ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Дейл Карнеги - Как завоевывать друзей и оказывать влияние на людей - читать в ЛитвекБестселлер - Уэйн Брокбэнк - HR в борьбе за конкурентное преимущество - читать в ЛитвекБестселлер - Михаил Викторович Зыгарь - Вся кремлевская рать. Краткая история современной России - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Джаан Роўлінг >> Детская фантастика и др. >> Гары Потэр і таемны пакой >> страница 3
адступіўся з выразам дзікага жаху на тоўстай фізіяноміі.

— Н-нельга… Тата забараніў табе ч-чараваць…ён сказаў, што в-вышпурне цябе з д-дому… а табе больш няма куды ісці… у цябе нават сяброў няма, куды б…

— Колды-доўбні! — люта замармытаў Гары. — Фокус-покус, фіглі-міглі…

— МААААААМ! — загарлапаніў Дадлі і, спатыкаючыся, панёсся да дома. — МАААААМ! А ён… сама ведаеш што!

Гары дорага заплаціў за гэтую нявінную забаўку. Ні Дадлі, ні загарадзь не пацярпелі, так што цётка Пятуння разумела, што ніякага вядзьмарства не было, але Гары ўсё ж давялося ўварочвацца ад патэльні, якой яна жадала яго ўдарыць. Потым яна нагрузіла яго працай, сказаўшы, каб ён забыў аб ежы датуль, пакуль усё не выканае.

Дадлі сноўдаўся вакол і еў марозіва, а Гары памыў вокны ў доме, памыў машыну, падстрыг газон, прапалоў кветнікі, абрэзаў і паліў ружы, а таксама падфарбаваў садовы ўслон. Сонца бязлітасна паліла, абпальваючы ззаду шыю. Гары ведаў, што яму не варта было слухаць, што там казаў Дадлі, але той здолеў усё ж ткнуць у хворае месца… можа быць, у яго і праўда няма сяброў у "Хогвартсе"…

Шкада, што ніхто не бачыць знакамітага Гары Потэра зараз, люта думаў ён, раскладваючы гной на градкі, абліваючыся потам, знемагаючы ад болю ў спіне.

Была палова на восьмую, калі ён, стомлены, пачуў нарэшце, што яго кліча цётка Пятуння:

— Захадзі ў дом! І ідзі па газетах!

Гары з палёгкай увайшоў у прахалоду зіготкай чысціні кухні. На халадзільніку стаяў прызначаны для гасцей пудынг: вялізная шапка ўзбітых вяршкоў і цукровыя фіялкі. У духоўцы шыпеў вялікі кавалак свіной паляндвіцы.

— Давай ясі па-хуткаму! Мэйсаны хутка прыйдуць! — гыркнула цётка Пятуння і шпурнула на сподак два кавалачкі хлеба і рэшткі сыра. Яна ўжо апранула вячэрнюю сукенку колеру ласося.

Гары памыў рукі і запіхаў у рот сваю небагатую вячэру. Ледзь толькі ён скончыў, цётка выхапіла талерку у яго з рук.

— Наверх! Хутка!

Праходзячы паблізу дзвярэй у гасціную, Гары мімаходам убачыў дзядзьку Вернана і Дадлі ў смокінгах. Ён толькі-толькі падняўся на лесвічную пляцоўку на другім паверсе, як пачуў званок, а твар дзядзькі з'явіўся поруч парэнч унізе.

— Запомні, хлопец — адзін раз пікнеш…

Гары на пальчыках пракраўся ў свой пакой, слізгануў унутр, зачыніў за сабою дзверы і звярнуўся да ложка з намерам паваліцца на яго без сіл.

Бяда ў тым, што ложак ужо быў заняты — на ім ужо хтосьці сядзеў.

— РАЗДЗЕЛ II — Папярэджанне Добі

Гары Потэр і таемны пакой. Иллюстрация № 2 Гары толькі цудам утрымаўся і не ўскрыкнуў. У маленечкага стварэння на ложку былі вялікія, як у кажана, вушы і зялёныя вочы памерам з тэнісны мяч. Гары адразу ж здагадаўся, што менавіта гэтыя вочы глядзелі на яго з садовай загарадзі сёння раніцай.

Гары і візіцёр моўчкі ўтаропіліся адзін на аднога, а ў гэты час знізу данёсся голас Дадлі:

— Дазвольце ўзяць вашыя паліто, містэр і місіс Мэйсан?

Стварэнне сасклізнула з ложка і адвесіла паклон, такі глыбокі, што кончык яго доўгага, тонкага носу крануў дыван. Гары толькі зараз зазначыў, што няпрошаны госць апрануты ў штосьці накшталт старой навалачкі з неакуратна прадзёртымі дзіркамі для рук і ног.

