Литвек - электронная библиотека >> Лідзія Арабей >> Советская проза >> Ваўчкі >> страница 23
усё гэта гарэлка, усё яна, ну хіба цвярозы зрабіў бы такое? Канечне, каб вы як памаглі таму дурню, то няхай бы памаглі, каб нябожчыца сястра ведала... Ды гэта дзіця мо і звяло яе ў магілу, столькі яна з ім, бедная, гора набралася... Ды і дурня таго шкода, можа той вотчым мазгі яму адбіў, каб яго магіла ўзяла. Скажыце, чаму гэта добрыя людзі паміраюць, а паганых зямля носіць...

Павел Іванавіч зноў лавіў у Марусіным апавяданні тое, што было важна для яго. Значыцца, у гэтага Зайчыка быў айчым... Што ж, Таня магла выйсці замуж... Не трэба больш цягнуць, хутчэй няхай яна ўжо гаворыць, ён жа быў гатовы да ўсяго, дык чаго ж цяпер баіцца...

— У вашага пляменніка быў айчым... А бацька... Бацька яго хто? — спытаў ён глухаватым, чужым самому сабе голасам.

Маруся правяла далоняю па абрусе, зноў уздыхнула.

— Як вам сказаць... Бацька... недзе сабакам сена косіць... Кінуў ён яе. Яшчэ як дзіця не нарадзілася, ну, а потым, хто ж добры ўзяў бы яе з дзіцем? Выйшла замуж за ўдаўца, за п’яніцу, той адну жонку звёў у магілу, і Валю нашу...

Як толькі Павел Іванавіч пачуў імя — Валя,— у грудзях у яго нешта як скалыхнулася. Ён патушыў папяросу, прыдушыўшы яе аб дно сподка, выняў з кішэні хустачку, выцер лоб, шыю. Ён ужо слаба слухаў, што гаварыла Маруся далей, у вушах у яго гучала адно імя — Валя. Ён хацеў пачуць яго яшчэ раз, яшчэ раз пераканацца.

— Дык, кажаце, вашу сястру, маці вашага пляменніка звалі Валя? — спытаў Павел Іванавіч, спытаў — і як ступіў на міннае поле: а раптам Маруся другі раз не назаве гэта імя, а раптам яна агаварылася?

— Ага, Валя,— падняла Маруся вочы на Паўла Іванавіча.

Жалезны абруч, што колькі дзён сціскаў грудзі Паўла Іванавіча, пачаў адпускацца, заласкатала, варухнуўшыся, радасць. Але Павел Іванавіч ужо баяўся паверыць самому сабе, спытаў яшчэ раз, для большай пэўнасці:

— А дзе яна працавала?

— На фанернай фабрыцы,— адказала Маруся.— I той там рабіў, Віцькаў бацька, Зайчык гэны самы. А потым завербаваўся і паехаў на лесаразработкі, так дасюль там і разрабатвае, ні слуху пра яго ні духу...

За сцяною іграла радыё, ці яно і раней іграла, ці Павел Іванавіч толькі цяпер пачуў музыку. Смяялася, бегала, нечым стукала дзіця. Паўлу Іванавічу здалося, што гэтае іграе, смяецца і бегае само жыццё, і як добра яму вярнуцца ў гэта жыццё, ведаючы, што асуджаны Зайчык зусім чужы яму чалавек, што яго нарадзіла нейкая Валя, якой ён ніколі не ведаў, ніколі ў жыцці не бачыў.

А Маруся расказвала:

— Ён жа так біў Валю і Віцьку біў, яшчэ малога вучыў піць гарэлку, дзіцяці пяці гадоў не было, а ён налье яму ў шклянку і крычыць: «Пі, гад, усё роўна будзеш піць!»

«Хто гэта каго біў?.. Ага, той удавец біў Валю і Віцьку біў, вучыў піць гарэлку... Божа мой, колькі ў нас яшчэ дзікасці... Бедная жанчына...»

— Я тады яшчэ малая была, Валя была нашмат за мяне старэйшая, але і то помню, як яна да нас прыбягала ўся збітая. Яшчэ як мама жывая была, дык угаварвала Валю, каб кінула яго, дык не кідала, галаву апусціць і будзе казаць: «Няхай б’е, мне ўсё роўна. Той раз ударыў, а век будзе балець...» Гэта яна пра таго, пра Віцькавага бацьку, што кінуў яе. А красівы быў мужчына, я вам скажу, і любіла яго Валя, а таго п’яніцу і праўда як ты кінеш, калі двое дзетак і ад таго з’явілася, дзеўка цяпер то ўжо вялікая, шаснаццаць гадоў, а хлопцу дзесяць, як сястра памерла — у прыют аддалі, бо пры такім бацьку і з гэтага невядома што вырасла б. Я цяпер думаю — ці не забраць мне яго з прыюта, каб са мною жыў, раней то кватэры не мела, а цяпер вось далі кватэру, ды не ведаю, ці будзе яму ў мяне лепей, як у прыюце, там за ім догляд, там вучыцца, а тут я на работу пайду, а ён будзе адзін бадзяцца...

Павел Іванавіч ніяк не мог прывыкнуць да сваёй радасці, але ён ужо саўладаў з сабою і зноў слухаў Марусю, тым больш, што цяпер не баяўся яе слухаць, кожнае яе слова цяпер вяртала яму спакой і ўпэўненасць. Ён цяпер шчыра шкадаваў тую Валю, шкадаваў і таго хлопца, Зайчыка, каб мог, то быў бы рады яму памагчы. Ён успомніў ухмылачку Зайчыка, як той ухмыляўся ў судзе, што гэта было — ці бравада хулігана — мне, маўляў, нічога не страшна,— ці хвароба чалавека, які з дзяцінства атручаны алкаголем, якога з дзяцінства моцна білі. Дзе канчаецца адно, дзе пачынаецца другое, дзе хвароба, а дзе распушчанасць, што з чаго пачынаецца?

Шыбы пачалі сінець, кароткі зімовы дзень канчаўся. Маруся ўстала, запаліла святло, і Павел Іванавіч падумаў, што яму трэба паднімацца, ісці дахаты, што позна ўжо, на вуліцы сцямнела. Успомніў, што не папярэдзіў жонку, яна недзе чакае, не ведае, дзе ён дзеўся. Звычайна, калі ён дзе затрымліваўся, дык папярэджваў альбо званіў, але тут няма тэлефона.

А Маруся зноў села на сваё месца і зноў пачала расказваць. Яна, мусіць, была з тых жанчын, якія любяць пагаварыць, якіх, калі ўвойдуць у ахвоту, і спыніць цяжка. А можа проста ў яе набалела, накіпела, а паспавядацца няма перад кім, жывё адна. Яна расказвала то пра сястру, то пра Віцьку, то пра сябе — як Віцька ў школе кепска вучыўся, як Валя гаравала з ім, як выпіналася, каб накарміць і адзець дзяцей, бо той п’яніца ўсё прапіваў.

— Ну, а таго, Віцькавага бацьку, не шукалі? — спытаў Павел Іванавіч ужо хутчэй для таго, каб падтрымаць размову, каб паказаць Марусі, што ён слухае.— Аліменты трэба было спагнаць.

Маруся памаўчала, гледзячы ўбок, на засланы блакітнаю капаю ложак, паціснула плячыма.

— Што ж тут шукаць... Калі чалавек уцякае, то начорта яго шукаць. Ды яны з Валяю былі не запісаныя, калі дзіцяці прозвішча давалі, то Валя сведкаў брала, пацвердзілі суседзі, што Зайчык жыў у яе і ўцёк, паехаў. А калі б яго шукаць, то не столькі тых аліментаў было б, як валакіты. Я вам скажу, час быў такі, пасля вайны, мужчын пабіла, баб многа засталося, дзевак нарасло, усім замуж хацелася, каторьш дзеўкі і самі на шыю вешаліся, адбівалі мужыкоў. Хаця, як паглядзіш, дык і цяпер свет не лепшы, жэняцца, разводзяцца, мужчыны многа п’юць. I ў мяне ёсць адзін, сватаецца, але я баюся звязвацца, бо выпівае.

Павел Іванавіч падумаў, што, мусіць, гэты чалавек і пакінуў тут пачак «Беламору», які ляжаў цяпер на стале, а змяты акурак — у сподку з жоўтым беражком.

Трэба было ўставаць, ісці дахаты. Што сказаць гэтай жанчыне на развітаыне, чым закончыць размову? Падзякаваць за тое, што расказала, папрасіць прабачэння за тое, што адабраў у яе столькі часу? Яна ж з работы, недзе галодная, Павел Іванавіч сёння таксама не абедаў і раптам адчуў, што ён моцна хоча есці.

Дачакаўшыся, калі Маруся прыпынілася ў сваім расказе, ён устаў. I Маруся паднялася з крэсла, уздыхнула.

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Анна Гавальда - 35 кило надежды - читать в ЛитвекБестселлер - Борис Акунин - Аристономия - читать в ЛитвекБестселлер - Бенджамин Грэхем - Разумный инвестор  - читать в ЛитвекБестселлер - Евгений Германович Водолазкин - Лавр - читать в ЛитвекБестселлер - Эдвард Станиславович Радзинский - Николай II - читать в ЛитвекБестселлер - Келли Макгонигал - Сила воли. Как развить и укрепить - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс Холлис - Под тенью Сатурна - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс Т Манган - Секрет легкой жизни. Как жить без проблем - читать в Литвек