Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Поэзия >> На высокім алтары >> страница 3
іду...
Там, унізе, раскацісты рогат —
Д'яблы мелюць ваду
На страшэнных каменных парогах.
Над бяздоннем іду.
Там патокі. Там пара клубіцца.
Хоць гукні грамаду —
Галава пачынае кружыцца.
Над бяздоннем іду.
Здрадны страх зацінае дыханне.
Крок яшчэ — і ўпаду...
Іншы хтосьці уславіць каханне.
1990

* * *


Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат.
Таму — не снуй перад вачыма.
Не корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
1990

На краі дажджу


Вы зведалі гэта —
У розгары лета
Пабыць неспадзеўна
На краі дажджу?
Вы скажаце, пэўна,
Што вам давялося
Не раз і не двойчы
На краі бываць —
На краі бяздоння,
Над чортавай прорвай,
На краі знявер'я
I роспачы чорнай,
На краі няшчасця
I нават на краі
Уласнай магілы
Стаялі...
Ну, што ж!
Ну, добра, ну, значыць,
Ваш лёс літасцівы,
Але — ці былі вы
На краі дажджу?
Як не — то паверце,
Не можаце знаць вы,
Што робіцца з сэрцам
На краі дажджу.
I я вам жадаю
Не вечнага раю —
Жадаю імгнення
На краі дажджу!..
1991

Балада


На світанні, ледзь заднела,
Нібы пабудка,
Загугукала на дрэве
Дзікая галубка.
Ды чамусьці так трывожна,
Так журботна-скрушна —
Што было ніяк няможна
Слухаць раўнадушна.
Хоць спытай у шызакрылай:
Дзе ўзялося зрання
Столькі жалю, столькі крыўды,
Столькі наракання?
Хто пачуць яе павінен
I чаму не чуе?
I чаму ён галубіне
Песень не буркуе?
Можа, ён душой бяздольнай
З іншым краем зросся?..
Не, ён роднага гняздоўя
Не забыў, не зрокся.
На драпежнай дзюбе ў полі
Кроў яго скіпела.
Бо ён надта верыў волі,
Надта лётаў смела.
1991

Жаўраначка


Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, гляньце: жаўраначка!
Першая-найпершая
Вястуння весніх дзён.
Як яна трапечацца!
Не бачыце?!
Не бачыце!..
I гледзіцё паблажліва:
«Ці не спрасонку ён?
Адкуль ёй быць, калі яшчэ
Мароз сярдуе і пячэ,
I сівер дзьме, што не спярпець,—
Зарана жаўранцы ляцець!»
Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, чуйце: жаўраначка!
Ой, як захліпаецца
Званочак залаты!
Як яна заходзіцца!
Не чуеце?!
Не чуеце!..
I гледзіцё насмешліва:
«Ну і дзівак жа ты!
Адкуль ёй быць, калі наўкол
Яшчэ засланы снегам дол
I сосны ў шэрані стаяць,—
Зарана жаўранцы спяваць!»
Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, верце: жаўраначка!
Хай сабе — не бачыце,
Не чуеце,— ну, што ж!
Так бывае, мілыя.
I я на вас не крьгўджуся.
Бо Жаўраначка,
Жаўраначка
Прыляцела ўсё ж!
1991

Перад люстэркам


Мо даняла паняверка,
Можа, хто крылы падсек?
Пільна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
Тонуць набеглыя цені,
Нікнуць у сховах чуцця.
«Божа, які летуценнік!
Божа, якое дзіця!..»
Сутарга раптам на твары —
Болю пакутнага след.
«Божа, якая пачвара!
Божа, які прайдзісвет!»
Лепш бы зусім не глядзеўся!
Лепш бы не бачыў сябе!
Дзе ж той акрылены дзеўся —
Вымыты ў сонца сяйве?
Мо даняла паняверка?
Можа, хто крылы падсек?..
Сумна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
1991

На ўзгорку


На ўзгорку, на сіверным ветры,
Стаіць ён, ад шляху наўзбоч,
I ўдалеч, дзе лес пракаветны,
Глядзіць, не адводзячы воч.
Стамлёны душэўным разладам,
З надзеяй глядзіць і з тугой.
А што там, за тым даляглядам?
За тою сівою смугой?
Там вёсачка недзе ў бярозах,
I хата на ўскраіне там...
Ах, колькі разоў ён у крозах
Заходзіў туды, як у храм!..
Што ж сёння душа яго ў траўме?
Што мроіцца зараз яму?
Ці, можа, вяртаецца ў травень —
На споведзь юнацтву свайму?
Ці чуе, як сіверам клятым
Да сэрца крадзецца зіма?..
А што там, за тым даляглядам,—
Адказу няма і няма.
1992

Як доўга?


Як доўга ў сэрцы горкі боль
Ператвараецца ў атруту?
За дзень? За месяц? Ці за болып?
А можа — толькі за мінуту?
Залежыць — як усчаўся ён:
З якой бяды, з якіх