ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Наринэ Юрьевна Абгарян - Манюня - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Парр - Вафельное сердце - читать в ЛитвекБестселлер - Юрий Осипович Домбровский - Хранитель древностей - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Луций Апулей и др. >> Классическая проза и др. >> Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою >> страница 3
пра іх ані не думаю. О, калі б я была яго сірынгаю і ўбірала яго дыханне, ці калі б я была козачкаю і каб ён пасвіў мяне! О ліхая вада, толькі Дафніса ты зрабіла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гіну я, любыя німфы, і нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамі прыбіраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак карміць будзе? Хто дагледзіць майго стракатлівага цвыркуна, якога я з вялікаю цяжкасцю злавіла, каб ён перад пячораю сваім цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафніса страціла сон, і дарэмна стракоча мой цвыркун».

15. Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсці назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафніса выцягнуў і казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, які ведаў каханне ў слове і яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, і чым далей беглі дні, тым больш распалялася душа, і, на Дафніса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамі або сілаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс ім падарункі: яму валапасаву сірынгу на дзевяць дудачак, якія былі меддзю замест воску змацаваныя, а ёй — шкуру лані, якую носяць вакханкі, — плямістую, нібы яе фарбамі размалявалі. З гэтага часу ён, лічачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафніса, а Хлоі штодня прыносіў ці мяккага сыру, ці вянок з кветак, ці спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькіх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хітрыках кахання, прымаючы гасцінцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафніса.

І аднаго разу, бо ўжо і Дафніс павінен быў спазнаць мукі кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з іх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16. «Я, дзяўчына, большы за Дафніса, дый я валапас, а ён казапас; і я нагэтулькі лепшы за яго, наколькі каровы лепшыя за козы; і белы я, як малако, валасы залацістыя, як даспелае поле перад жнівом, і выкарміла мяне маці, а не якая жывёла. Ён жа малы і безбароды, як жанчына, і чорны, як воўк. Ён пасе казлоў і пахне пагана, а такі бедны, што і сабакі не пракорміць. Калі яго, як кажуць, паіла сваім малаком каза, то нічым ён ад казляняці і не розніцца».

Гэтак і падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго — Дафніс: «Мяне выкарміла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, і яны большыя, чым Дорканавы каровы; я ані не пахну ад іх, як і Пан, хоць той больш як на палавіну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, і хлеба, спечанага на ражне, і белага віна, а гэта — дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такі і Дыяніс; цёмны я, але такі і гіяцынт; Дыяніс жа пераўзыходзіць сатыраў, а гіяцынт — лілеі. Ён жа руды, як ліс, і барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. І калі табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго — у шчэць на барадзе. І ўспомніш тады, дзяўчына, што цябе выкарміла авечка, а ты такая прыгожая».

17. Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале і ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафніса, ускочыла і пацалавала яго, хоць і прастадушна і няўмела, але так, што змагла душу распаліць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы іншай дарогі да кахання; а Дафніс, бы яго не пацалавалі, а ўкусілі, тут жа спахмурнеў і часта ўздрыгваў, не могучы суцішыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў — абліўся румянцам. Тады ён першы раз са здзіўленнем заўважыў, што валасы яе залацістыя і вочы ў яе вялікія, як у цялушкі, і твар яе сапраўды бялейшы за казінае малако, — быццам ён толькі што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без іх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а піць калі хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклівы зрабіўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабіўся, а некалі быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кінуў сірынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькі перад Хлояй быў гаваркі. І калі часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:

18. «Што ж гэта зрабіў са мною Хлоін пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы і вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалінае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта — маленькіх ягнят і тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакідае, сэрца хоча выскачыць, душа замірае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзіўная хвароба, імя якой я і назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўі, а мая сірынга маўчыць; як скачуць казляняткі, а я нерухома сяджу; як цвітуць кветкі, а я вянкоў не пляту! Расцвітаюць лілеі і гіяцынты, а Дафніс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?»

19. Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.

20. Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.

Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.

21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы