Литвек - электронная библиотека >> Лонг и др. >> Классическая проза и др. >> Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою >> страница 2
крылатаму хлопчыку — яго імя было ім невядомае, — паслалі яны дзяцей пастухамі з чародамі, навучыўшы перад тым іх усяму: як трэба да полудня пасвіць, як трэба пасвіць, калі спёка ападае; калі гнаць на вадапой, калі гнаць назад у загон, на якую худобу пастухоўскага кія ўжыць, на якую — аднаго голасу. Дзеці з вялікай радасцю ўзяліся за работу, як бы ім высокую ўладу даручылі, і любілі коз і авечак больш, чым гэта звычайна водзіцца ў пастухоў, яна была ўдзячная авечцы за тое, што яе ўратавала, ён жа не забыўся, як яго, падкінутага, каза карміла.

9. Вясна была ў самым пачатку, і ўсе кветкі цвілі — у лясах, на лугах, а колькі іх было ў гарах; і ўсюды ўжо пчаліны гуд, птушыны шчэбет, гульні малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкі, у гушчары спяваюць птушкі. І як гожая пара года поўніла ўсё весялосцю, то і яны абое — маладыя, прывабныя — пераймалі ўсё, што чулі і бачылі. Чулі спеў птушак — і самі спявалі, бачылі скокі ягнятак — і самі лёгка скакалі, і, пчол наследуючы, збіралі яны кветкі, аднымі з іх убіралі сабе грудзі, з другіх плялі вяночкі і прыносілі ў дарунак німфам.

10. І ўсё яны рабілі разам, пасвячы блізка адно каля аднаго чароды. І часта Дафніс займаў авечак, якія разбягаліся, часта і Хлоя зганяла ўніз са скал вельмі адважных коз. А то адно з іх глядзела абедзве чарады, калі другое занадта захаплялася гульнёю. Гульні ж іхнія былі пастушыныя, дзіцячыя. Яна, назбіраўшы дзе-небудзь там бадылінак, пляла з іх пастку на цвыркуноў і за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкіх чароцін, пракруціўшы дзірачкі ў каленцах, злепліваў трубачкі адну з адною мяккім воскам і аж да ночы вучыўся іграць на сірынзе. Калі-нікалі яны дзяліліся між сабою малаком і віном і спажывалі разам полудзень, што бралі з сабою з дому. І хутчэй можна было бачыць асобна авечак і коз, чым Хлою і Дафніса.

11. Тым часам, калі яны бавіліся, Эрас учыніў ім такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракарміць сваіх малых, трэба было шмат яды. І вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалі яму — сажань у шырыню, чатыры ў глыбіню. Большую частку выбранай зямлі, аднёсшы далёка, раскідалі, а на яму наслалі сухіх доўгіх жэрдачак і прысыпалі рэштай зямлі, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калі б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якія былі слабейшыя за саломінкі, і тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлі. І хоць яны выкапалі шмат такіх ям па гарах і раўнінах, не пашчасціла ім злавіць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз і авечак зламалі сабе каркі, ды бязмала і Дафніс, а выйшла яно так:

12. Два казлы, раз'ятрыўшыся адзін на аднаго, схапіліся ў рожкі. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзін з іх зламаў сабе рог і, падскочыўшы ад болю, кінуўся ўцякаць; але другі, перамогшы, бег за ім следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафніс, перажываючы за зламаны рог і зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапіў палку ды свой пастуховы кій і кінуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што ні той, што ўцякаў, ні другі, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелі, што ў іх было пад нагамі, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафніс за ім. Гэта і ўратавала Дафніса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, ці не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; і, пераканаўшыся, што Дафніс жывы, кліча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкі, трымаючыся за якую Дафніс мог бы вылезці наверх. Але вяроўкі не было, і Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусціць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулі, а ён, ухапіўшыся рукамі за павязку, выбраўся наверх. Выцягнулі яны і няшчаснага казла, які страціў абодва рагі; такая вось кара спасцігла за пераможанага казла. Яны аддалі яго валапасу з удзячнасцю за паратунак, каб той яго прынёс у ахвяру, а дома збіраліся зманіць, што напалі ваўкі, калі б хто заўважыў нястачу; самі ж, вярнуўшыся назад, агледзелі сваіх авечак і коз; а ўбачыўшы, што козы і авечкі ў добрым ладзе пасуцца, уселіся яны на дубовай калодзе і пачалі разглядаць, ці не параніў Дафніс, падаючы, чаго сабе да крыві. Але не было ані раны, ані крыві, толькі ў зямлі і гразі былі валасы ды ўсё цела. І ён намерыўся памыцца, пакуль Ламан і Міртала не даведаліся, што з ім здарылася.

13. І, увайшоўшы разам з Хлояй у пячору німфаў, ён аддаў пільнаваць ёй свой кароткі хітон і пастуховую торбу, а сам, стаўшы над крыніцаю, узяўся мыць сабе валасы і ўсё цела. А валасы яго былі чорныя і густыя, цела — загарэлае ад сонца: можна было падумаць, што гэта ад ценю валасоў такое смуглае. Калі Хлоя ўбачыла так яго, здаўся ёй Дафніс прыгожым, а таму, што падаўся прыгожым упершыню, падумала яна, што прычынаю красы тут купанне. І калі яна змывала яму спіну, адчула, якое мяккае цела, так што яна не раз украдкам дакраналася да сябе, каб пераканацца, ці яе цела далікатнейшае. А пазней яны — сонца ж было на захадзе — пагналі чароды дахаты. Хлоя ж з таго часу нічога больш не хацела, абы толькі зноў бачыць, як Дафніс купаецца.

Назаўтра, калі яны зноў прыйшлі на пашу, Дафніс, седзячы, як звычайна, пад дубам, іграў на сірынзе і заадно сачыў за козамі, якія ляжалі і нібы прыслухоўваліся да яго ігры, а Хлоя, седзячы побач з ім, хоць і сачыла за чарадою авечак, але яшчэ часцей паглядала на Дафніса; і зноў ён, калі іграў на сірынзе, здаўся ёй прыгожым, і зноў яна палічыла музыку за прычыну яго красы, а таму яна пасля яго ўхапіла сірынгу, каб паспрабаваць, ці не зробіцца таксама прыгожаю. Яна ўгаварыла яго зноў скупацца, і глядзела на яго, калі ён купаўся, і, бачачы яго, дакранулася, і зноў адышла з подзівам, а гэты подзіў быў пачаткам кахання.

Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы і яшчэ ні разу не чула імя Эрас. Смутак сціснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалі, і яна часта вымаўляла: Дафніс! Яда ёй была не ў памяці, начамі не спала, забывалася пра сваіх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджаліць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калі яна была адна, прыйшлі ёй на розум вось такія словы:

14. «Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне баліць, а няма на мне раны; сумую я, хоць ніводная з маіх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такім цяні. Колькі разоў ні абдзіралі мяне калючкі, я не плакала; колькі пчол ні джалілі мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер раніць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафніс прыгожы, але ж і кветкі прыгожыя; прыгожа гучыць яго сірынга, але прыгожа спяваюць і салаўі; ды я
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Айн Рэнд - Источник - читать в ЛитвекБестселлер - Джо Оуэн - Как управлять людьми. Способы воздействия на окружающих - читать в ЛитвекБестселлер - Ирина Якутенко - Воля и самоконтроль. Как гены и мозг мешают нам бороться с соблазнами - читать в Литвек