Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Повесть >> Нічые [Нічые. Вёска. Рэвізія] >> страница 3
толькі маленькая, у два сляды сцежачка вяла да свінушніка. Пачуўшы, што ходзяць па двары, падаў голас кабан, і куры пачалі ціха перагаворвацца ў сваёй загарадцы. Вось і работа: расчысці снег, пакармі курэй... Цяпер гэта ўсё тваё.

У хатах, і ў меншай і ў большай, ішла з рота пара, было яшчэ халадней, чым на вуліцы. Антон пачаў пераапранацца, разуўся — нават у тоўстых шкарпэтках, на палавіку, доўга няможна было стаяць. Холад ішоў ад падлогі, з усіх шчылін, а найбольш, здавалася, ад няпаленай грубкі. Дый то: гэтая палавіна вялікая, на чатыры акны, яна ж і спальня — два ложкі паўз глухую сцяну, яна ж і «гасцёўня», «заля», бо тут тры стулы, раскладная канапа і адзіная фанерная шафа, дзе ўвесь матчын скарб. З усіх чатырох акон таксама цягнула холадам, хоць і ўстаўлены падвойныя рамы, і вата паміж імі. Скачучы то на адной, то на другой назе, Антон надзеў спартыўныя байкавыя штаны, нацягнуў світэр, яшчэ школьны, але зусім цэлы, з тоўстай воўны; толькі абуць не было чаго. Палез на печ, убачыў новыя бітыя валёнкі з галёшамі. «Гарадскую» куртку акуратна павесіў у шафу, туды ж склаў кашулі, світэры, пачысціў анучкаю чаравікі і запіхнуў пад ложак. Вось і ўся кансервацыя. Вяртанне да таго, з чаго выйшаў, адкуль так імкнуўся вырвацца.

«Нічога, не прападу!»

Стол у куце, абраз Святога Міколы, завешаны доўгай, да падлогі гардзінаю, тэлевізар, прыкрыты квятастым пакрывалам, збоку на стале — квадратнае люстэрка, абтырканае па краях віншавальнымі адкрыткамі... Васкевіч паглядзеўся ў яго, прычасаўся. Чорны світэр пасаваў да светлага твару, белых кароткіх валасоў. Васкевіч спадабаўся сабе — і знешне, і, галоўнае, сваім становішчам: што вось ён, «выгнаннік», «пакутнік за ідэю», сядзіць тут, у глухой вёсцы, няпаленай хаце, і наперадзе — пуста, ніякай пэўнасці. «Нічога, не прападу», — паўтарыў ён у думках камусьці, хто нібыта якраз дабіваўся і вось урэшце дабіўся, каб ён, Антон Васкевіч, прыехаў у глухамань, абуўся ў бітыя валёнкі і згінуў тут назаўсёды без следу.

Перш-наперш прынёс добры абярэмак дроў, навыбіраўшы сухіх, адных бярозавых, запаліў у грубцы. Ведаючы, куды едзе, што маткі можа не аказацца дома, ён яшчэ ў Мінску, у вакзальным буфеце купіў некалькі бутэрбродаў з сасіскамі і кавы ў пакеціках; цяпер перакусіў, зрабіў гарачай кавы, сеў на ўслончык перад грубкаю, закурыў і стаў глядзець на агонь. Спакой, расслабленасць, утульнасць пакрысе разліваліся па целе — разам з кожным глытком духмянай салодкай кавы, з кожнай зацяжкаю, — і думкі рабіліся нейкія млявыя, расслабленыя, нават не думкі, а адна думка, якую яму асабліва падабалася пракручваць: «Вы яшчэ пашкадуеце, будзеце прасіць... А цяпер — наце, як вы хацелі, так і раблю...»

Адпачыўшы, сагрэўшыся, пайшоў расчысціў ад снегу двор, вывеў шырокую сцежку ад веснічак да вуліцы («жэрдкі пагнілі ў плоце, схадзіць заўтра ў лес, прыцягчы новыя, замяніць — вось і занятак»). Выкаціў з дрывотні калодку, нашчапаў з маленькага смалістага кругляка лучыны («і лучыны ўжо няма, у лесе можна насекчы — вось і работа»). Калі пачалі брацца прыцемкі і куры палезлі на седала, закрываючы куратнік, агледзеў сцены («Сцены дзіравыя, трэба будзе абабіць дошчачкамі...»). Другі раз запаліў у грубе, налупіў чыгунчык бульбы, паставіў варыцца; тэлевізар уключыў...

Сцямнела.

