Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Классическая проза >> На вакзале чакае аўтобус >> страница 4
class="book">Юновіч сеў у аўтобус. Было цесна. Нейкі хлопец стаяў з лыжамі на пляцоўцы, намерзлы на лыжах лядок раставаў, і ў аўтобусе па-веснавому свежа і моцна пахла вадою: была ўжо сярэдзіна лютага. I Юновічу ўспаміналася чамусьці нядаўняя паездка ў калгас, Валя, і ён цяпер шкадаваў, што не дамовіўся тады, у вёсцы, сустрэцца з ёю ў горадзе.

«Але я яшчэ сустрэнуся з ёю»,— думаў ён. Яму ўспаміналіся рэдактар, размова з дырэктарам, паездка ў вёску і зноў Валя — і ўсё гэта паўставала перад ім са спакойнай нейкай яснасцю, і ў яго было адчуванне чалавека, які ўдала завяршыў вельмі доўгі і вельмі турботлівы дзень: круг замкнуўся, на заўтра асталіся некранутая раніца і надзея.

Ля кінатэатра Юновіч выйшаў з аўтобуса.

3 тэлефоннай будкі ён пазваніў у рэдакцыю — рэдактара на рабоце ўжо не было. Сказалі, што ён, мусіць, дома. Юновіч званіў другі раз. У трубцы жаночы голас пытаўся, хто звоніць і навошта. Юновіч тлумачыў, што звоняць з рэдакцыі, а рэдактар трэба тэрмінова.

— Пачакайце,— сказала жанчына.

Юновіч чакаў. «Зараз пачнецца,— думаў ён».

— Я слухаю,— сказаў рэдактараў голас.— У чым справа? Юновіч? Не будзеш пісаць выступленне? Ты разумееш, што сказаў? Ну, ведаеш… Разбяромся заўтра!

«Вось і ўсё,— думаў Юновіч, выходзячы з тэлефоннай будкі.— Заўтра ў мяне будзе цяжкі дзень. Але я растлумачу. Не можа быць, каб ён не зразумеў… А што, калі яму сказаць: «Нам, браце, яшчэ вучыцца ці перавучвацца трэба. I табе, і мне. Інакш у нас справа не пойдзе». А потым папрашуся ў камандзіроўку… Напішу нарыс… Харошы нарыс…»

Юновіч ішоў па вуліцы, і яму зноў думалася пра аўтобус. Яму думалася пра ціхія гасцініцы ў далёкіх гарадках — маленькія, чыстыя, з шырокімі маснічынамі. I яшчэ яму хацелася забыцца на даўняе, прыкрае, узяць і пачаць усё нанава…

Юновіч ішоў па вуліцы, і яму думалася пра аўтобус, што стаяў на вакзале.


1962