Амаль уся беларуская літаратура ў маёй бібліятэцы з аўтографамі.
Калі ўлічыць, што я ніколі ў жыцці не займаў (дарэчы, і ніколі да гэтага не імкнуўся!) вельмі высокіх пасад і ніхто ад мяне ніколі асабліва не залежаў, то шчырыя, цёплыя, зычлівыя, сардэчныя надпісы на кнігах, прызнанні і пажаданні ішлі, я веру, ад чыстага сэрца: чалавек як думаў, што думаў, тое і пісаў.
Гэтую размову пра аўтографы мне хочацца пачаць з гадоў студэнцтва.
Адным з першых маіх аўтографаў быў сяброўскі надпіс на томіку выбранай паэзіі Пімена Панчанкі, які ў 1956 годзе выйшаў у школьнай серыі. Яго падараваў мне аднакурснік па журфаку БДУ, мой незабыўны сябра Юра Новікаў 15 студзеня 1957 года. У дзень майго нараджэння. Мне — 21 год. Юру — і таго меней: ён з 1938 года. Мы — аднакурснікі. У нас усё яшчэ наперадзе.
|