І чым бліжэй надыходзіў час, калі павінна была прыйсці маці, тым больш яму зноў пачынала рабіцца неспакойна. Ён тупаў з большай хаты ў меншую, назад, адным вухам лавіў песню з тэлевізара, другім прыслухоўваўся, ці не рыпнулі веснічкі. Самае цяжкае, непрыемнае павінна зараз пачацца... Вядома, скорая сустрэча з маткаю і свае словы падчас гэтай сустрэчы былі ім прадуманы і падрыхтаваны даўно, але цяпер усё неяк рассыпалася, забывалася... Па-першае, што скажа сама маці? Добры дзень, сынок, дзякуй, што прыехаў? Не, не скажа такога... Уся вёска, нават Пульс, ведае, што прыехаў ён не на канікулы і не ў акадэмічны адпачынак, а выгнаны «за п'янства»!

Штораз ён выходзіў на двор, прыслухоўваўся. Ціха, толькі сабака недзе цяўкае, ды дымкамі пацягвае, ды неба свеціцца чырвоным далёка-далёка за лесам, у тым баку, дзе станцыя і горад, адкуль павінна ісці матка... Але вось рып снегу. Нейкім пачуццём Антон зразумеў, што ўсё, дачакаўся, вярнуўся ў хату, сеў перад грубкаю, дзе малінавыя вуголлі пераліваліся сінім, атухалі, паправіў чыгунчык з прыгарэлай ужо зверху бульбай. Скрыпнулі веснічкі, гупнула нешта на ганку — відаць, маці паставіла сумку з хлебам, купленым на станцыі, — пайшла не ў хату, а некуды: правяраць курэй, кабана, гаспадарку... Яго пабачыць не спяшаецца, што ж, нежаданы госць. Урэшце зноў крокі, бразнула клямка ў хату.

— Фу, дыхаць няма чым. Чаго ты так напаліў? «Вось табе і добры дзень, сынку!»

— Напаліў, бо холад быў сабачы. А ты ўсё дроў шкадуеш?

— Шкадую, яшчэ ўся зіма наперадзе!.. Не скідаючы паліта, хусткі, прайшла да стала, бухнула на падлогу сумку з хлебам, адкрыла тумбачку, убачыла бутэрброды, узяла сасіску, з'ела стоячы.


III


Васкевіч не бачыў маці з самага верасня. Божа, як яна за гэтыя месяцы пастарэла! Як паменела ростам!..

Скінула хустку, толькі цяпер абабіла каля парога мокрыя ад расталага снегу боцікі, зняла жоўтае асенняе паліто з жорсткім каўнерыкам, падоранае ёй некалі нявесткаю, якое маці апранала толькі ў «людзі» — едучы ў горад або, як цяпер, ходзячы на сваю работу. Яна працавала прыбіральшчыцаю на заводзіку пад горадам, радая была, што ўжо на пенсіі, а яе цэняць і не «сакрашчаюць», што хоць і капейкі плоцяць, затое работа лёгкая, усяго чатыры гадзіны ў змену, якія адрабі — і два дні дома. Антон ведаў, што, каб адрабіць гэтыя «лёгкія» гадзіны, яна падымаецца ў паўпятай раніцы, корміць гаспадарку, пораецца[2], у палавіне шостай выходзіць і праз лес, якім яны сёння ішлі з Пульсам, спяшаецца на станцыю, адтуль дызелем едзе ў горад, з горада зноў, ужо рабочым аўтобусам, дабіраецца да заводзіка к васьмі нуль-нуль раніцы. Такім жа шляхам вяртаецца назад, у вёску.

А як яна пасівела, як зморшчыўся, пацямнеў твар!.. Ну, на пенсіі, ну, цяжкая вясковая доля, — але ж, урэшце, беларускія бабы жывуць даўжэй за ўсіх на свеце, не ў пяцьдзесят жа пяць гадоў так старэць... Гэта была тая самая жанчына, маладая, прыгожая, стройна-тоненькая, у вышываным сарафане, якая ішла колісь з ім, малым Антонам, — вярталіся з далёкіх сотак... Лета, ён бегае па поплаве, стракатым ад розных кветак, ірве іх... Потым напіліся вады з крыніцы, і маці смяялася, што ён баіцца падыходзіць блізка, бо бераг дрыгвісты, не хоча нават глянуць, як вада сама высочваецца прама з зямлі... Як яна потым заспявала — радасна, галасіста, на ўвесь луг, нешта палескае, бо яна чыстая паляшучка, з Турава родам, смуглявая,
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Джон Перкинс - Исповедь экономического убийцы - читать в ЛитвекБестселлер - Людмила Евгеньевна Улицкая - Казус Кукоцкого - читать в ЛитвекБестселлер - Наринэ Юрьевна Абгарян - Манюня - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Парр - Вафельное сердце - читать в ЛитвекБестселлер - Юрий Осипович Домбровский - Хранитель древностей - читать в ЛитвекБестселлер - Элияху Моше Голдратт - Цель-2. Дело не в везении  - читать в ЛитвекБестселлер - Дэниел Гоулман - Эмоциональный интеллект - читать в ЛитвекБестселлер - Джейн Энн Кренц - Разозленные - читать в Литвек