Литвек - электронная библиотека >> Пятро Рунец >> Биографии и Мемуары и др. >> Ніколі не забудзем

НІКОЛІ НЕ ЗАБУДЗЕМ Расказы беларускіх дзяцей аб днях Вялікай Айчыннай вайны

ЯК СТВАРАЛАСЯ КНІГА

Размова з рэдактарам

Зімою тысяча дзевяцьсот сорак шостага года, калі я працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», выклікала мяне да сябе рэдактар Анастасія Сцяпанаўна Рокаш.

— Пятро Мікалаевіч, вы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і мне хочацца ведаць вашу думку. Ёсць прапанова сабраць расказы дзяцей пра барацьбу з фашысцкімі захопнікамі I вьщаць асобнай кніжкай. Што вы думаеце наконт гэтага?

I тут мне міжволі прыгадалася першая сустрэча з юным беларускім партызанам з Рагачова Колем Сіваваронкам, якая адбьшася ў 1943 годзе ў далёкім сібірскім горадзе Новакузнецку, дзе я знаходзіўся ў шпіталі. Яго расказ пра тое, як ён насіў партызанскі ультыматум каменданту горада, узрушыў мяне да глыбіні душы.

— Я згодзен з вашай ідэяй,— адказаў я.— I зрабіць гэта патрэбна як мага хутчэй, пакуль усё яшчэ жыва ў памяці.

Назаўтра Анастасія Сцяпанаўна пайшла ў Цэнтральны Камітэт камсамола Беларусі. Вярнулася яна адтуль задаволеная: ЦК камсамола адобрыў ініцыятыву «Піянера Беларусі». Рады былі і ўсе работнікі рэдакцыі. Анастасія Сцяпанаўна не абмежавалася гэтым. Яна напісала пісьмо ў Маскву, у ЦК ВЛКСМ, і там не толькі ўхвалілі задуму рэдакцыі, але і выдаткавалі на арганізатарскую работу 37 000 рублёў (на старыя грошы). Гэта было якраз тое, чаго не хапала рэдакцыі. Калі фінансавае пытанне было вырашана, бюро ЦК ЛКСМБ першага чэрвеня 1946 года прымае пастанову: мяне вызваляюць ад усякай работы ў рэдакцыі і даручаюць заняцца выключна зборам расказаў у будучую кнігу. Крыху пазней яе рэдактарам быў прызначаны вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр.

З чаго пачынаць

На чарговай рэдакцыйнай нарадзе стаяла адно толькі пытанне: стварэнне кнігі пра ўдзел беларускіх піянераў і школьнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Вырашылі ў бліжэйшым нумары газеты паведаміць чытачам пра рашэнне ЦК ЛКСМБ, звярнуцца да ўсіх удзельнікаў партызанскай барацьбы з заклікам напісаць матэрыялы ў гэтую кнігу. Па-другое, прыцягнуць да работы пісьменнікаў, журналістаў, студэнтаў журфака БДУ. Сустрэцца ў якой-небудзь мінскай школе з былымі піянерамі-партызанамі і сынамі палкоў, расказаць ім пра наш план.

У школьным адцзеле ЦК камсамола даведаўся, што ў 37-й мінскай школе вучыцца шмат піянераў — удзельнікаў партызанскай барацьбы на тэрыторыі нашай рэспублікі.

I вось у канцы тыдня я разам з Марыяй Бареток — студэнткай БДУ, якая супрацоўнічала ў нашай газеце,— адправіўся ў гэтую школу.

Дырэктар школы папрасіў завуча пасля апошняга ўрока сабраць былых школьнікаў-партызан у піянерскім пакоі.

На сустрэчу прыйшло каля дзесяці хлопцаў. Твар аднаго з хлапчукоў уразіў мяне. Ён увесь быў у чырвона-сініх шрамах. Алесь Булат — сын палка танкавай часці — ваяваў на тэрыторыі Украіны. У адным з баёў іх танк немцы падбілі, і ён загарэўся. З вялікай цяжкасцю танкістам, у тым ліку і Алесю, удалося выбрацца з палаючай машыны і застацца жывым.

