Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современные любовные романы >> Жэтон на метро >> страница 3

ды дзве пярэзімкі-цялушкі

ідуць у згодзе, як дзве дружкі;

а збоку чмыша бык Мікіта,

хвастом матаючы сярдзіта...

— І гэта ўсяго адна «бедная» беларуская сям'я! — казаў іранічна і чамусьці сярдзіта, як той бык, Самусенка.— Палічыце, і зразумееце, што гаротнасць нашага сялянства моцна перабольшана.

Аднак акрамя гэтай каронкі — цытаты з «Новай зямлі» — на яго занятках панаваў сум. Лекцы былі сухія. Ад манатоннага, крыху ў нос, голасу ўсе ўпадалі ў санлівасць. Затое на семінарах і іспытах рэзаў ён бязбожна, рабіўся яршысты, уедлівы: не пытаў, а дапытваў; студэнты ад страху называлі яго і Фядос Анатольевіч, і Анатоль Самусеевіч, і нават Майсей Фядосавіч, але ён не папраўляў — каб толькі такія хібы былі ў студэнтаў.

І вось так атрымалася, што ім, былому студэнту і было­му выкладчыку, выпала жыць у суседніх дамах.

— Свет цесны,— жартаваў Самусенка,— Беларусь удвая, а Мінск утрая.

Як часта бывае ў мегаполісе, жывучы побач, яны амаль не сустракаліся. Рак ведаў, што Самусенка даўно на пенсіі, дзеці выгадаваліся, дачка-журналістка выйшла замуж за француза і жыла ў Парыжы, затое сын Юра — бацькоўскае гора, шалапут, байкер з банданаю, нідзе не прыткнуты, і чамусьці з гэтым Юркам Рак перасякаўся куды часцей, чым з яго бацькам. Юра неаднойчы заходзіў да Рака і, апусціўшы вочы, прасіў пазычыць грошы. Інтэлігентны, далікатны, мяккі Рак не мог яму адмовіць; між тым байкер, асмялеўшы, рабіўся ўсё больш нахабным, пачаў не проста прасіць, а патрабаваць,— тады толькі паэт парваў з ім адносіны, а неўзабаве даведаўся, што Юра загінуў, разбіўся на матацыкле. Яшчэ праз год адышла ў лепшы свет Самусенкава жонка. Калі-нікалі здалёк Рак бачыў стулены прывід у франтаватым французскім паліто, а потым знік і ён. Ці то з'ехаў да дачкі ў Парыж, ці перабраўся на дачу, ці мо («грэшнай справаю», думаў Рак) проста памёр. Аж недзе з паўгода назад Самусенка аб'явіўся жывы-здаровы, больш за тое — раптам успомніў пра былога студэнта і панадзіўся хадзіць да яго ў госці.

Рак даўно не бачыў яго, і цяпер быў уражаны, наколькі гады могуць змяняць чалавека. Самусенка нават паменеў ростам, як бы стаптаўся ці як бы зверху ціснуў на яго горб; нос агурком, як у пажылога армяніна, адцягнутыя ўніз вочы-слівы, сівыя рэдкія валасы, мох на вушах, рабацінне на твары не толькі вясной, а ўжо заўсёды. Затое характарам змяніўся мала; у свае семдзесят энергічны, задзірысты, часам нават хамаваты, ён злоўжываў гасціннасцю былога студэнта, пазіраў на яго зверху ўніз, быў упэўнены, што менавіта ён, Самусенка, узгадаваў цэлую плеяду талентаў, у тым ліку і Рака, і што Рак яму да канца жыцця за гэта абавязаны.

Ён бесцырымонна ўвальваўся ва ўтульную кватэрку, якую ахайны гаспадар трымаў у ідэальным парадку; ніколі не пытаючы дазволу, не цікавячыся, ці ёсць у гаспадара вольны час, настрой, жаданне, ён даставаў папку і пачынаў знаёміць Рака з новымі раздзеламі сваёй манаграфіі. Ён працаваў над другой яе часткай, і яму патрэбны былі слухачы. Акрамя жадання паслухаць заўвагі (у сэнсе, пахвальбу), ён меў і больш дальнія планы — спадзяваўся пры дапамозе Рака надрукавацца.

— Свая людына ў рэдакцы! Мо паможаш,— з лёгкай шапялявасцю ад устаўных метала-керамічных зубоў казаў ён.

Манаграфія была нейкай бясконцай. Ветлівы, бязвольны, далікатны паэт вымушаны быў асалавела слухаць. У яго не хапала смеласці сказаць жваваму дзеду, што ён і без таго наядаецца рукапісамі ў рэдакцы, стаміўся і прос­та хоча адпачыць. Калі-небудзь Самусенка, як ён тлумачыў — «для разрадкі», прыносіў шахматы або карты. У карты ён гуляў яшчэ сяк-так, у шахматы зусім няважна, кампенсуючы слабую гульню эмацыйнымі каментарамі. Ферзя называў каралеваю, слана — афіцэрам, ладдзю — турой або пушкай, замест ракіроўкі казаў — лакіроўка, замест шаха — шаховіч ці шахавенка. Іхнія дыялогі нагадвалі гогалеўскія.

— Дзе ты так у шахматы навучыўся, сам ці памагалі? — абавязкова ў пачатку пытаў Самусенка. А потым цягнуў: — Та-ак... т-э-кс... Шо він робліць, от нярускі... (Нярускімі ён называў усіх, хто не беларусы.)

Рак, ціха, пад нос:

— Канечне, не рускі, я беларускі.

— Шо він робліць, от нярускі...

— Канечне, не рускі, я беларускі. Ракіроўка праз бітае поле не робіцца... Добра, рабіце.

— Шо він, нярускі, робліць... Пачакай, я назад забяру ход... Дзе стаяла? тут? Я пастаўлю там...

Задумваючыся над ходам, Самусенка ссупліваў бровы — так, што выпіналі надброўныя дугі, і Рак, спадцішка на яго пазіркваючы, пачынаў верыць, што чалавек сапраўды пайшоў ад малпы.

— Што ж вы мне тут падрыхтавалі,— казаў ён,— якую пастку?

— Цэ мае сабачэ дзіло,— лагодна адказваў Самусенка. Жарты ў яго былі цяжкія; акрамя звычкі ўплятаць украінізмы, было ў яго яшчэ любімае, на ўсе выпадкі слоўка, якое асабліва раздражняла Рака,— гэта слова «памаглі». Дзе б што і з кім ні здаралася, ад побытавай непрыемнасці да глабальнага стыхійнага бедства, Самусенка, калі з намёкам, калі з хітрынкай і паніжаючы голас, але заўсёды ўпэўнена, канстатаваў: «Памаглі!»

«Самалёт разбіўся, чулі?»

«Не сам — памаглі».

«Цунамі ў Японіі...»

«Памаглі»,— адмахваўся Самусенка.

«Ну як ужо тут маглі памагчы?» — не вытрымліваў Рак.

«Экалагічны баланс парушылі».

Але яшчэ горш, чым карты, шахматы і чытанне манаграфіі было, калі Самусенка прыносіў пляшку самагонкі ці віскі, настройваўся на лірычны лад і хацеў, нават патрабаваў ад Рака шчырай бяседы. Тады для сціплага, сарамлівага, летуценнага паэта пачыналася проста кара егіпецкая. Па-першае, Самусенка быў пераборлівы ў плане закускі, любіў усё, як ён казаў, «вясковае, простае, сапраўднае», менавіта — сала з часнаком і цыбуляй, салёны гурок, яечню на шкварках,— акурат усё тое, чаго далікатны Рак цярпець не мог. «Я не апускаюся да таго, каб у кавярню хадзіць, мне хапае грошы на сваё, натуральнае,— казаў з гонарам Самусенка.— Я абы-чаго есці не буду. Ты мне па-простаму падсмаж пяльменяў з яечняй,— казаў ён,— а не амлет з беконам, ці як у той раз, памятаеш? — кітайскай локшыны з крэветкамі і мідыямі, прыдумаць жа такое!»

Калі-небудзь ён прыносіў загорнуты ў ліст А4 кавалачак белага ці прысыпанага чырвоным перцам вэнджанага сала, нюхаў і цмокаў языком: ах, які водар! на альховых дровах! сала з маёй малой радзімы, землякі з Ельска прывозяць, прадаюць каля Еўраопта,— прымушаў Рака пакаштаваць, і калі той праз сілу з'ядаў скрылёк, пачынаў чапляцца: «Як можна мужчыну, беларусу, не любіць

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Элизабет Гилберт - Есть, молиться, любить - читать в ЛитвекБестселлер - Андрей Валентинович Жвалевский - Время всегда хорошее - читать в ЛитвекБестселлер - Макс Фрай - Лабиринт Мёнина - читать в ЛитвекБестселлер - Розамунда Пилчер - В канун Рождества - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Евгеньевич Голованов - Дальняя бомбардировочная... - читать в ЛитвекБестселлер - Олег Вениаминович Дорман - Подстрочник: Жизнь Лилианны Лунгиной, рассказанная ею в фильме Олега Дормана - читать в ЛитвекБестселлер - Владимир Константинович Тарасов - Технология жизни. Книга для героев - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Перкинс - Исповедь экономического убийцы - читать в Литвек