Литвек - электронная библиотека >> Алесь Асіпенка >> Советская проза >> Абжыты кут >> страница 4
«Наперад». Але, як і некалі, брыгадзір або яго намеснік, ці ўчотчык бегаюць па хатах, угаворваюць людзей ісці на працу. Людзі папрывыкалі да гэтага. Зручна. 3 вока на вока з брыгадзірам можна палаяцца або пагаварыць шчыра. Можна пачаставаць брыгадзіра чаркай і атрымаць лягчэйшую работу. Можна, наогул, нікуды не ісці. Выгод шмат.

Зарэчча на водшыбе. Да цэнтра калгаса аж восем вёрст. Таму да нас начальства заглядае рэдка. Можа каб у Зарэччы быў цэнтр брыгады, начальства заглядала б часцей, а так рабіць яму тут няма чаго. I людзі не вельмі засмучаюцца гэтым.

Зарачанцы таксама нідзе не бываюць. Скаргі адсылаюць праз паштальёна, аднарукага Піліпа Вострыка. Праз яго ж атрымліваюць і адказы. Вострык — адзінае, хоць і не вельмі надзейнае, звяно сувязі з цэнтрам калгаса. Але ён часта хварэе. Тады весткі з канторы даходзяць да зарачанцаў праз памочніка брыгадзіра Сцяпана Макуху. Але гэтым весткам не дужа вераць, бо Сцяпан добры манюка.

Клуба ў Зарэччы няма. Даўней, калі ў вёсцы была брыгада, на раскрыжаванні дарог стаяў клуб. Там можна было згуляць у даміно на доўгім стале, а таксама патанцаваць. Цяпер клуб пераданы сельпо. Хоць наша вёска і не цэнтр брыгады (цэнтр знаходзіцца ў Русаках), але краму адчынілі тут. Яно і сапраўды, лепшага месца для крамы не знойдзеш. Зарэчча ляжыць на скрыжаванні дарог, адна з якіх ідзе з горада на Баваршчыну, другая са смаленскай шашы на суражскую. Месца тут бойкае, і гандаль ідзе поўным ходам.

Каб не гэтая крама, дык наша Зарэчча было б самай глухаманню. Ды і так не вельмі весела і людна. Некалі ў горад ездзілі на конях. Цяпер больш на машынах. I шафёры часцей за ўсё абмінаюць краму.

У нас амаль увесь дзень цішыня. Зарачанцы не любяць шумных сварак, не любяць вырашаць спрэчкі з дапамогай начальства. У часе вайны не любілі тых, хто распускаў язык, хто бегаў скардзіцца. Даражэй за ўсё людзі цанілі тады згоду. Вайна даўно закончылася, але прывычка жыць згодна — засталася. Згода гэтая толькі знешне здаецца трывалай. Людзі не вельмі каб дружылі. Але ж ледзьве што здарыцца, усе пачынаюць трымаць адну лінію.

Наша хата стаіць пад узгоркам. 3 акна добра відаць імшара, а за ёй рэдкі лясок на беразе рова. Другое выходзіць на дарогу і на вокны Хведарышынай хаты, што па той бок вуліцы. 3 Хведарышынай Нюсяй я тры гады вучыўся ў адным класе. Нашы імёны адзін час плюсавалі на ўсіх дошках плота. Я злаваў, біўся з хлопцамі. А Нюся толькі ўсміхалася. Яна была старэйшая за мяне на паўтара года. Пасля сямігодкі Нюся падалася ў Мінск на курсы медсясцёр, і цяпер Хведарыха кожнаму кажа, што за Нюськай ухажвае «нацэнт».

Ў тую раніцу я прачнуўся даволі позна. Сонца паднялося высока, бо жаўтлявая палоска святла ляжала ўжо не на сцяне, а на падлозе. Маці ў хаце не было. Яна тупала ў сенцах. Адтуль чуўся парасячы піск.

Пад акном прамільгнула знаёмая постаць, і неўзабаве я пазнаў жартаўлівы, хрыпаты голас Сцяпана Макухі, ці па вясковаму — «Слухай сюды».

— Памагай бог, Дар’я!

— А-а-а, Сцяпанька, дзякуй табе, і сама ўпраўлюся. Можа, смятанкі вып’еш. I ці снедаў, глядзі?..

— Квасу б мне,— хрыпіць Макуха.— Гэта ж, слухай сюды, Хведарыха пачаставала ўчора нейкім паскудствам, дык і сёння грудзі пячэ.

— Жмінда!

— Жмінда!

— Можа депей настойкі. У мяне на бярозавых пупышках. Рабіла спіну націраць, ды слава богу…

Нейкі час Сцяпан Макуха маўчыць, пасля нерашуча, баязліва просіцца:

— Пахнуць жа будзе. А тут жа, слухай сюды, рэвізія едзе. Сам меўся быць…

— Госпадзі, а чаму ж сам? Ці не напісаў хто?

— Думаеш, не… Русакоўцы ўсё, каб іх немач. Усё ім мала.

— Аняго ж, вочы мы ім колем, ці што?

— Хіба адну чарку,— раздумліва кажа Макуха.— Ну так пячэ ў сярэдзіне, хоць плач.

— Выпі, Сцяпанька.

Зноў на нейкі час усталёўваецца маўчанне. Сцяпан куляе запар, мабыць, тры чаркі. Бо неўзабаве гаворыць ужо звонка. Хрыпаты як і не было:

— Ай, Дашачка, дзякуй. Гэта ж, слухай сюды, ратунку не было. А то, як рукой зняло.

— У мяне рука лёгкая, бо не шкадуючы частую,— хваліцца маці.

— Во, ледзь не забыўся. Усю дарогу думаў і — на табе! Галава, хай на яе немач. Гэта ж во, слухай сюды, якую навіну пачуў. Загурскі прыязджае.

Я аж прыўзняўся на ложку. Прыслухаўся. Маці адказала спакойна:

— А мне што, няхай едзе.

— Упусціла ты, Дашка, такога хлопца. Маёрыхай была б.

— Хіба знаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш?

— Яно так. А толькі, слухай сюды, шкада…

Маці не адказала. Мне здалося што прамаўчала яна не выпадкова. Вось, каб пабачыць яе твар, тады я адразу сказаў бы, чаму яна змоўкла. А Сцяпан Макуха засабіраўся ўжо далей па хатах.

— Дык, слухай сюды, Дар’я. Начальства трэба сустрэць, каб камар носу не падтачыў. Усе бабы на кукурузу пойдуць, дык і ты ўжо не адстань. Паедзе, тады і палёгку можна дапусціць.

— Як усе, так і я.

— Гэта я знаю. Ты не адстанеш. А Янку свайго пашлі ток чысціць. Гэта ж, слухай сюды, даўно ўказанне было такі і свірны да ладу прывесці, а вось рук дацягнуць не было як.

— Няхай бы дома пабыў. Экзаменты на носе.

— Адзін дзень, слухай сюды, не ратунак, а нам козыр.

— Добра, скажу. Ці паслухае толькі?

— Я ля Данілавай хаты буду. Няхай туды прыходзіць.

Сцяпанава шапка мільгае ў акне. У хату заходзіць маці. Я спадцішка ўглядаюся ў матчын твар, шукаючы на ім усхваляванасці. Але на ім, апрача прыкрасці, нічога не відаць.

— Няхай яго разарве,— бурчыць маці.— Не паспее вочы прадраць, як ляціць па хатах, каб пахмяліцца дзе. Во ўжо ненажэрная прорва!..

Мне балюча слухаць матчыны словы. Сама ж набівалася, а цяпер лае чалавека за вочы. Брыдка, хоць я і прывык да гэтага. Чаму маці ў вочы кажа адно, а за вочы другое? Можа і другія так робяць? Можа і пра мяне кажуць што-небудзь благое, хоць у вочы гавораць толькі добрае?

— Спіш во да паўдня,— кажа маці да мяне.

Я адчуваю сябе няёмка. Папрок горкі, які я не раз чуў, прымушае мяне падняцца. Навошта маці папракае?

Маці спяшаецца падаць снеданне. Яна хапаецца за ўсё адразу. Насыпае ў міску бульбы, на хаду пераапранаецца, прыбірае стол. Я вельмі люблю глядзець, як яна завіхаецца ля печы. Усё выходзіць у яе прыгожа, аж люба глядзець. I мне становіцца весялей.

— Сцяпан казаў, каб памог ток чысціць,— кажа яна, прысаджваючыся на табурэтку.

— Добра,— адказваю я.

Снедаем мы паспешліва. Я першы выходжу на вуліцу, бяру кірунак на Данілаву хату.