Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Поэзия >> На высокім алтары

Ніл Гілевіч НА ВЫСОКІМ АЛТАРЫ


Новая кніга паэзіі


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, На высокім алтары. Новая кніга паэзіі.— Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.—142 с.


Рэдактар: Г. А. Шаранговіч


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010


МНЕ СТОЛЬКІ ХОЧАЦЦА ТАБЕ СКАЗАЦЬ...

* * *


На высокім алтары,
у лясной старонцы...
Ты гары, гары, гары,
Залатое сонца!
Не паводка цераз край —
Дар крыніц глыбінных...
Ты пылай, пылай, пылай,
Дзень мой галубіны!
Не раптоўны бунт крыві -
Боль душы няснёны...
Дык жыві, жыві, жыві,
Міг багаславёны!..
1990

* * *


Я не той,
Што ў Бога ў ласцы...
Я жыву мальбою:
Хай табе не перадасца
Гэта скрушнасць болю.
Гэты сум,
Што точыць сэрца
Горкасцю нядобрай,
Хай табе не перальецца
Аніводнай кропляй!
Хай твой дух
Другім напоем
Хмеліцца яскрава,
Бо на тое, чым я повен,
Ты — не маеш права.
1990

* * *


Гэта — доля, якое я варты?
I я мушу паверыць? О, не!
Гэта — лёсу паблажныя жарты.
Гэта — тое, што пройдзе, міне,
Як праходзіць парою спякотнай,
Калі сонцам затоплены свет,
Срэбны дожджык з хмурынкі залётнай —
Нават пыл не прыбіўшы як след,
Не збудзіўшы карэньчыкі ў доле —
У засмяглай, усохлай зямлі...
О мая неразменная доля,—
Ажыві! Напаі! Наталі!
І даруй, што журуся ў маўчанні,
Што не ў змозе вясёла спяваць,
Што цяжэй і цяжэй мне начамі
Рукі, склаўшы на сэрцы, трымаць.
1990

* * *


Як нечакана сцюжаю дыхнула
На першацвет, на першаспеў вясны!
I курчацца зялёныя лісточкі —
Зняверанага шчасця вестуны.
I аблятаюш. белыя пялёсткі —
Спадманныя, нязбыўлівыя сны,
I сыпяцца, і сьгаяцца яны,
Ужо з іх вырас цэлы курганок —
На свежай наспе, на магіле мар,
А поверх — з металёвых руж вянок,
На чорным крэпе літары — не тыя,
Што звыкла намалёўвае маляр,
Не срэбраныя і не залатыя,
А пісаныя почыркам знаёмым,
Такім знаёмым мне, што як убачу —
Здаецца, не стрымаюся, заплачу.
1990

* * *


Вось і стала табе спакайней,
Сунімаецца нават і памяць.
Ані ў сэрца трывога кальне,
Ані згадка балюча апаліць.
Ну, а стане спакойна зусім...
Так спакойна, што ўпоўначы выйдзеш
I ў марозную зорную сінь
Ты, як воўк адзінокі, завыеш.
1990

* * *


Мне столькі хочацца табе сказаць,
Як бы яшчэ я не казаў нічога —
I слоўца нават аднаго-другога
Не вымавіў, каб споведзь распачаць.
Але прашу цябе — ты знай і помні:
Што не паспею я сказаць табе —
Даскажуць сонца залатыя промні
У вераснёвай сцішанай журбе;
Даскажа ветрык раніцай вясновай,
Што будзе лашчыць твой прыгожы твар;
Даскажа лес сваёй таемнай мовай —
Праўдзівы знаўца дум маіх і мар;
Даскажа ў полі пад гарой крынічка,
Што па каменьчыках бяжыць-журчыць,
I шэрая зязюля-варажбітка,
Што мне накукавала доўга жыць.
Ты толькі іх гаворку зразумей
I слухай, слухай, слухай іх часцей!..
1991

Малітва


Божа прамілы, прасветлы,
Шчыра і слёзна малю:
Спраўдзі, як сон запаветны,
Гэтую просьбу маю.
Я не прашу даўгалецця,
Скарбаў тым больш не прашу.
Хай мне адно дастанецца —
Перш, чым свой круг завяршу,—
Хай у тым полі, дзе ўсё мне —
Блізкая кроўна радня,
Летняю ноччу бяссоннай
Я прахаджу давідна.
Не, не адзін... Ну, канешна,
З ёю там буду я, з ёй —
З песняй маёю бязгрэшнай,
З марай юнацкай маёй!
Хай мы паслухаем разам
Даляў начных галасы,
Хай там, як россып алмазаў,
Бліскаюць кроплі расы;
Хай нам ля вербаў паніклых
Ноч прасцірадла прадзе,
Хай да святое крынічкі
Нас светлячок завядзе.
Хай прычашчэннем да тайны
Стане нам глытка вады,
Каб пацалунак расстайны
Быў, як агонь малады!..
1991

Толькі тая адна


Дробны дожджычак-дожджык,
Вераснёвы, начны,
Насылае і доўжыць
Супакойныя сны.
Ад змяркання шапоча
Па маім будане.
Мабыць, шэптамі хоча
Супакоіць мяне.
Знаю, дожджычак дробны,
Ціхай ласкай тзкой
Многім вернеш ты добры
I настрой і спакой.
А мяне супакоіць
Толькі тая адна,
Што душу маю колісь
Азарыла да дна.
Толькі тая, што потым,
Прашаптаўшы «люблю»,
У адвечных турботах
Мне адкрыла зямлю.
Толькі тая, што ўрэшце,
Расквітнеўшы, як квет,
У шчаслівай усмешцы
Мне адкрыла сусвет.
1992

I наш малебен


Не знаю, што са мной такое: