ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Мариам Петросян - Дом, в котором… - читать в ЛитвекБестселлер - Эрик Рис - Бизнес с нуля - читать в ЛитвекБестселлер - Марк Гоулстон - Как разговаривать с м*даками. Что делать с неадекватными и невыносимыми людьми в вашей жизни - читать в ЛитвекБестселлер - Стив Нисон - Японские свечи: Графический анализ финансовых рынков - читать в ЛитвекБестселлер - Гэвин Кеннеди - Договориться можно обо всем! Как добиваться максимума в любых переговорах - читать в ЛитвекБестселлер - Стивен Шиффман - Золотые правила продаж: 75 техник успешных холодных звонков, убедительных презентаций и коммерческих предложений, от которых невозможно отказаться - читать в ЛитвекБестселлер - Анна Альфредовна Старобинец - Посмотри на него - читать в ЛитвекБестселлер - Карен Армстронг - История Бога: 4000 лет исканий в иудаизме, христианстве и исламе - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Арлоў >> Современная проза и др. >> Міласць князя Гераніма >> страница 3
гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін - таўсматы і вірлавокі, другі - драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.

Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча, - прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.

- Што за людзі? - напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.

Сусед аказаўся гаваркі.

- Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага, - кіўнуў дзед на ўскудлачанага, - Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.

Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.

- А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай, - зноў загаварыў ён да дзеда.

- Мір, - пацвердзіў той. - Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.

- Пасаднік! Пасаднік!.. - пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.

Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:

- Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. І бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў!

Збой прыслухаўся і пацішэў.

- Пятро я. Хрыстом-Богам прашу, не губіце бязвінную душу! - маліў вастраносы.

Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

- Можа, і праўда Пятро ён? - прамовіў нехта.

- На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! - гучна сказаў да людзей пасаднік.

- Грэшны, не сцярпеў пакуты, - зноў падаў голас кудлач. - Сам на сябе нагаварыў.

- Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! - закрычалі ў натоўпе.

- Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві, - пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага, - ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.

Збой незадаволена загудзеў.

- Пятро я! - адчайдушна заекатаў кудлач. - Крыж буду цалаваць, што Пятро!

У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:

- Яго імя Готфрыд.

- Не верце яму, людзі! - у смяротным жаху заверашчаў кудлач. - Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!

- У Дзвіну іх! - выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: - У Дзвіну!

Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі раты выведнікаў анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.

- Далей адвозьце! - загадаў пасаднік. - А то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць.

Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.

- Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае, - пачаў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.

- Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы, - сурова азваўся нехта. - Самі яны свае душы загубілі.

Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:

- Глядзіце! Глядзіце!

На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.

Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.

Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры - прыцішана.


3.
Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.

Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты - чудскага старэйшыны і малады, звонкі - тлумача, маці якога была крывічанкаю.

- Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.

Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацак на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі