Литвек - электронная библиотека >> Анатоль Бутэвіч >> Современная проза >> Апошняе ігрышча >> страница 2
праўда, такое кешканне не падабаецца, яна быстрая — у гарачай вадзе купаная, як кажа яе дзед Костусь. Таму любіць кампаніі, на жніве таксама, бо весялей, хоць словам перакінуцца можна альбо песню завесці, калі настрой адпаведны.

Маня ўжо спрабавала падвесяліць сябе, але дарма, не спявалася адной, не знаходзілася тая нітачка настрою, ухапіўшыся за якую, бывала, і жнецца ў ахвотку, і спяваецца хораша, і на душы добра, лагодна, узнёсла. Справа тады як бы сама сабой робіцца. Сама хлебная ніва сваімі каласамі табе кланяецца, калі набіраеш іх поўную жменю, каб зрэзаць, нібыта вусачы самахоць на перавясла просяцца. Толькі паспявай пальцы выпростваць, каб паўней захопліваць іх ды сярпом шастаць. Калі адразу мала ўзялося ў далонь, можаш паўтарыць другі раз, а калі сцябліны тонкія, то часам і трэці. А тады разгінай спіну, падымай руку з нажатым, падтрымліваючы сярпом важкае калоссе, рабі паўкруг у паветры, паказваючы ўсяму свету і самому небу, як урадзіла жыта, а тады ўжо кладзі на перавясла, скручанае з нарваных з карэннем найдаўжэйшых сцяблін.

І так раз за разам, пакуль не назбіраецца на сноп. А пасля і другі, і трэці, і дзесяты... Толькі падымай калоссе не рыўком, не похапкам, а спакойна, рытмічна, каб руку не падверадзіць, бо тады не адно жаць не здолееш, кубка з вадой не падымеш. Не дапаможа і свянцоная нітка, завязаная на кісць рукі. Затым зноў кланяйся зямліцы, не шкадуй спіны, хай прывыкае, бо ў жыцці не адно перад хлебам давядзецца згінацца.

Колькі за дзень даводзіцца такіх паклонаў адбіць, то і палічыць ніхто не здолее, мо такой лічбы яшчэ наогул не прыдумалі.

Дык што ж выходзіць? Каласы кланяюцца Мані за тое, што яна ратуе ад абсыпання іхнія зярняткі, а яна кланяецца зямлі, што вырасціла гэткае жыта? Узаемныя паклоны чалавека і прыроды.

«Ой, нешта на «хвіласофію» пацягнула, як сказаў бы Валодзік Кусабуцкі», — падумалася Мані, і яна на хвілінку выпрасталася, паглядзела на сонца — яшчэ да поўдня не дакацілася, павяла вачыма вакол, дала ім спачынак на залаціста-жоўтай роўнядзі жытняга палетка, а пасля ўтаропілася ў густое — дзе цёмнае, бо яловае, а дзе святлейшае — бярозавае зяленіва далекаватага Школьнага лесу. Добра было б у халаднаватым цяньку бярозак астудзіць напаленае сонцам і натруджанае жнівом цела, выпрастаць сярэдзіну, але хто ж ёй такую раскошу дазволіць. Праўда, нікога з пабочных назіральнікаў тутака няма, ніхто дакараць не стане. Але ж уласная ацэнка не менш важная за чужую, а часам нават больш значная і прынцыповая. Бо хто цябе ведае лепш, чым ты сама?

Маня падняла руку, каб змахнуць пот, і ў каторы раз адчула, як моцна пахне жытам далонь. Непаўторны і нязводны пах жняі. Ён даражэйшы за ўсякі парфумны. Хоць, што праўда, парфумы той ні Маня, ні яе сяброўкі не ведалі — дзе ты яе на хутары знойдзеш, а каб і знайшоў, то за што купіш. Жывыя грошы ў сям’і з’ява рэдкая, разлікі вядуцца найбольш натуральнай аплатай — то збожжам, то бульбай, то адпрацоўкай. Гэтак больш звыкла. Грошы прыдадуцца, калі ў Сноў на базар давядзецца ехаць альбо крамнага чаго купіць. Там за жыта не хочуць нічога даваць.

