Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Карпюк >> Современная проза и др. >> Выбраныя творы

Аляксей Карпюк Выбраныя творы

Серыя 1. Мастацкая літаратура


БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР


Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Заснавана ў 1996 годзе

Укладанне, прадмова, каментар Аляксандра Фядуты

Выдавецтва выказвае шчырую падзяку родным і блізкім Аляксея Карпюка за важкі ўклад у выданне гэтай кнігі.

© Карпюк А., 2007


Выбраныя творы / Аляксей Карпюк; Уклад., прадм., камент А. Фядута. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 600 с. [8] с: іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

ІSВN 978-985-6852-15-5.


© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год 

У ЗМАГАННІ ЗА ПРАЎДУ


За значнымі пісьменнікамі ў чытацкай свядомасці замацоўваецца слава «песняроў роднага краю». Кожны чытач пацвердзіць, што месца дзеяння раманаў Міхаіла Шолахава — родная станіца Вёшанская, што колькі б ні апісваў Іван Тургенеў рускую вёску — усё роўна выходзіў на Спаскае-Лутавінава і ваколіцы; нарэшце, зразумела, які яскравы матэрыял далі Палтаўшчына маладому Мікалаю Гогалю, а Стаўбцоўшчына — Якубу Коласу. Не варта гаварыць пра сусветна вядомых пісьменнікаў-«рэгіяналаў» — прыкладам, пра шатландцаў Роберта Бёрнса і Вальтара Скота ці пра жыхара Праванса Альфонса Дадэ.

Асаблівы выпадак — Уільям Фолкнэр. Ён прыдумаў свой рэгіён, падобны і непадобны адначасова на яго радзіму, але ў любым выпад-ку абсалютна пазнавальны. Ёкнапатофа Фолкнэра — гэта маленькі амерыканскі гарадок, які адсутнічае на геаграфічных картах, але існуе на старонках фолкнараўскіх кніг — са сваёй тапаграфіяй, са сваімі вуліцамі і дамамі ды іх насельнікамі.

Аляксею Карпюку не трэба было нічога выдумляць. Большую частку свайго жыцця ён пражыў у Гародні, сталіцы Заходняй Беларусі, і пераўтварыў гэты горад у сваю Ёкнапатофу — цэнтр сваёй літаратурнай карты. I калі чытаеш яго кнігі, адчуваеш сябе экскурсантам, якога вядзе па Гародні разумны і ўважлівы гаспадар гэтай зямлі, які ведае ўсё і ўсіх навакол.

Аднак Аляксей Карпюк нарадзіўся не ў Гародні. Яго «малой радзімай» была вёска Страшава Беластоцкага ваяводства ў Польшчы (паводле польскіх дакументаў — Ваўкавыскі павет). Беласточчына спрадвеку заселеная этнічнымі беларусамі, і бацька будучага пісьмен-ніка, Нічыпар Аляксеевіч Карпюк, быў адным з іх. У хаце гаварылі на той характэрнай для Заходняй Беларусі сумесі пераважна беларускай і польскай моваў, на якой загавораць пазней героі аднаго з лепшых раманаў Карпюка — «Вершалінскага раю».

Сям'я была не вельмі заможная, працаваць даводзілася многа. Сам пісьменнік у аўтабіяграфічным нарысе «Мая Джамалунгма» прыгадваў: «Мы мелі 18 гектараў зямлі і 13 — балота. Зямля была пясчаная, камяністая, — каб невядома якая ліла навальніца, а лужаў не бывала нават у барознах. I балота — суцэльны тарфянік. Наколькі я памятаю, мы заўсёды трымалі аднаго каня, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Зямлю абраблялі сваёй сям'ёй. Толькі часамі ў дажджлівую восень наймалі жанчын капаць бульбу.

Успамінаючы дзяцінства, я сябе амаль не бачу сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі запомнілася, як у спякотнае лета ные спіна, салёны пот засцілае вочы, а ты з перавяслам у руках з сумам і надзеяй пазіраеш на неба: калі ж, урэшце, пойдзе той дождж, каб можна было залезці ў бабкі, паляжаць... А то, памятаю, хацелася захварэць, каб адпачыць, выспацца».

Паводле ўспамінаў брата пісьменніка, Уладзіміра Нічыпаравіча, з маленства Аляксей імкнуўся да друкаванага слова. Сем кіламетраў ішоў штораніцы ў школу, сем — назад. Па дарозе чытаў.