Астатнія хлопчыкі — В. Сасіноўскі, В. Васянкоў, А. Казлоў, В. Давідзенка і іншыя — таксама знаходзіліся ў баявых воінскіх часцях ці партызанскіх атрадах. Мы папрасілі іх расказаць пра сябе. Завязалася шчырая, сяброўская гутарка. Простыя, няхітрыя расказы дзяцей захапілі і ўсхвалявалі нас, умацавалі веру ў патрэбнасць нашай задумы: з узростам уражанні сціраюцца, а факты забываюцца, асабліва імёны людзей і іншыя падрабязнасці. Мы прапанавалі дзецям напісаць у газету заметку-зварот да ўсіх юных мсціўцаў рэспублікі. Хлопчыкі ахвотна згадзіліся. Яны пры нас напісалі невялікую заметку, у якой звярталіся да школьнікаў Беларусі прыняць удзел у стварэнні калектыўнай кнігі. У гэтай заметцы былі такія словы:

«Давайце, рабяты, агульнымі сіламі пісаць кнігу. У нас ёсць пра што расказаць. Няхай усе савецкія дзеці і дарослыя ведаюць пра нашых герояў-піянераў, пра мужнасць і смеласць нашых юных партызан, пра падзеі, якія адбываліся на берагах Дняпра і Бярэзіны... Напісалі ж уральскія рабяты сваю кніжку «Урал — зямля залатая». А мы хіба не зможам?»

Калі мы паказалі пісьмо дзяцей рэдактару, яна тут жа прачытала яго і сказала:

— Добрае пісьмо! Ім мы і адкрыем нашу спецыяльную старонку. Рыхтуйце яе ў наступны нумар.

I вось 3 красавіка 1946 года трэцяя старонка газеты выйшла пад агульнай шапкай: «Пішыце ў кнігу беларускіх рабят». Думку пра стварэнне кнігі падтрымалі на гэтай старонцы пісьменнікі К. Крапіва, Я. Маўр, прафесар Ніканаў і іншыя.

«За гады акупацыі вы бачылі і перажылі такое, аб чым людзі будуць успамінаць стагоддзямі. Вы бачылі самых лютых ворагаў чалавецтва і па меры сваіх сіл змагаліся з імі. Вы бачылі пакуты і смерць блізкіх людзей, некаторыя з вас пабывалі на катарзе ў Германіі. Гэта такія падзеі, аб якіх нельга забыць. Яны павінны абавязкова ўвайсці ў будучую кнігу. Няхай кожны з вас, рабяты, напіша пра тое, што яго найбольш усхвалявала, што застадося ў памяці на ўсё жыццё»,— пісаў вядомы беларускі пісьменнік Янка Маўр і абяцаў юным аўтарам сваю дапамогу. Гэтая старонка ў газеце фактычна і стала пачаткам нараджэння папулярнай у беларускай дзіцячай літаратуры кнігі «Ніколі не забудзем».

У штабе партызанскага руху

Неяк мне падумалася: «А што, калі паслаць дзецям, актыўным удзельнікам партызанскага руху, пісьмы з просьба й адгукнуцца на наш заклік і напісаць пра свае баявыя справы?»

Рэдактар параіла мне схадзіць у штаб партызанскага руху і ўзяць там імёны і адрасы юных партызан.

— А дзе знаходзіцца гэты штаб? — спытаў я.

— Недалёка ад Мінска, у Лошыцы.

Назаўтра раніцай я пехатой адправіўся ў Лошыцу. Адшукаў штаб партызанскага руху. Зайшоў у пакой, тры сцяны якога знізу даверху былі застаўлены паліцамі з кардоннымі папкамі. Недалёка ад дзвярэй, за невысокім бар'ерчыкам, стаяў стол, за якім сядзела маладая жанчына. Я павітаўся. Яна адарвалася ад папкі, адказала на маё прывітанне і спытала, што мне патрэбна. Я папрасіў даць мне адрасы юных мсціўцаў. Яна здзіўлена паглядзела на мяне:

— А вы ведаеце, колькі дзяцей знаходзілася ў партызанскіх атрадах?

— Не, не ведаю,— сказаў я.

— Дык ведайде: каля дваццаці пяці тысяч. I даць усе адрасы я вам не магу.

— То хоць дайце найбольш актыўных.

Праз якую гадзіну жанчына падала мне спісаны лісток паперы, на якім былі імёны і адрасы каля пяці дзесяткаў маленькіх партызан Беларусі. Я, канечне, узрадаваўся — для пачатку гэта было не так ужо і дрэнна.

У рэдакцыі я напісаў усім ім пісьмы, і іх паслалі па адрасах.

Аднак на гэтым падрыхтоўчая работа па