А ўпершыню яна ўзяла ў рукі серп, калі было мо гадоў сем. З той пары і метка на ўсё жыццё засталася. Маня міжволі зірнула на левы мезенчык, які не хоча да канца разгінацца — падрэзала сярпом сухажылле. Матка тады моцна сварылася, што без дазволу серп узяла, а бацька на матку яшчэ больш — што недагледзела...

Маня любіла гэткі трохі нязвыклы для цяжкай працы настрой, калі ўсё ў поўным суладдзі з душэўным спакоем. Сёння ж яго не было. Як бы нехта нешта дрэннае сказаў альбо насварыўся. Але працы не перапыняла, хоць думкі снавалі беспарадкава, спрабавалі знайсці ў сваіх лабірынтах прычыну такога стану.

Мо апошняе ігрышча вінавата?


Перад самым жнівом вырашылі сабрацца ў найбольш прасторнай на хутары хаце Васіля Пулікоўскага, маці якога не адно прыветная жанчына, а і гаспадыня дай Бог якая. Ён не толькі адзіны сын у бацькі, але і адмысловы гарманісты — лепшы не адно на іхнім Язаўцы, дзе, праўда, іншых няма, а і суседнімі вёскамі прызнаны. Нездарма скрозь на вяселлі запрашаюць. У бліжэйшыя Баяры і Еськавічы, у аддаленыя Панюцічы, Квачы, у зусім далёкія па Маніных мерках Сноў, Малаеды. А што да Ліпаў — Вялікай і Высокай, то там Васіля за свайго лічылі, асабліва ў Высокай Ліпе. Праўда, там і канкурэнты былі. Але свае музыканты не такі завод мелі, не надта пад густ моладзі. Іх наймалі граць толькі тады, калі Васіль быў заняты ў іншым месцы.

За тое і даставалася часам хутарскому гарманістаму. Да пагрозаў ён прывык і лічыў іх найлепшай ацэнкай свайго ўмельства. Але прыстрашванне амаль ніколі не даходзіла да здзяйснення, бо Васілёвы прыхільнікі любога маглі добра правучыць за напад альбо спробу намяць бакі свайму ўлюбёнцу. А найбольш гарачыя дык і гармонік уедліваму саперніку маглі парэзаць. Было раз такое. Затое пасля гэтага як адрэзала — руку на Васіля не асмельваўся падняць ніхто.

Дык вось, сабралася хутарская моладзь, маладзейшыя жанацікі і проста кавалеры на ігрышча. Вясёлы разнаякі гурт. Сышліся, каб у вясёлых ско­ках і размашыстых танцах размяць цела перад утомлівым жнівом. Кожны прынёс па бутэльцы, а то і паўтарачцы самагонкі. Не адмаўлялі і таму, хто знайшоў толькі паўбутэлек, ігрышча — свята для ўсіх. Васілёва матка разам з некалькімі прышлымі дзяўчатамі парадкавалі прынесены харч. Парэзалі, пасмажылі, спяклі і ўсё на сталы, ссунутыя разам у вялікім пакоі, што зваўся заляй, паставілі. І нічога, што ў залі замест падлогі ток, што амаль палову яе займае пузатая глінабітная печ. Хоць у цеснаце, ды без крыўды. Праўда, два драўляныя ложкі разабралі і вынеслі — адзін на кухню, другі ў гумно. Гэта ўжо больш да танцаў рыхтаваліся, чым да застолля. Бо калі прыбяруць апусцелыя сталы, то не стрымаеш спраўных ног — заліхвацкая полька не толькі да сябе звабіць, але, здаецца, і сцены растрасе.

Нехта яшчэ лепш змікіціў: чаго ў хаце пыл глытаць, калі можна на свежым паветры вольна патанцаваць. Развяселеным хаўрусам спора выкуліліся за парог. Добра, што на небе была амаль поўня, толькі невялічкая шчарбінка замінала месяцу стаць круглым. Бо іначай танцаваць давялося б у цемнаце, для некаторых мо гэта было б найлепш, але не для ўсіх. А ад газавай лямпы на надворку не павіднее, хоць пяць іх павесь, ды і газы спатрэбілася б нямала на цэлую ноч, а танцаваць збіраліся да рання. Месячнае святло было яркім, толькі рабіла постаці танцораў як бы прывіднымі, не выразна акрэсленымі, што дадавала рамантычнасці і нейкай таямнічай захопленасці.

На надворку далі волю