ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Александра Борисовна Маринина - Казнь без злого умысла - читать в ЛитвекБестселлер - Дина Ильинична Рубина - Рябиновый клин - читать в ЛитвекБестселлер - Корин Свит - Сам себе психотерапевт. Как изменить свою жизнь с помощью когнитивно-поведенческой терапии - читать в ЛитвекБестселлер - Джозеф ОКоннор - Искусство системного мышления. Необходимые знания о системах и творческом подходе к решению проблем - читать в ЛитвекБестселлер - Лоретта Грациано Бройнинг - Гормоны счастья - читать в ЛитвекБестселлер - Влада Ольховская - Синдром Джека-потрошителя - читать в ЛитвекБестселлер - Кэтлин Эйзенхардт - Простые правила - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Сапольски - Биология добра и зла. Как наука объясняет наши поступки - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Ляховіч и др. >> История: прочее и др. >> Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму

Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму

Падрыхтаванае на падставе: Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму, — Менск: Аналітычны Грудок, 2005.


Рэдактар: Валер Булгакаў


Copyright © 2015 by Kamunikat.org


Пра Аўтараў

Алесь Зелімханаў — незалежны аналітык. Жыве й працуе ў Заслаўі.

Андрэй Казакевіч — палітоляг, галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфера”.

Андрэй Ляховіч — палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнай адукацыі.

Пётра Натчык — палітоляг, супрацоўнік Цэнтру палітычнай адукацыі.

Віталь Сіліцкі — палітэканом, стыпэндыят “Reagan-Fascell Democracy Fellow” Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмаркатыі (Вашынгтон).

Юры Чавусаў — палітоляг, сябра рэдкалегіі часопісу “Палітычная сфера”.


Асноўныя скарэчэньні

ААТ — Адкрытае акцыянэрнае таварыства

АБЭЗ — Аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі

АГП — Аб’яднаная грамадзянская партыя

АП — Адміністрацыя прэзыдэнта

БНФ — Беларускі Народны Фронт

БСДГ — Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада

БСДП (НГ) — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада)

БПП — Беларуская партыя працы

ГА — грамадзкая арганізацыя

ВПС — ваенна-паветраныя сілы

ДМК — Дзяржаўны мытны камітэт

ДФР КДК — Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК

ЗАТ — Закрытае акцыянэрнае таварыства

НДТРК — Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія

МУС — Міністэрства ўнутраных справаў

КДБ — Камітэт дзяржаўнай бясьпекі

КДК — Камітэт дзяржаўнага кантролю

КСП — Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта

МЗС — Міністэрства замежных справаў

МТЗ — Менскі трактарны завод

ПП НС — палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу

РА — рэспубліканскае аб’яднаньне

СГА — Сусьветная гандлёвая арганізацыя

СП — сумеснае прадпрыемства

СПА — супрацьпаветраная абарона

СРА — супрацьракетная абарона

ПКБ — Партыя камуністаў Беларусі

УС — узброеныя сілы

ФПБ — Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі

ЦВК — Цэнтральная выбарчая камісія

ЭЗ — Эўрапейскі Зьвяз 

Роля парлямэнту ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі

Кароткая і драматычная гісторыя беларускага парлямэнтарызму шмат у чым адлюстроўвае ўсю найноўшую палітычную гісторыю Беларусі. Парлямэнт — гэта ключавы, хаця і не адзіны, элемэнт палітычнага плюралізму і, пры адпаведным яго разьвіцьці, дэмакратыі. Выбары, дэбаты, барацьба груповак і думак — усё гэта стварае істотныя элемэнты канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Сама сабой наяўнасьць гэтых працэсаў аказвае ня меншы ўплыў на палітычнае разьвіцьцё, чым іх вынік, — гэта значыць на тое, хто ў рэшце рэшт атрымлівае кантроль над заканадаўчым працэсам.

