Литвек - электронная библиотека >> Алесь Асіпенка >> Советская проза >> Абжыты кут





Абжыты кут. Иллюстрация № 1

Абжыты кут. Иллюстрация № 2



Апошні дзень нашага развітання са школай выдаўся на дзіва ясны і ціхі. Мы хадзілі па нешырокай дарозе пад шатамі разгалістых ліп: дзяўчаты пабраўшыся за рукі, хлопцы няроўным, ломкім строем. Трыста метраў ад шашы да школы, трыста — назад.

Гаварыць не хацелася. Ды і не вельмі было пра што. За дзесяць гадоў мы добра вывучылі адзін аднаго, шмат спрачаліся, і цяпер чамусьці не хапала тэм, быццам пра ўсё ўжо было перагаворана. Перакідваліся то жартам, то нязначным, пустым словам. Бавілі час, як умелі. Трохі было сумна.

3 поплаву да шпакоўняў адзін за другім прыляталі шпакі. Тады с птушыных домікаў далятаў піск дзятвы. Стары шпак ныраў у круглае акенца, бурчаў там проста-такі чалавечым голасам, а неўзабаве вылазіў вонкі — альбо ўзрадаваны нечым, альбо засмучаны і злосны. Цыкнуўшы на малечу, ён распраўляў крылы і зноў ляцеў на поплаў.

Іншым разам мы не звярнулі б увагі на шпакоў. Па загаду дырэктара кожную вясну вучні рабілі шпакоўні, развешвалі іх на ліпах, яблынях і проста на шастах ля хат. Гэта была наша політэхнізацыя. Яна нам так надакучыла, што часам разбірала злосць на птушак, якім трэба будаваць хаты. Сёння мы развітваліся са школай, дырэкцыяй і політэхнізацыяй. Мабыць таму, мы і зацікавіліся шпакамі. якія клапатліва лёталі з поплаву і на поплаў.

Задраўшы галовы, мы доўга сачылі за палётам шпакоў. У іх руплівасці было нешта зварушлівае і ў той жа час будзённае, простае. Клапатлівае чырыканне, плаўнь; палёт, вяртанне з дабычай, ганарыстае ф’юіць,— усё мела нейкі незвычайны сэнс.

Я задумаўся. У шпачыным жыцці мне бачылася штосьці вельмі зразумелае і блізкае. Таму спачатку, калі пачуўся ўстрывожаны голас Галіны Янчык: «Глядзіце, глядзіце, ах, каб яго!», я не адразу ўцяміў, што здарылася. Мне давялося доўга пакруціць галавой, пакуль не ўгледзеў тую шпакоўшо, што зацікавіла сяброў.

Гэта была адмысловая шпакоўня — гонар пяцікласнікаў, якіх сёлета першы раз у жыцці дапусцілі да варштата. Сіняя, з ажурнай разьбой на франтоне, з какетлівай палічкай пад круглай адтулінай-лазам і жоўтым вастраверхім дахам, яна ў свой час выклікала нямала кпін, Старэйшыя вучні даволі паздзекаваліся з пяцікласнікаў, казалі, што жыць у той шпакоўні ніводзін шпак не будзе, бо ён сціплая птушка і такая раскошная дача яму прыйдзецца не па густу. Калі і паселіцца ў ёй, дык зладзюга-верабей. Аж там пасяліўся шпак. Вывеў дзяцей, і цяпер у круглую адтулінку раз-поразу вытыркалася чорная галоўка. Яна паяўлялася і адразу прападала, быццам нехта адцягваў шпачка за хвост. Пасля, і неяк зусім нечакана, ён выкуліўся на палічку, узмахнуў крыламі і здзіўлена пакруціў чорнай галавой. Яго доўгая і яшчэ белаватая дзюба задралася ўгору. Так ён стаяў даволі доўга, асцярожна мацаючы крыламі паветра. Потым апусціў дзюбу, павярнуў галаву на бок і насцярожана замёр. Да зямлі было далекавата.

Шпачок паварочваў галаву і так і гэтак, пасля зноў задраў дзюбу ўверх. I зноў яго крылы пачалі мацаць паветра. Разы са два ціўкнуў, відаць для смеласці, потым нязграбна махнуў крыламі, замалаціў імі бязладна і паляцеў уніз.

Дзяўчаты спалохана войкнулі. Але шпачок учапіўся за галінку і зноў цвыркнуў, як здалося, узрадавана.

