Литвек - электронная библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Современная проза >> Сцягі над штыкамі

Іван Шамякін СЦЯГІ НАД ШТЫКАМІ

Аповесці, апавяданні


Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Сцягі над штыкамі. Аповесці, апавяданні, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1978.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

ПЕРШЫ ГЕНЕРАЛ


Пачалася грыбная «эпідэмія». У суботу i нядзелю сотні машын, аўтобусаў, напоўненых людзьмі з кошыкамі i вёдрамі, вырываюцца з Мінска па ўсіх промнях дарог, што рассякаюць квадраты лясоў, блізкіх i далёкіх. Уяўляю гэтыя дарогі i прыгарадныя лясы з вышыні, з самалёта — бачыў неаднойчы, адлятаючы ў далёкія падарожжы ці вяртаючыся дадому.

Выязджаем на досвітку ў кірунку не лепшых лясоў, не самых грыбных — гэта цвёрдае перакананне майго сябра Міхася, заядлага грыбніка, якому належыць заслуга адарваць мяне ад пісьмовага стала, ад рукапісаў, сваіх i чужых, i пацягнуць на цэлы дзень у незнаемы лес.

Міхась выказвае свае меркаванні наконт таго, што ёсць лепшыя грыбныя мясціны — за Лагойскам, пад Чэрвенем, на Уздзеншчыне. Але трэці пасажыр робіць выгляд, што не чуе гэтага. Вядзе ён у свае лясы.

Ён, гэты трэці,— генерал у адстаўцы Жмянькоў Піліп Рыгоравіч. А з генераламі не спрачаюцца, ix слухаюць i выконваюць загады. Так у самым пачатку пажартаваў я.

Піліп Рыгоравіч азірнуўся на мяне, весела бліснуў маладымі вачамі. Зусім не дзеля прыгожага эпітэта, якім належыць узвысіць генерала, пішу я гэтае слова — «маладым». У яго сапраўды маладжавы твар. Па вачах, шчаках i нават па снежных вусіках чалавеку ніяк нельга даць столькі год, колькі ён у сапраўднасці пражыў,— без нечага невялічкага семдзесят. Выдавала... шыя. О, гэта здрадлівая частка цела! Яна выдае не толькі жаночыя гады!

Мяне здзіўляла: чаму пры такім маладжавым твары шыя гэтак бязлітасна спаласавана маршчынамі? Ззаду, з карку, на які я мімаволі, бо гойдаўся адзін на заднім сядзенні, мусіў глядзець усю дарогу, скура на шыі ажно пабурэла, задубела, i маршчыны ненатуральна глыбокія, як шрамы. Я падумаў, што тры вялікія вайны i некалькі меншых — Іспанія, Фінляндыя — не пакінулі бачных слядоў на твары, на руках старога генерала, але, мусіць, адбіліся вось такім чынам — на шыі.

Нічым іншым чалавек, які вёў нас у грыбы, не вызначаўся. Невысокі, крыху па-старэчы, згорблены, хударлявы. Толькі апрануты трохі дзіўна: падношаны, з тонкага генеральскага сукна фрэнч i цывільны капялюш, стары, зялёны, з шырачэзнымі палямі. Такія капелюшы мы насілі як былі маладыя — гадоў пятнаццаць назад. Хоць я разумеў, што гэта вельмі зручна, каб лазіць па ельніку, але капялюш гэты трохі смяшыў. Карцела пажартаваць наконт яго, але я не адважваўся — толькі пазнаёміўся з чалавекам i зусім не ведаю, як ён ладзіць з гумарам.

Міхась трохі суцешыўся, калі міма яго не надта борздага «Масквіча» прашмыгнула колькі «Волгаў». Грыбнікі абганялі адзін аднаго, хітравалі.

Прыгадалася, як некалі хітравалі мы з бацькам, i я расказаў пра гэта сваім спадарожнікам.

Ляснік, які лепш за каго іншага ведаў свой абход, адкрыў «залатую жылу» за балотам, у маладым дубняку, дзе раней грыбоў не знаходзілі. За якую гадзіну мы з бацькам нарэзалі крамяных бурштынавых — адзін у адзін — баравікоў не два кошыкі, а два кашы — круглыя, лазовыя плецяні, якія ў нас, на Гомельшчыне, носяць на плячы i ў кожны з якіх можна насыпаць пуды два бульбы.

Калі мы вярталіся з такім багатым зборам, нас убачылі грыбнікі з бліжэйшай вёскі — Краўцоўкі. Нават сярод лесавікоў, многія з якіх у той час жылі з грыбоў, ягад ды з парубкі лесу, столькі «дабракоў» — так ласкава ў нашых мясцінах называюць белыя грыбы — у лесніковых кашах зрабілі падзею. Калі назаўтра на досвітку мы з тымі ж кашамі выйшлі ў халодны туманны паўзмрок лесу, каб наведаць ураджайны дубнячок, то выявілі, што леснічоўка наша ў асадзе. Пад парканам, за стажком сена, пад роснымі кустамі крушынніку ў канцы гарода, у маладым сасняку за хлявом ляжалі грыбнікі — каб прасачыць, адкуль ляснік носіць гэтулькі «дабракоў». Але вопытныя лесапарубшчыкі не ўлічылі той пільнасці, якую меў не толькі ляснік, але i яго сын, хлапчук, бо да яе прывучыла нас лясное жыццё ўдалечыні ад вёскі, ад людзей. Першы ж зялёны след на срэбнай ад расы траве пра ўсё расказаў, усё адкрыў. I бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Гады за тры да гэтага парубшчыкі паранілі бацьку ў нагу — у той час леснікі вялі цэлыя баі,— i ён моцна кульгаў. Але не пашкадаваў свае пакалечанай нагі, абы захаваць у тайне грыбніцу. Бацька павёў «шпіёнаў» па самых бязгрыбных мясцінах, па балоце, па лесасеках, зарослых маладым асіннікам i калючай малінай.

Абрасіліся з ног да галавы. Выхадзілі дзесятак вёрст, набілі ногі. Я, малы, высалапіў язык, не рады быў грыбам, беламу дню. Пакуль не пераканаўся, што самыя ўпартыя з назіральнікаў знемагліся ці, зразумеўшы, што ix знарок водзяць не там, адсталі, бацька далека абыходзіў запаветны дубняк. А ён такі зноў шчодра ўзнагародзіў нас за ўвесь паход, за мазалі на нагах.

Вярнуліся дадому позна, калі ўжо сонца паднялося над лесам, высушыла расу. Колькі грыбнікоў-мужчын сядзелі каля леснічоўкі, сушылі вопратку, елі звараныя мамай кіяхі i ca смехам расказвалі, як «яе крывы чорт» вадзіў ix па ўсім абходзе. Бацька слухаў ix i цешыўся, як дзіця.

Аднак усё-такі нехта перахітрыў нас. Калі мы наблізіліся да свайго дубняка на трэці ранак, нас сустрэла вясёлае ауканне. Там было паўвёскі людзей. Нам асталіся адны карэньчыкі. Ох, як бацька лаяў гэтага апошняга найхітрэйшага грыбнога разведчыка! Маўляў, калі ты высачыў, то i хадзіў бы адзін, а не прыводзіў бы ўсю вёску. Ды, мабыць, у таго чалавека быў іншы характар.

Генерал пасмяяўся з гэтае прыгоды майго далёкага маленства.

Завярнулі мы з шашы ў невялікі лес, на першы погляд — зусім не грыбны, бо здаваўся ён залішне акультураным i вытаптаным.

Міхась сказаў не без крыўды:

— Вам прастор i воля, а мне, як вартавому сабаку, належыць пільнаваць сваю прыватную ўласнасць. Далека не адыдзеш, а то яшчэ хто колы здыме.

— А вось каб я павёў, то пакінулі б машыну ў двары лесніка.

Так мы трохі шпіганулі генерала. Але i гэта ён нібы не пачуў. Рыхтаваўся да грыбнога паходу з такой сур'ёзнасцю, быццам распрацоўваў план Сталінградскага акружэння ці па меншай меры Бабруйскага катла. Прайшоў крокаў колькі, адчуў, што нешта муляе ў боце, сеў на пянёк i з сур'ёзнасцю старога салдата пераабуўся. Я за той час ужо абшнырыў ладную плошчу вакол машыны i нават падабраў два баравікі-перастаркі, чым усцешыў i Міхася i сябе: не без грыбоў, значыцца, лясок, генерал вёў не на «авось».

Урэшце генерал экіпіраваўся, нават ножычак расклаў, выцер аб халяву бота i паспрабаваў на палец вастрыню ляза. У кішэню фрэнча засунуў загорнуты ў
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Борис Александрович Алмазов - Атаман Ермак со товарищи - читать в ЛитвекБестселлер - Мичио Каку - Физика невозможного - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс С. А. Кори - Пробуждение Левиафана - читать в ЛитвекБестселлер - Мэрфи Джон Дж - Технический анализ фьючерсных рынков: Теория и практика - читать в ЛитвекБестселлер - Александра Черчень - Счастливый брак по-драконьи. Поймать пламя - читать в ЛитвекБестселлер - Диана Сеттерфилд - Тринадцатая сказка - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Анатольевич Ширвиндт - Проходные дворы биографии - читать в ЛитвекБестселлер - Дмитрий Алексеевич Глуховский - Будущее - читать в Литвек