Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Классическая проза >> І зноў, зноў горад >> страница 3
выйсці ў круг, больш за ўсё баючыся, каб на яго не сказала чаго-небудзь Матруніна Лідка — перастарак-дзеўка, што заўсёды камандавала на танцах і строга глядзела, каб не лезлі маладзейшыя без пары ў круг: тады яшчэ хапала на танцах дарослых кавалераў і нявест. Тады яшчэ не было клуба, і вечарынкі адбывалі па чарзе, і ўжо за тыдзень пачыналі гаварыць пра тое, у чыёй хаце будуць танцы, і хто будзе іграць, і якую плату даць гарманісту, каб за сваёю музыкай не спаў. Калі гарманіст быў нетутэйшы, дык пад вечар прыводзіў з сабою цэлую армію сваіх хлопцаў: яны ішлі па вуліцы, як заваёўнікі,— ліха рэзаў гармонік, екатаў бубен, з подсвістам, з прыпеўкамі таптала вулкавы пыл развясёлае войска. («Паплач у хусцінку з каёмачкай, піжон. Гэта табе паможа, дальбог, паможа…»)

Тады гралі страданне, кракавяк, «Сямёнаўну», падэспань, а смялейшым дзеўкам заказвалі сербіянку — і яны выходзілі: спачатку адна, высока, сарамліва-цвёрда несучы галаву, дробна выстукваючы абцасамі і размахваючы перад сабой хусцінкай. Самая пара была спяваць прыпеўку, і яна спявала: гарманіст пачынаў іграць цішэй, а потым ірваў адразу на ўвесь гармонікаў дых, і тая, у крузе, ішла ўсё разгонісцей і шпарчэй і, дайшоўшы да сяброўкі, што хавалася недзе ў цесным дзявочым гурце, па-асабліваму моцна прытопвала перад ёй і махала на яе хусцінкай — запрашала ў танец…

Цяпер сядзела з гармонікам на куце нейкае хлапчанё, ляніва іграла факстроты ды вальсы, а маладзенькія дзяўчаткі — мусіць, школьніцы — танцавалі больш адна з адной, не спадзеючыся на зялёненькіх кавалераў, што туліліся на лавах, па-даросламу дымілі самакруткамі, але ў танец чамусьці не ішлі. Мужчыны тут жа, за сталом, не зважаючы на ігранне, заядла забівалі казла.

Заказвалі нават дамскі вальс, і адна, другая з дзяўчатак падыходзіла да тых кавалераў: хто ішоў, хто саромеўся,— натужна смяяўся і, адгаворваючыся, разгублена хаваў вочы. I тады ўставаў з-за стала які-небудзь жанацік, у ватоўцы, у ботах, кпіў з кавалераў і выручаў дзяўчыну: сам запрашаў на вальс.

Пятро не танцаваў: падсаджваўся да мужчын, гуляў з імі ў даміно, зацята курыў махорку, а дзядзькі падсмейваліся з яго: маўляў, гэта табе не горад, тэлевізараў ды джазаў у нас няма — забівай во казла ды радуйся. Пыталіся, ці надоўга прыехаў дамоў, і ён усур’ёз адказваў, што, можа, назусім, але ўсе чамусьці ўсміхаліся на гэта, як на дасціпны жарт. Пятро змаўкаў.

Праз тыдзень ён рашыўся: папрасіў маці, каб назаўтра разбудзіла як раней — трэба ехаць. Ён так і не сказаў дома, што звольніўся з работы.

«Мне хопіць і сарака рублёў,— падумаў ён.— Два дні назад у хлопцаў была палучка. Можа, назбіраюць як… У інтэрнаце пераначую дзень, другі. Пакуль не дазнаецца камендант… Трэба неяк шукаць кватэру».

Ён адчуў раптам, якім нясцерпным было для яго чаканне. Няхай бы ўжо хутчэй ляцеў самалёт. Яму б толькі трапіць у горад, дабрацца да інтэрната і — спаць. Усё вырашыцца само па сабе. Нічога страшнага. Ён проста стаміўся і таму перабольшвае.

У полі за нізкімі вокнамі аэравакзальчыка мутна шарэў, маркоціўся халаднаваты лістападаўскі дзень. Усё яшчэ не распагоджвалася: сонца не было. «I не распагодзіцца,— падумаў ён.— Дзень цяпер кароткі. Нават каб пайшоў дамоў, то прыцёгся б толькі ўвечары. Няхай бы ўжо хутчэй ляцеў самалёт».

Ён не чуў, як пад’ехала машына: на дварэ загаманілі, і ў пакой адзін за адным зайшлі некалькі чалавек. 3 парога ўсміхаўся доктар.

— Ажур? — спытаў ён.— Ты білет узяў? Я званіў сюды ўвесь час. Мне нават добра, што самалёт спазніўся: усе свае справы ліквідаваў. Цяпер два месяцы буду як у бога за пазухай. Толькі на курсах і можна адпачыць. Уф! Зараз я даведаюся пра самалёт.

I ўсё нібы толькі чакала, каб прыехаў доктар: самалёт, як па заказу, меўся хутка быць.

Пабольшала людзей у аэравакзале, паднялася гамана. Цётка кінула чытаць кніжку — корпалася нешта ў сетцы. Страпянуўся побач з Пятром даўганосы дзядзька, закурыў, а запалкі не адважыўся забраць у кішэню, палажыў, як і Пятро, на лаву. Не абзываўся і ўсмешліва-мякка зазіраў усім у вочы.

Нарэшце аб’явілі пасадку. Усе падняліся і рушылі з аэравакзала ў поле, да жаўтлява-шэрага, несамавітага, падобнага на страказу самалёціка. «Вось і ўсё,— падумаў Пятро.— Мусіць, так трэба было. Аман».

Паўз аэрадром у поле бегла дарога: жвавы конік, запрэжаны ў калёсы, трухаў па ёй. Нокаў, круціў пугаю над галавой ездавы — хударлявы дзядзька. Захінуўшыся ў вялікую хустку, сядзела на возе жанчына. На веласіпедзе даганяў калёсы нейкі дзяцюк.

Роўнае, у рэдкіх лапіках снегу, ляжала на ўвесь шырокі абсяг, шарэла балоцвінамі, хмызамі, купкамі дрэў над далёкімі вёскамі настылае лістападаўскае поле. Пятро азірнуўся і зноў убачыў стагі — парудзелыя, абгладжаныя дажджамі і ветрам стагі, такія нязвыклыя тут, ля мястэчка…

А потым бег, падскокваючы, па мёрзлым полі самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. Дыбкі стала зямля: дамы, дрэвы, гароднінасушыльны заводзік з прысадзістай цаглянай вежай, поле. I зноў Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй,— за маркотна-сінім даляглядам.

1965

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Андрей Владимирович Курпатов - Счастлив по собственному желанию. 12 шагов к душевному здоровью - читать в ЛитвекБестселлер - Ли Дуглас Брэкетт - Исчезновение венериан - читать в ЛитвекБестселлер - Аллен Карр - Легкий способ бросить пить - читать в ЛитвекБестселлер - Вадим Зеланд - Пространство вариантов - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Васильевна Семенова - Знамение пути - читать в ЛитвекБестселлер - Элизабет Гилберт - Есть, молиться, любить - читать в ЛитвекБестселлер - Андрей Валентинович Жвалевский - Время всегда хорошее - читать в ЛитвекБестселлер - Розамунда Пилчер - В канун Рождества - читать в Литвек