Вучыўся Аляксей яшчэ ў польскай сямігодцы (закончыў у 1934 годзе). Прычым разумеў, чаго гэта каштавала бацькам: «Ішлі ў школу толькі тады, калі напасвім кароў. I ішлі не з аднымі кніжкамі. Кожны дзень мы неслі ў горад па 6-7 літраў малака. А з бутэлькамі гэта — паўпуда! Насілі дзень у дзень, зімой і восенню, і гэтак да сёмага класа.

У маім класе з сялянскіх дзяцей вучыліся толькі я ды Сашка Кандрусік з Гарадка, а рэшта былі сынкі польскіх чыноўнікаў, габрэйскіх фабрыкантаў, крамнікаў і іншай дробнай буржуазіі. Зрэбная кашуля, розныя гузікі на ёй, босыя ногі ці не так вымаўленае польскае слова выклікалі ў маіх аднакласнікаў насмешку.

Мною ў класе ганьбавалі. Настаўнікі глядзелі на мяне з цікавай варожасцю, як на выхадца са славутай вёскі, якую паліцыя называла «чырвоным гняздом». Я ўзненавідзеў і школу, і настаўнікаў, і тое, чаму яны вучылі».

Карпюк не перабольшвае. Навука для беларуса ў міжваеннай Польшчы была справай цяжкай — прычым не толькі ў матэрыяльных адносінах. Адзінкі — такія, як вядомы ў будучым на Гарадзеншчыне педагог Уладзімір Іванавіч Баран, — змаглі дамагчыся адукацыі і прызнання сваіх здольнасцяў. Я памятаю расповеды сваёй маці, па словах якой «пані навучыцелька» даймала яе ў школе: «Як то беларускае быдла можа ведаць польскую мову?!» Гэта не азначае, што падобных настаўнікаў была большасць, але падлетку, часам, хапае і аднаго, каб адчуць дыскамфорт ад навучання.

Карпюк апісаў падобны выпадак у аўтабіяграфічным апавяданні «Першы дзень у школе».

Але ж дыскамфорт адчувалі не толькі дзеці. 1930-я — гады найвышэйшага ўзроўню нацыянальнай напружанасці ў польскай дзяржаве. Беларуская меншыня, прадстаўленая ў Сойме групай дэпутатаў з фракцыі Грамады, якія ўсведамлялі свой абавязак, рабілася ўсё больш актыўнай. Польшча, якая сама толькі нядаўна атрымала незалежнасць на хвалі нацыянальнага руху і з цяжкасцю абараніла сваю цэласць пад націскам савецкіх войск (памятны «цуд на Вісле»), успрымала ідэалогію беларускага нацыяналізму як ідэалогію сепаратысцкую, якая магла прывесці да расколу польскай дзяржавы. Натуральна, што змірацца з гэтым ніхто не збіраўся.

Але нацыянальны рух — імкненне знішчыць кожны зародак «сепаратызму» — меў і свой адваротны бок — ён пераўтвараўся ў рух сацыяльны. Таму натуральна, што пры падтрымцы з усходу актывізаваўся і камуністычны рух — насамперш, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Актывістам КПЗБ стаў і бацька будучага пісьменніка. «Вера людзей была святой да наіўнасці, упартай да смерці, часамі гранічыла з сектанцтвам. I мой бацька ў сваёй веры быў цвёрды да слепаты, — піша Карпюк. — Ён рэвалюцыйны дух прынёс яшчэ з арміі, у вёсцы арганізаваў ячэйку кампартыі, потым — камсамола».

«Мая Джамалунгма» напісана Аляксеем Карпюком у 1964 годзе. Але нават пасля ўсіх непрыемнасцяў, якія напаткалі яго пасля публікацыі гэтага нарыса, ён яшчэ доўга будзе заставацца і ў гэтых адносінах вартым сынам свайго
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Ханья Янагихара - Маленькая жизнь - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс Борг - Секреты общения. Магия слов - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс Борг - Сила убеждения. Искусство оказывать влияние на людей - читать в ЛитвекБестселлер - Роб Янг - Сила личности. Как влиять на людей и события - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Пиперски - Конструирование языков: От эсперанто до дотракийского - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Фридман - Вы или хаос. Профессиональное планирование для регулярного менеджмента - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Кинг - Лидер и племя. Пять уровней корпоративной культуры - читать в ЛитвекБестселлер - Мариам Петросян - Дом, в котором… - читать в Литвек