Галінка была тоненькая. Яна хісталася ўсё мацней і мацней. Шпачок спалохана махаў крыламі і толькі разгойдваў галінку. Нарэшце, не ўтрымаўся, упаў на траву і адразу ж паспрабаваў схавацца. Рабіў ён гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост.

Падабрала шпачка Галіна Янчык. Заціснула яго ў кулак, а ён усяляк спрабаваў схаваць галаву і бездапаможна міргаў.

— Кінь ты яго,— параіў Стасёк.— Шпакі яго і ў траве знойдуць.

— Пакуль знойдуць, дык кот з’есць.— Галя паднесла шпачка да твару і, нібы ён мог нешта зразумець, запыталася: — Праўда, ты не хочаш трапіць кату ў лапы?

Шпачок спачатку напалохаўся, а пасля дзюбнуў Галю ў вусны.

— Ах, ты задзіра…

Галя хацела выпусціць шпачка, але мне чамусьці стала шкада яго. Яшчэ і праўда зловіць кот.

— Давай, Галка, пасаджу яго ў шпакоўню…

Я ўзабраўся на сук. Галя падала шпачка, і я палез. Хоць і трымаўся адной рукой, але да шпакоўні я ўсё ж дабраўся.

Уцекача сустрэлі гнеўным піскам і валтузнёй.

— Ну, вы там, не вельмі на яго нападайце!..— сказаў я ўголас.

У шпакоўні адразу зрабілася ціха. Я пачаў злазіць. Не паспеў саскочыць з ліпы, як усе зарагаталі.

— Чаго вы?..

— Ён жа зноў вылез…

Шпачок, і праўда, сядзеў на палічцы. Толькі цяпер ён не кідаўся безразважна ў прастору, а прымерваўся, прыцэльваўся, махаў крыламі… і раптам паляцеў, неяк нясмела, але быстра.

Вось табе і шпачок!


МАРЫ


1

Рэчка Расянка, берагі якой скрозь зараслі алешнікам і вербалозам, непадалёк ад Кардону, як бы наткнуўшыся на стары здзірванелы курган, крута паварочвае на захад. Адсюль, аж да самае Віцьбы, раскінуліся Русакоўскія паплавы, увосень і вясной залітыя вадой, пярэстыя ад квецені ўлетку.

Зімой і пасля таго, як спадзе веснавая вада, мы, я і Стась, ходзім са школы напрасткі, праз поплаў. Але сёння нам хочацца ісці кружной дарогай.

Школа закончана. Атэстаты ўручаны. Можа болей ніколі не давядзецца хадзіць у абход кургана.

Курган гэты мае сваю легенду. Кажуць, што яго насыпалі па загаду Івана Грознага. Адсюль рускі цар кіраваў боем. Пасля бою ў кургане пахавалі воінаў. Кожнага ў латах, са зброяй. А наверсе цар паставіў капліцу з залатым крыжам.

Гэта, пэўна, няпраўда. А тое, што было на нашай памяці, факт. У сорак другім годзе, у блакаду, на гэтым кургане трынаццаць партызан дзень і ноч стрымлівалі немцаў. Ніводзін з партызан не ўратаваўся ад смерці. Затое брыгада і ўсё Зарэчча паспела схавацца ў Данькаўскіх лясах.

На іх магіле — невысокі курганок. Зроблены ён з каменя, бо тады, адразу пасля вайны, цэглы не хапала і на печы.

— А праўда,— пытаецца Стась,— што хутка паставяць сапраўдны помнік?

Я не адказваю, бо гэтыя размовы бываюць кожны год. Але сапраўднага помніка так і няма.

Прозвішчы загінуўшых партызан выпалены на дошцы, якая прымацавана дротам да каменнага курганка. Летась увосень, калі лазілі на курган, мы ледзьве разабралі сцёртыя непагодай літары. А што пакінула сёлетняя зіма?

— Давай, Стась, злазім на курган,— кажу я.

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Марина Суржевская - Академия - читать в ЛитвекБестселлер - Юлия Ефимова - Пока медведица на небе - читать в ЛитвекБестселлер - Валери Перрен - Поменяй воду цветам - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Маррс - The One. Единственный - читать в ЛитвекБестселлер - Юлия Ефимова - Ложь без срока годности - читать в ЛитвекБестселлер - Анджей Сапковский - Ведьмак - читать в ЛитвекБестселлер - Елена Сокол - Окно напротив - читать в ЛитвекБестселлер - Даррен Харди - Накопительный эффект. От поступка – к привычке, от привычки – к выдающимся результатам - читать в Литвек