Литвек - электронная библиотека >> Алесь Асіпенка >> Советская проза >> Абжыты кут >> страница 3
думаў, што Стась можа рабіць нейкія мудрыя вывады. Я ўсміхаюся. Стась заўважае гэта.

— Не верыш, можа? Вунь Хведарыха больш за ўсіх крычыць пра справядлівасць, а сама так і грабе ўсё, што дрэнна ляжыць. Толькі паспрабуй ёй пра гэта сказаць — вочы выдзярэ. Альбо брыгадзір наш. Дык ён жа цябе за праўду з’есць.

— Брыгадзір яшчэ не факт.

— А былы старшыня? Думаеш, чаму майго бацьку з механікаў знялі? Бо старшыні праўду ў вочы рэзаў…

— Пайшлі дамоў,— кажу я.— Нешта есці захацелася.

— Пайшлі…

Мы ідзём праз поплаў. 3-пад ног скачуць бурыя маленькія конікі, знікаюць у траве і пачынаюць цвыркаць. Здаецца, увесь поплаў звініць, спявае.

За ўзгоркам пачынаецца поле. Па ім поўзае маленькі трактар «Беларусь». На ім працуе Стасеў бацька Ягор Пацябня, ці, як яго завуць на вёсцы, Чолка. Мне не хочацца сустракацца са Стасевым бацькам. Ён любіць жартаваць і не вельмі каб удала, хутчэй абразліва. Але Стась не зварочвае на дарогу. Ён шыбуе па кукурузным полі проста да трактара.

Чолка заўважае нас, спыняе трактар сярод поля. Я здалёк бачу яго кплівую ўсмешку, і мне вельмі няёмка.

— Ну як, выпусцілі вас, дармаедаў?

— Выпусцілі,— адказвае Стась.

— Час і за розум брацца. I ахвота ж савецкай уладзе такіх бэйбасаў за партай трымаць…— Ягор крывіць шырокі, аброслы рыжай шчэццю рот.— Пакаж табялёк.

Стась неахвотна падае бацьку атэстат. Ягор выцірае рукі аб штаніну, разгортвае скрутак чорнымі ад мазуту пальцамі.

— Ото ж, бамбіза,— хмурэе ён.— Што ты толькі ў школе рабіў? Адны тройкі.

— Сам пасядзеў бы,— агрызаецца Стась.

— Я пасля чатырох класаў чалавекам стаў і болей за цябе знаю.— Ягор звяртаецца да мяне:— Ну, а ты куды? Мы дык заўтра заяву панясём. 3 такой дзіравай башкой, як у майго Стася, адна дарога…

Стась горбіцца, набычвае галаву, коса пазіраючы на бацьку, невыразна мычыць:

— Сам ідзі ў ветэрынарны…

Ягор пе зважае на сынавы словы. Для яго, па ўсім відаць, усё вырашана.

— Дурань ты і больш нічога. Чым жа ветэрынары горш за другіх жывуць. Хоць бы вунь Іваноў. Хату пяцісценку паставіў. Карову трымае. Дзве свінні. Курынага малака хіба не хапае. I работы той — кот наплакаў. Не тое, што нам, грэшным.

— Не хачу я свінням хвасты круціць,— Стась яшчэ больш натапырваецца.

— А ты не круці. Твая справа загадваць. Другія няхай круцяць. Праўду я кажу, Янка?

Ягор падміргвае мне і яхідна ўсміхаецца. Ніколі не разбярэш, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна.

— Мы са Стасем надумалі ў Мінск ехаць,— адказваю я.

— Во-во, толькі яшчэ вас там не хапала… Такіх, як вы, там набярэцца дай божа: да Масквы ракам не настаўляеш. I ўсе ў Мінск. А ён хіба гумавы? Не, Стась у Мінск не паедзе. Тут ён у мяне на вачах. А там… Я ягоную натуру ведаю. Яго лянота заела.

Стась бялее ад злосці. А Ягор толькі ўсміхаецца сваёй здзеклівай усмешкай.

— Давай атэстат,— рашуча кажа Стась.— А то вунь штэмпель мазутны паставіў.

Ягор згортвае атэстат, але не аддае. Яму, відаць, падабаецца, калі Стась злуецца.

— Нічога, атэстат і ў мяне цэлы будзе. А то ты яшчэ яго ў Мінск адашлеш. А што заляпаў крыху, дык не бяда. Адразу скажуць: рабочага чалавека сын паступае.

