Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Чыгрын >> История: прочее и др. >> Беларуская Беласточчына >> страница 39
часопіс „Баявая Ўскалось” натрапіў я і яшчэ на аднаго малавядомага беластоцкага паэта. Гэта Станіслаў Янушка. Вось што пішацца пра яго ў вышэйзгаданым часопісе: „Беларус з Беласточчыны — Янушка. Маладым ён выпісвае беларускую каталіцкую прэсу, цікавіцца беларусізацыяй. Але кон пакіраваў іначай. Вайна, польская армія Андэрса, польскае, у тым і сямейнае, асяродзьдзе на эміграцыі зрабілі сваё. А тут яшчэ тагачаснае цкаваньне з боку «ультрапатрыётаў» адсунулі чалавека яшчэ далей. І Янушка замест стацца беларускім паэтам, стае польскім. Выйшла ўжо 2 зборнікі ягоных твораў, падобна гатуецца і трэці. Але паэт не выракаецца, што ён беларускага паходжаньня, не забывае свае мовы і роднае Беласточчыны” („Баявая Ўскалось”, № 14, 1974. С. 8-9).

Станіслаў Янушка пісаў не толькі па-польску, але і на роднай мове. Яго вершы друкаваліся на старонках „Баявой Ускалосі”. Яны былі прысвечаны Канадзе, дзе жыў паэт, а таксама пісаў філасофскія вершы-роздумы. Арыгінальнымі атрымліваліся ў паэта і сатырычныя вершы на розныя тэмы:

Жывёлку можна, як вядома:
Карміць і плевай, і саломай,
Бязкарна біць, сячы бічоўцам,
Вясьці, дзе хочам на вяроўцы.
Бо з быдлам хто ж размовы мае?
Найвыжай рыкаць пазвалюяць...
У беларускай прэсе ніколі пра Станіслава Янушку не згадвалася раней. Таму звестак пра яго творчасць і жыццё дужа мала.

Адзін раз напісаў у сваім часопісе Сяргей Хмара яшчэ пра аднаго паэта з Беласточчыны — Віктара Варашыльскага. Але гэты аўтар пісаў па-польску, хоць быў беларусам. Жыў Віктар Варашыльскі ў Гродне. Шмат у яго з’явілася вершаў пра родную Беласточчыну. Урывак аднаго з іх — „Родны Беластоцкі край” быў апублікаваны ў № 7 за 1962 год на старонцы „Баявой Ўскалосі”:

Мой родны Беластоцкі край,
Мур цемры і бяспраўя.
Хоць лоб вось разбівай.
А голад, як абух над чалавекам.
Мізэрныя хаты...
І ўспомніш:
Няма старонкі безнадзейней
На 20 тысяч сялян
Адзін у статыстыцы — ёсьць лекар!..
Верш, відаць, пісаўся па-польску, а гэта, найхутчэй за ўсё пераклад самога Сяргея Хмары.

З 1981 года ўжо не выходзіць часопіс „Баявая Ўскалось”. Тым не менш, на яго старонках захавалася спадчына літаратараў Беласточчыны. Нагадаю яшчэ, што вельмі часта тут друкаваў Сяргей Хмара вершы і празаічныя творы Віктара Шведа, Уладзіміра Гайдука, Сакрата Яновіча, Пятруся Макаля, Алеся Барскага і іншых аўтараў.

2003


На паштоўках – беларуская моладзь Сакольшчыны


Гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі падрыхтавалі і выдалі набор з 13 паштовак пад назовам -- “Горадня – другая сталіца БНР”. Гэтае выданне прымеркавана да 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзве паштоўкі з гэтай серыі маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Сакольшчыны. А справа ў тым, што восеньскім вечарам 1909 года ў цеснай кватэры ксяндза Францішка Грынкевіча ў Гарадзенскім Бернардыйскім касцёле быў створаны Гарадзенскі гурток беларускай моладзі.

На адным вялікім групавым фотаздымку можна пазнаць ксяндза Францішка Грынкевіча (1884-1933), які паходзіў з вёскі Новы Двор Сакольскага павета.У свой час ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Ёсць на здымку і Адам Бычкоўскі (1889-1937) – першы старшыня Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі. Родам ён быў з маёнтка Талочкі Сакольскага павета. У гуртку Адам выступаў з рэфератамі, пісаў п’ескі, ставіў спектаклі, чытаў са сцэны вершы. Ён быў даволі адукаваным хлопцам, скончыў у свой час юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Сярод беларускай моладзі Адам Бычкоўскі карыстаўся вельмі вялікай павагай і аўтарытэтам. Пэўны час наш зямляк працаваў суддзёй у Саколцы, а ў 1930-х гадах – адвакатам у Варшаве. Там ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі асветнага таварыства беларусаў. Сам распрацаваў статут таварыства і стараўся яго зацвердзіць праз камісарыят ураду Варшавы, Міністэрства унутраных спраў. Ён даваў усім беларусам Заходняй Беларусі бясплатныя юрыдычныя кансультацыі і парады. Але жыццё Адама Бычкоўскага, на жаль, рана абарвалася. Гэта здарылася, як піша Аляксей Пяткевіч у сваёй кнізе “Старонкі спадчыны” (Мінск, 2006) у ягоным службовым кабінеце, дзе ён памёр ад інфаркту.

Сярод беларусаў Сакольшчыны магчыма на гэтым калектыўным здымку ёсць Язэп Лявіцкі, Вінцук Семяновіч, Фэлька Лабенец, Антон Спявак, Станіслава і Эдзюк Кунды, Пранук Эйсмант і іншыя хлопцы і дзяўчаты. На іх дзейнасці трымаўся Гарадзенскі гурток беларускай моладзі.

Язэп Лявіцкі (1893-1916) паходзіў з Сухаволі (па іншых звестках з хутара Горны Хлеўск) Сакольскага павета. Скончыў Гарадзенскую гімназію, вучыўся ў Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. У гуртку беларускай моладзі Язэп Лявіцкі быў артыстам, мастаком дэкарацый, спяваў у хоры. Друкаваўся з гродзенскім часопісе “Педагагічная справа” пад псеўданімам Юрка Снапко. Выдаваў у 1913 годзе на шапірографе літаратурны альманах “Колас беларускай нівы”. Загінуў падчас Першай сусветнай вайны.

Вінцук Семяновіч нарадзіўся ў Новым Двары. У Гарадзенскім гуртку выступаў як акцёр. Загінуў у гады Другой сусветнай вайны.

У вайну загінуў Антон Спявак, у Расіі ў 1918 годзе прапаў Фэлька Лабенец. Трагічным быў лёс і многіх іншых сяброў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі.

На другім здымку з 6 асобаў можна пазнаць у першым радзе (злева направа) Зоську Верас, Марысю Бобрык і Юзю Грынкевіч (Грынкевічанку). За імі стаяць (злева направа) Язэп Раманскі, Адольф Зянюк і нехта Янік. Актыўнасцю ў гуртку найбольш вылучаліся Адольф Зянюк і Зоська Верас.

Адольф Зянюк (1894(?) – 1938) паходзіў з Сухаволі Сакольскага павета. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта, скончыў адну з ваенных вучэльняў у Кіеве. У гуртку актыўна ўдзельнічаў у спектаклях, пісаў апавяданні. З 1925 года рэдагаваў часопіс “Студэнцкая думка” у Вільні, дзе і памёр.

Зоська Верас (1892-1991) нарадзілася на Украіне. Бацька быў родам з Гародні, а маці -- з маёнтку Крыштапарова Сакольскага павета. У 1909 годзе Зоська Верас паступіла ў прыватную жаночую гімназію Баркоўскай ў Гародні, дзе прычынілася да арганізацыі і дзейнасці Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, які ставіў сваёй мэтай развіццё нацыянальна-патрыятычнай самасвядомасці народных мас. Зоська Верас збірала кнігі для бібліятэкі гуртка, дзеля чаго наладзіла сувязі з віленскай беларускай кнігарняй, рэдакцыяй “Нашай нівы”, суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”. Іграла ў спектаклях, перакладала з польскай мовы аднаактоўкі для драматычнага гуртка,