На рубяжы эпох, пры пераходзе ад савецкага таталітарызму да таго, што сёньня прынята называць палітычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, праз кароткі плюралістычны пэрыяд у беларускай палітыцы ў 1990—1996 гг., беларускі парлямэнт (больш дакладней, парлямэнты — Вярхоўныя Рады 12-га і 13-га скліканьня) адыграў выключную ролю ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці і кволай, пакуль што няўдалай спробе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, якая, тым ня менш, пакінула ў спадчыну палітычную супольнасьць, вядомую сёньня як Рэспубліка Беларусь. За апошняе дзесяцігодзьдзе шмат было напісана пра прычыны няўдачы нацыянальнага будаўніцтва ў Беларусі, адсутнасьць чыньнікаў для дэмакратызацыі і дасягненьня незалежнасьці і г. д. Пераглядаючы ўсе гэтыя тлумачэньні, міжволі задаешся пытаньнямі: якім чынам Беларусь дасягнула таго, чаго яна дасягнула, чаму ў апошняе дзесяцігодзьдзе дзяржаўнасьць ня толькі выжыла, але і ў пэўнай ступені кансалідавалася, чаму пытаньне аб яе страце, тое, што, здавалася б, было справай часу некалькі гадоў таму, ужо практычна не абмяркоўваецца і не палохае нават большасьць прыхільнікаў незалежнай Беларусі?

Сучасная міталёгія беларускага афіцыёзу зьвяжа адказ на гэтыя пытаньні з асобай прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Не абмяркоўваючы яго ролю ў найноўшай беларускай гісторыі, зазначым, аднак, што Лукашэнка як лідэр і як палітычны фэномэн быў бы немагчымы без абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 г., без падпісаньня Белавескіх пагадненьняў тагачасным кіраўніком парлямэнту Станіславам Шушкевічам, а гэта значыць, і без таго парлямэнту, які парадзіў незалежнасьць, Шушкевіча, Лукашэнку, гэтаксама і Канстытуцыю 1994 г., безь якой Лукашэнка таксама быў бы немагчымы.

Палітычная рэчаіснасьць часьцяком фармуецца не наўмыснымі, валюнтарысцкімі дзеяньнямі лідэраў і элітаў, а, кажучы кампутарнай мовай, “па змаўчаньні” (by default). Сытуацыя раўнавагі, калі аніводны з актараў ня здольны дамагчыся абсалютнага кантролю над уладай, часам фіксуе палітычную рэчаіснасьць у абсалютна парадаксальным стане: яна існуе, дарма што мала каго задавальняе. Трансфармацыя беларускай палітычнай сыстэмы на пачатку 1990-х гг. і само абвяшчэньне незалежнасьці сталі магчымымі збольшага пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў: развалу савецкай дзяржавы і краху камуністычнай сыстэмы — працэсаў, да якіх Беларусь спрычынілася толькі ўскосным чынам. Незалежнасьць і разьвіцьцё палітычнага плюралізму, аднак, не былі імгненна зьвернутыя: яны пэўным чынам “застылі” ў часе на некалькі гадоў, і гэты кароткі адрэзак стаў вызначальным у далейшым лёсе беларускай дзяржавы. Менавіта парлямэнт Беларусі быў тым інстытутам, які забясьпечыў іх існаваньне “па змаўчаньні” ў той гістарычны пэрыяд. З гэтай тэзай у нечым пагадзіўся б і сам Лукашэнка — не дарма ў сваіх шматлікіх прамовах ён зьвязваў часы “ўсеўладзьдзя парлямэнту” з пэрыядам “разгулу нацыяналізму”.

З пэрспэктывы часу Вярхоўная Рада 12-га скліканьня сапраўды падаецца як клубок парадоксаў. Асуджаная, здавалася б, на роспуск (узгадаем захады апазыцыі БНФ для скліканьня рэфэрэндуму ў 1992 г.), яна аказалася самым “доўгім” беларускім парлямэнтам, які “зачапіў” тры гістарычныя эпохі: савецкую, першапачаткова постсавецкую (можна сказаць, намэнклятурна-нацдэмаўскую) і, нарэшце, лукашэнкаўскую. Абраная пры фармальна існай аднапартыйнай сыстэме, яна стала самым рэпрэзэнтацыйным беларускім парлямэнтам з найбольш буйной дэмакратычнай і нацыянальнай апазыцыяй за ўсю гісторыю. Вызначаная як “камуністычная”, яна прыняла рашэньні аб сувэрэнітэце, потым — незалежнасьці Беларусі, зацьвердзіла нацыянальную сымболіку, а затым першапачаткова адмовілася ад ухваленьня рэфэрэндуму, які вынішчыў кволую гегемонію нацыянальна-дэмакратычнага палітычнага дыскурсу, што існавала ў першыя гады беларускай незалежнасьці. Непрафэсійная і некампэтэнтная, яна дагэтуль