Литвек - электронная библиотека >> Альбер Камю >> Классическая проза >> Здрадлівая жонка >> страница 2
паўзачыненых аканіцах. Лета, пляжы, прагулкі, нават неба засталіся недзе далёка. Марсэля, здаецца, не цікавіла нічога, апроч яго справаў. Жанін спадзявалася, што зможа ўрэшце загарэцца сапраўдным пачуццем да грошай, але невядома чаму любові да іх у яе не ўзнікала. Зрэшты, яна імі карысталася. І муж не быў скнарам; наадварот — ён быў вельмі шчодры, асабліва з ёю. «Калі са мной што-небудзь здарыцца,— казаў ён,— ты не застанешся без сродкаў». Што ж, сродкі былі, сапраўды, патрэбныя — каб жыць. Але дзе ўзяць сродкі, каб забяспечыць тое, што не ўваходзіць у лік самых простых чалавечых патрэбаў? Падсвядома гэтае пачуцце раз-пораз пачынала яе трывожыць. Тым часам яна дапамагала Марсэлю весці яго канторскія кнігі і калі-нікалі падмяняла ў краме. Цяжэй было ўлетку, калі спёка знішчала нават салодкае адчуванне нуды.

І раптам, якраз у самы разгар лета,— вайна, Марсэль мабілізаваны, потым прызнаны непрыдатным да службы, дэфіцыт тканіны, поўны застой у справах і толькі бязлюдныя і спякотныя вуліцы. Цяпер, калі б нешта здарылася, у яе не было б супраць гэтага ўжо ніякіх сродкаў. Таму, як толькі тканіна зноў пачала ўзнікаць на рынку, Марсэль надумаў аб'ехаць вёскі на высокіх плато на поўдні і дамовіцца аб продажы тавару тамтэйшым арабскім гандлярам наўпрост, а не праз пасрэднікаў. Ён хацеў, каб Жанін паехала з ім. Яна ведала, што з транспартам дагэтуль існуюць цяжкасці, яна мучылася на задышку і хацела б лепей застацца і чакаць яго дома. Але ён настойваў, і ўрэшце яна саступіла — каб адмовіцца, трэба было надта многа энергіі. I вось яны ехалі, але гэта было далёка не так, як ёй уяўлялася. Яна апасалася спёкі, безлічы мух, брудных гатэляў, прапахлых ганушовым смуродам. Яна і не думала пра холад, рэзкі вецер і гэтыя голыя, ледзь не сібірскія ўзгор'і, заваленыя вялізнымі глыбінамі. Яшчэ ёй мроіліся пальмы і мяккі пясок. Цяпер яна бачыла, што пустэльня — гэта штось іншае, гэта адны камяні, камяні паўсюль — і ў небе, дзе не было нічога, апроч халоднага і рыпучага каменнага пылу, і на зямлі, дзе паміж камянёу прабіваліся толькі сухія былінкі.

Нечакана аўтобус спыніўся. Не паварочваючы галавы, шафёр прагугнявіў нешта на мове, якую яна чула ўсё жыццё, але ніколі не разумела.

— Што здарылася? — папытаўся Марсэль.

Шафёр, гэтым разам па-французску, растлумачыў, што, відаць, у карбюратар забіўся пясок. Марсэль пачаў клясці гэты жахлівы край. А шафёр, засмяяўшыся на ўсе зубы, запэўніў, што ўсё гэта нястрашна — карбюратар ён хутка прачысціць і яны паедуць далей. Ён адчыніў дзверы, і ў тое ж імгненне халодны вецер, уварваўшыся ўсярэдзіну, упіўся пасажырам у твар тысячамі дробных пясчынак. Арабы адразу скурчыліся, схаваўшы насы ў бурнусы.

— Зачыні дзверы, — зароў Марсэль.

Але шафёр, смеючыся, ужо вяртаўся назад. Ён няспешна ўзяў з-пад прыборнае дошкі некалькі інструментаў і, зрабіўшыся адразу маленькім у пясчанай смузе, зноў знік спераду аўтобуса, так і не зачыніўшы дзвярэй. Марсэль глыбока ўздыхнуў:

— Магу цябе запэўніць, што ён і матора ніколі ў жыцці не бачыў!

— Перастань,— сказала Жанін.

Раптам яна скаланулася. На ўзбочыне зусім побач з аўтобусам стаялі ўхутаныя з галавой нерухомыя постаці. З-пад капюшонаў, пераматаных паверх шматлікімі столкамі тонкай тканіны, віднеліся толькі вочы. Невядома адкуль узяўшыся, яны моўчкі глядзелі на пасажыраў.