Мне робіцца крыўдна за Стася. Столькі абраз не выцерпеў бы ні адзін чалавек. А Стась церпіць. Ён толькі мяняецца ў твары, то чырванее, то бялее. Не мая справа абараняць Стася, але я ўжо не магу стрымацца. Якая справа бацькам да нас? Чаго ім трэба? Мы неяк і без іх знойдзем дарогу.

— Дзядзька Ягор,— лезу я ў размову.— Стась не хоча быць ветэрынарам.

— А кім жа вы хочаце быць? — сярдзіта пытаецца Ягор.— Можа міністрамі? То яшчэ няхай зады пер’ем абрастуць.

— Мы адвакатамі будзем.

— Знайшліся аблакаты. На лёгкі хлеб пацягнула. А ты ў зямлі пакалупайся… — Ягор ужо не ўсміхаецца. Ён адкінуў прэч свой кплівы тон і цяпер гаворыць усур’ёз: — Стрыкулістаў гэтых цяпер усюды хапае. А толку ніякага. Ды і заробак у іх курам на смех. Адно званне толькі што аблакат. Сербане ўранку чайку і ходзіць увесь дзень, кішкі падшчаміўшы. А Іваноў вунь леташняга сала кубел мае. Ды сёлетняга два. Во як жыць трэба…

— А я так не хачу жыць. Мне тваё сала во дзе сядзіць, аж горка.

Яны стаяць адзін супраць другога, абодва сухарлявыя, злосныя, з гнеўнымі вачыма. Стась ужо не выдае прыбітым і баязлівым. Але я ведаю, што вытрымкі ў яго хопіць ненадоўга. Таму я пачынаю падтрымліваць Стася.

— Дзядзька Ягор,— крычу, каб заглушыць іх галасы,— думаеце, сала — дык гэта ўсё? Думаеце, пяцісценка — раскоша? А што ў Іванова яшчэ ёсць? На душы? Нічога. П’е.

Ягор спыняе на мне цяжкі, нібы свінцовы, позірк. Верхняя губа з рэдкай рыжай шчэццю ўздрыгвае, агаляючы пракураныя зубы.

— А табе якое дзела? Іш, замалаціў. Па мне, ідзі хоць на пракурора — слова не скажу… А яго не пушчу. Баста!

Ягор падцягвае шырокія штаны.

— Я з табой яшчэ пагавару,— узлазіць ён на трактар і грозіць адтуль Стасю.— Бач ты, наслухаўся гэтага байструка Дар’інага і тожа мне лыч закапыліў… Я табе яго саб’ю.

Трактар натурліва тузаецца, спыняецца і, зноў ірвануўшыся, бяжыць па полі. Мы стаім, схіліўшы галовы, і чамусьці саромеемся паглядзець адзін аднаму ў вочы. Быццам не хто іншы, а мы самі зрабілі нешта благое. Потым ідзём па полі на дарогу. Мне хочацца сказаць Стасю, што ягоны бацька жорсткі і несправядлівы чалавек, але баюся пакрыўдзіць сябра. Яму і так горка. I раптам Стась сам загаворвае са мной. Але як!

— Ляпнуў! Ну хто цябе прасіў казаць, што ў Мінск едзем.

— А чаго тут хавацца. Раз дамовіліся, дык і кажы. Мяне хай бы на кавалкі рэзалі, а ад свайго не адступіўся б.

— Табе што. У цябе маці. А мой, што не так — па зубах. Думаеш, ахвота мне, каб кожны раз па мордзе білі?

— Дурняў заўсёды білі, а яны дома сядзелі.

— Падумаеш, разумнік… Ці даўно цябе матка венікам хвастала.

Гэта праўда. Але яна абурае. Навошта Стасю ўспамінаць пра тое, што было. I я адказваю злосна:

— Маю маці не чапай. Твой бацька і падэшвы яе не варты. Як яго з механікаў гналі, тады ён не тое казаў…

Стась спыняецца, глядзіць на мяне ашалелымі ад злосці вачыма. А я прыбаўляю кроку. Сорамна. Навошта пакрыўдзіў хлопца?


2

У канцы дваццатых гадоў наша вёска Зарэчча была цэнтрам зарачанскага калгаса. Пазней, калі калгас вырас, яна стала цэнтрам брыгады. Цяпер Зарэчча частка дзевятай брыгады вялізнага калгаса