Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Блакітны зніч [Лірычнае] >> страница 3
сям-там па памяці. Слова тое, як i некаторыя іншыя выступленні, з нейкіх «вышэйшых» меркаванняў, не друкавалася нават у «Літаратуры i мастацтве», i таму захацелася даць яго тут, «лірычным запісам».

«Дарагія сябры!

Друкавацца пачаў я напрадвесні трыццаць восьмага года, у віленскім «Шляху моладзі», у Саюз пісьменнікаў прыняты вясной сорак пятага, першы зборнік апавяданняў выйшаў у канцы сорак шостага. Дзіўна i ледзь не смешна бывае, колькі пражыў перажыў!.. Збоку можа лічыцца, што ўсё было ў асноўным гладка, але ж гэта не так. Выпрабаванняў хапала. Выпрабаванні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту i калібру. Выпрабаванні яўным i тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася «галоўлітам», i рэдактурай, якая была па сутнасці цэнзурай, часамі нават больш паспяхова замяняла яе. Было сякое-такое выпрабаванне славай i адносным дабрабытам, які апраўдваўся не творчымі заслугамі, а меркаваннямі іншага характару. Словам — хапала ўсяго.

Сёння ў нас зноў жа выпрабаванне, можна сказаць, вялікае выпрабаванне нашай жыццяздольнасці, патрэбнасці народу-чытачу. Калі было горш, калі будзе яшчэ горш — невядома. «Давлеет дневи злоба его» — даўно i мудра сказана.

Што я вынес за такі немалы час прысутнасці ў роднай літаратуры, што самае надзейнае, галоўнае для пісьменніка? Гэта радасці творчыя, радасці барацьбы за сумленнае слова, радасці за поспехі сяброў i ўсёй нашай літаратуры. Усё іншае абцярушылася, асыпалася, адышло ў нябыт.

Мы бачым, як адбываецца пераацэнка вартасцей, як нешта адыходзіць бясследна, а нешта застаецца нацыянальным здабыткам i скарбам. Вельмі прыемна, што літаратурай у нас цяпер займаецца непараўнана больш людзей, чым гэта было адразу пасля вайны. Калі нас з Мележам 10 мая 1945 года прымалі ў Саюз, мы былі па ліку, здаецца, сорак трэцім i сорак чацвёртым. Так была вынішчана родная літаратура. Трохі сяброў яшчэ не вярнулася з вайны, а пра тых, якія працавалі ў дваццатых-трыццатых гадах, мы ведалі толькі па асцярожных апавяданнях некаторых старэйшых сяброў...

Успамінаю шчасце майго жыцця, — як я ў прыцемным, цесным пакойчыку сядзеў у нагах раскладушкі, на якой ляжаў недабіты следчымі Кузьма Чорны, а я не прымаў ад яго павучанне, але прычашчаўся захапленнем задачамі літаратуры, красою, вартасцю роднага слова... Пазней мне ў групе маладых сяброў у Каралішчавічах пашанцавала мець гутарку... не, проста слухаць Якуба Коласа, які расказваў нам, як у трыццатых ён тры гады спаў не распранаючыся. Можна сабе ўявіць, які гэта быў сон, якая бяссонніца ў бясконцай катарзе чакання...

Цяпер — паўтаруся — радасна бачыць, колькі ў нас маладых, таленавітых сяброў ды сябровак. Каб ведаць ix, трэба многа чытаць. Вядома ж, няма нейкай суцэльнай, элітнай таленавітасці, трэба яшчэ шукаць ды знаходзіць сапраўднае. Аднак, радасна тое, што гэты наш, калі пакарыстацца вайсковай тэрміналогіяй, асобы батальён, звыш пяцісот чалавек, усё-такі ў уніформу не апранеш i строем грукаць кірзачамі ды гарлапаніць шчаслівую песню яму не загадаеш. Ёсць каму вольна, высока трымаць сцяг беларускай літаратуры, несці далей свяшчэнны агонь роднага слова. Я маю на ўвазе не толькі членаў Саюза пісьменнікаў у нас ёсць літаратары, што не надта імкнуцца ў гэты саюз, аддаюць перавагу, як гаворыцца, «свабоднай творчасці», ёсць у нас дасягненні i ў літаратараў, што пісалі i пішуць бліжэй i далей за межамі Беларусі. Усё гэта — адна літаратура, беларуская. Абы яна была сапраўднай, якаснай.

Той нашай творчай моладзі, якая справай літаратуры займаецца з чыстым сэрцам i чыстымі рукамі, якая ўмее, можа i добрыя кнігі пісаць, i добрыя часопісы выдаваць, хочацца ад душы пажадаць далейшых поспехаў.

У нас ёсць літаратура. У нас яна будзе — вялікая беларуская літаратура на нашай багатай ды прыгожай, несмяротнай мове.

Дзякую вам за ўвагу».

...Не напішаш, а потым штосьці важнае i не скажаш, забудзешся.

Так я забыўся прывесці народнае: «Ніводзін разумны бацька не б'е дзяцей па галаве», што меўся адпаведна дапасаваць да сучаснасці...


* * *
Колькі часу прайшло, праходзіць напуста!.. Сон, калі ён служыць, дык хоць жа на здароўе. А панылае ныццё, нізкая пустадумнасць, бязвольнае, цягучае чаканне?..


* * *
Ці не чытаючы — нарэшце — «Два капітаны» Каверына, жыва ўявіўся інтэлігентны, разумны, добра выхаваны юнак i ўвесь жах крывавага рэвалюцыйнага хамства, якога яму было не зразумець...

Брат Максіма Багдановіча Лёва, таленавіты матэматык, паранены афіцэр, якога рэвалюцыйная салдатня, сарваўшы з койкі, выкінула з высокага акна, здаецца, кіеўскага лазарэта... Максім памёр, пра гэта не ведаўшы...

Л., якога памятаю са школы як ціхага, памяркоўнага хлопца, сілаю ўзяты ў чорную паліцыю, у тую ноч, калі дзве нашы брыгады грамілі гарнізон Міра, якраз стаяў на пасту каля пастарунка i быў без шуму зняты партызанскімі першапраходцамі. На самым пачатку сваёй прымусовай службы...

Успамінаецца гэта, кожнае іншым разам, з пабудак проста чалавечнасці, цвярозай у мірны час.

A жахлівая лічба забітых або знявечаных «дзедаўшчынай», пра што гаварылася днямі па маскоўскай тэлеперадачы «Свабода слова»?..

A жахі ў Чачні? Не дзелячы людзей на ворагаў, «тэрарыстаў» i «патрыётаў»?..


* * *
Прыйшлося выступіць на прэзентацыі «Дзеяслова». Сказаў пра сваю (i не толькі маю) прывычку глядзець, чытаць новы нумар якога-небудзь часопіса — з канца. Асабліва часта рабілася так, калі «Новый мир» рэдагаваў Твардоўскі. Абавязкова цікавы артыкул, нарыс, успамін, — што называецца дакументальнае. Так у мяне адбылося i з «Дзеясловам».

За гэтую прывычку я быў узнагароджаны двойчы, — артыкулам Пятра Васілеўскага (сына) пра мастака Міхаіла Савіцкага i эсэ-партрэтам Анатоля Кудраўца пра Віктара Карамазава.

Артыкул напісаны з належным веданнем прадмета, без асцярожнасці або i боязі звязвацца з недатыкальным аўтарытэтам. Слова такое добра сведчыць пра свабодную прынцыповасдь i аўтара, i часопіса.

А эсэ пра сябра — шчыра пераканальная гаворка пра патрэбу, неабходнасць сапраўднай чалавечай i творчай дружбы, якой у нас так мала. Напісаць партрэт з жывога «натуршчыка» — значна лепш, чым потым успамінаць яго i, як казаў пра гэта Чэхаў «обязательно наврать».

Пажадаў «Дзеяслову» ахвотна ды ўдзячна чытацца i з пачатку, i з канца.


* * *
На шаўчэнкаўскім свяце ў маі 1989 года ў складзе міжнароднай дэлегацыі з Румыніі быў паэт Груя. Ён гаварыў мне, калі пазнаёміліся, што ахвотна перакладаў бы Танка, каб не яго псеўданім... Зноў жа ў падтэксце «братнія» танкі ў Чэхаславакіі...


* * *
Кніжны здымак стомленага класіка за рабочым сталом i подпіс: «Адзін на адзін са