадманны лёс...
Той першы промень сонечны
Душу навек працяў.
Мой снежны ранак сённяшні —
Не памяць, а працяг.
Адкуль жа боль запознены,
Што не стрымаў зару?..
На Лескавіцкім возеры
Аднойчы я памру.
1993

НАД БЯЗДОННЕМ ІДУ...

* * *


Каменні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ не хапала чаго!
Ёсць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных пакут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на іх ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, падобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры.
Не бойся натхнёных хлуснёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
I чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславенне табе!»
1985

Над бяздоннем


Над бяздоннем іду —
Па вузенечкай кромцы ля стромы...
Што, прайшоўшы, знайду?
Чым пакліканы ў шлях незнаёмы?
Над бяздоннем