падышоў да люстра і глянуў на сябе. З туманнага шкла мяне адчужана і сур’ёзна вывучалі нерухома сухія, нязвыкла светлыя вочы, і свіціўся бледнаю маскаю твар, схуднелы, з нейкай хваравітай кволасцю ў рысах твар. «Ну што, сумуем? – сказаў я ўголас.– Трэба ўсміхацца. Паспрабуем усміхнуцца – ну давай!..» I я ўсміхнуўся: мне здалося, што затрымцела шкло, у ім тарганулася, калыхнулася бледная маска, а потым кругла, зіхатліва-мякка праступіў твар, і на ім ажылі, заіскрыліся, пацямнеўшы, паглыбеўшы, вочы...
«Вось так, – сказаў я сабе, – вось так, Свет Іванавіч, былы донжуан».
У мяне шырока гохкала сэрца, і я быў па-дзіцячы, па-дурному разгублены і шчаслівы.
1965