— Эээ… добры дзень! — нерашуча сказаў Гары.

— Гары Потэр! — выклікнула істота пранізлівым голасам, які напэўна павінен быў дайсці да першага паверху. — Даўным-даўно марыў Добі аб знаёмстве з вамі… Такі вялікі гонар…

— Дзя..дзякуй, — сказаў Гары, падышоўшы да крэсла каля пісьмовага стала і разгублена апусціўшыся на яго. Побач, у клетцы, моцна спала Хэдвіг. Хлопчык хацеў было спытаць: "Што вы за істота?", але падумаў, што гэта будзе занадта ўжо няветліва і таму абмежаваўся нявызначаным: "Хто вы?"

— Добі, сэр. Проста Добі. Добі — Хатні эльф, — адказаў госць.

— Праўда? — выклікнуў Гары. — Эээ… паслухайце, я не хацеў бы падацца няветлівым і ўсё такое, але… у мяне зараз такі момант… ну, не самы прыдатны час, каб прымаць Хатніх эльфаў у сваім пакоі.

Залівісты, фальшывы смех цёткі Пятунні дакаціўся з гасцінай. Эльф павесіў галаву.

— Не тое, каб я не быў рады вашаму візіту, — хутка дадаў Гары, — але, ммм… вы ж прыйшлі з нейкай асаблівай нагоды?

— О, так, сэр, — сур'ёзна сказаў Добі, — Добі прыйшоў сказаць вам, сэр… гэта нялёгка, сэр… Добі нават не ведае, з чаго пачаць…

— Прысаджвайцеся, — ветліва прапанаваў Гары, паказваючы на ложак.

Да яго найвялікшага жаху, эльф раптам вельмі гучна зарыдаў.

— П-п-прыса-а-а-джвайцеся…, — скуголіў ён, — ніколі… ніколі раней…

Гары пачуў, што галасы ўнізе на секунду сціхлі.

— Прабачце, — прашаптаў ён, — я зусім не хацеў вас пакрыўдзіць і наогул…

— Пакрыўдзіць Добі! — захлынуўся эльф. — Добі яшчэ ніхто ніколі не прапаноўваў сесці… ні адзін вядзьмак… як роўнаму…

Гары, спрабуючы адначасова казаць "шшш" і рабіць спачуваючы выраз твару, праводзіў Добі да ложка, дзе той сеў, ікаючы, падобны на вялікую выродлівую ляльку. Нарэшце ён здолеў узяць сябе ў рукі, і ўтаропіўся на Гары сваімі вялізнымі вачыма з выразам слязлівай любові.

— Напэўна, вам не часта сустракаліся прыстойныя ведзьмакі, — паспрабаваў падхрабрыць яго Гары.

Добі патрос галавой. Затым, без усякага папярэджання, ён ускочыў і прыняўся біцца галавой у шыбу з лямантамі: "Дрэнны Добі! Дрэнны Добі!"

— Не трэба — што вы робіце? — сыкнуў Гары, падляцеўшы да эльфа і адцягнуўшы яго ад вакна — Хэдвіг прачнулася, выдала нейкі пранізлівы енк і забіла крыламі па клетцы.

— Добі павінен пакараць сябе, сэр, — растлумачыў эльф. Вочы ў яго злёгку з'ехалі да пераносся. — Добі ледзь было не сказаў дрэннае пра сваю сям'ю, сэр…

— Сям'ю?

— Чароўную сям'ю, у якой Добі служыць, сэр… Добі — Хатні эльф… абавязаны служыць аднаму дому, вечна…

— А яны ведаюць, што вы тут? — пацікавіўся Гары.

Добі здрыгануўся.

— О, не, сэр, не… Добі давядзецца балюча пакараць сябе за прыход сюды, сэр. За гэта Добі давядзецца прышчыкнуць сабе вушы дзверцамі духоўкі. Калі б яны толькі ведалі, сэр…

— Але хіба яны не заўважаць, што вы прышчыкнулі вушы?

— Добі сумняваецца ў гэтым, сэр. Добі часта даводзіцца караць сябе за што-небудзь, сэр. Яны лёгка мірацца з гэтым, сэр. Часам яны нават нагадваюць Добі, што таму варта пакараць сябе…

— Але чаму вы не сыйдзеце? Не збяжыце?

— Хатні эльф павінен быць выпушчаны на волю, сэр. А гэтая сям'я ніколі не адпусціць Добі… Добі будзе служыць ім, пакуль не памрэ, сэр…

— Та-а-а-к… — працягнуў Гары, — а я яшчэ скарджуся, што павінен прабыць тут нейкія жаласныя чатыры тыдні. Параўнаць з вашай сямейкай, дык Дурслі пададуцца анёламі. А хто-небудзь можа вам дапамагчы? Я, напрыклад?