— Пастухі,— прамовіў Марсэль.

У салоне панавала поўная цішыня. Пасажыры, угнуўшы галовы, нібыта прыслухоўваліся да голасу ветру, выпушчанага на волю пасярод гэтых бясконцых пляскатых узгор'яў. Жанін раптам са здзіўленнем заўважыла, што вакол не відаць амаль ніякага багажу На чыгуначнай станцыі шафёр закінуў на дах іхні куфар і некалькі скруткаў тканіны. А ўсярэдзіне на багажных сетках ляжалі толькі пляскатыя паўпустыя кашы ды вузлаватыя палкі. Відаць, гэтыя жыхары поўдня вандруюць улегцы.

Тым часам шафёр, з ранейшым засяроджаным выглядам, ужо ўскочыў у аўтобус. Толькі яго вочы смяяліся над павязкай з тонкага вэлюму, якой ён таксама абкруціў твар. Абвясціўшы, што яны зараз паедуць, ён зачыніў дзверы. Вецер аціх, і адразу выразна пачуўся пясчаны дождж, які сыпаў у шыбы. Матор чхнуў і захлынуўся. Але пасля доўгіх упрошванняў стартэр нарэшце завёўся, і шафёр прымусіў яго некалькі разоў зараўці, ціскаючы на газ. Рэзкім штуршком машына кранулася з месца. 3 нерухомай масы ўкручаных у лахманы пастухоў узнялася рука і растала ў смузе недзе ззаду. Аўтобус амаль адразу заскакаў на калдабанах дарогі, якая прыкметна пагоршылася. Арабы безупынна калываліся ад трасяніны. Жанін пачала ўжо адчуваць, як яе адольвае сон, калі раптам перад ёй узнікла жоўтая скрынка з жавальнымі пласцінкамі з пальмавай смолкі. Салдат-шакал ёй усміхаўся. Яна нерашуча пачаставалася і падзякавала. Шакал схаваў скрынку ў кішэні і адразу нібыта праглынуў усмешку. Цяпер ён ізноў глядзеў перад сабой на дарогу. Жанін павярнулася да Марсэля, але ўбачыла толькі яго салідны карак. Ён узіраўся скрозь шыбу ў згусцелы туман, што ўздымаўся над рухомымі гурбамі пясчанага пылу.

Яны ехалі ўжо шмат гадзінаў, і ўсё жыццё ў салоне аціхла пад цяжарам стомы, калі раптам звонку данесліся крыкі. Абапал аўтобуса беглі апранутыя ў бурнусы дзеці, якія падскоквалі, ляскалі ў ладкі і круціліся, як ваўчкі. Аўтобус ужо каціў па доўгай вуліцы з нізкімі хатамі: яны ўязджалі ў аазіс. Вецер дзьмуў з не меншаю сілай, але часцінкі пяску, натыкаючыся на перашкоду, якой былі сцены, ужо не засланялі святла. Неба, аднак, па-ранейшаму было абложанае. 3 жудасным скрогатам тармазоў аўтобус спыніўся пасярод крыклівага натоўпу перад гатэльчыкам з павеццю на гліняных слупах і з бруднымі вокнамі. Жанін выйшла і, ступіўшы на зямлю, адчула, як яе ўсё яшчэ гайдае. Па-над хатамі яна ўбачыла воддаль стромкі абрыс жоўтага мінарэта. Злева вымалёўваліся першыя пальмы аазіса, і яе пацягнула туды. Але хоць час хіліўся да поўдня, холад заставаўся пранізлівым, і пры парывах ветру яна пацепвалася. Павярнуўшы галаву, яна пашукала Марсэля, але спачатку ўбачыла толькі салдата, які накіроўваўся ў яе бок. Яна чакала, што ён усміхнецца ці павітаецца з ёю. Але ён прайшоў, не зірнуўшы, і знік. Марсэль тым часам займаўся спусканнем чамадана з тканінаю, вялізнага чорнага куфра, успёртага на дах аўтобуса. Мяркуючы па ўсім, гэтая справа была няпростая. Паклажай займаўся адзін шафёр, але і ён спыніўся, на ўвесь рост выпрастаўшыся на даху і пусціўшыся ў перамовы з натоўпам у бурнусах, які колам абступаў машыну. Абложаная з усіх бакоў гэтымі нібыта вычасанымі з косці, абцягнутымі скурай тварамі, прыгнечаная гартаннымі крыкамі, Жанін раптам адчула, наколькі стамілася.

— Я пайду,— сказала яна Марсэлю, які нецярпліва спрабаваў