ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Борис Акунин - Аристономия - читать в ЛитвекБестселлер - Бенджамин Грэхем - Разумный инвестор  - читать в ЛитвекБестселлер - Евгений Германович Водолазкин - Лавр - читать в ЛитвекБестселлер - Келли Макгонигал - Сила воли. Как развить и укрепить - читать в ЛитвекБестселлер - Борис Александрович Алмазов - Атаман Ермак со товарищи - читать в ЛитвекБестселлер - Мичио Каку - Физика невозможного - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс С. А. Кори - Пробуждение Левиафана - читать в ЛитвекБестселлер - Мэрфи Джон Дж - Технический анализ фьючерсных рынков: Теория и практика - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Классическая проза >> Свет Іванавіч, былы донжуан >> страница 2
якіх неяк паволі, бяздумна рухаліся людзі, безгалоса смяяліся, невідушча глядзелі перад сабой. Аднекуль даляталі водгаласы слоў, шалясценне лістоты, наплывала прахалода, а потым да абмарачэння млява і соладка патыхала яшчэ неастылым асфальтам, парфумай, пылам, аброненым некім пад ногі марожаным. Ліхтары гарэлі асуджана-роўна, нібы не верачы ў сваё святло, і лістота ліп пад імі была непрыемна зялёная, халодна-яркая, і гэтак жа холадна пералівалася на захадзе над горадам палахліва-жоўтае, фіялетавае, бэзавае неба.

Было сіратліва і холадна ў мяне на душы.

Я перайшоў на той бок вуліцы, дзе было менш людзей і магазінных вітрын, і агні ліхтароў пад невясёлай шпалерай цёмных ліп пазначылі мне дарогу дамоў, да пустой кватэры, якая не абяцала нічога, акрамя адзіноты, і два разы я прыбіваўся да людскога гурту на тралейбусных прыпынках, проста каб пакурыць, і зноў ішоў, і недзе ля гастранома нагнаў двух жаўтароцікаў, што кацілі перад сабой бляшанку кансерваў, як футбольны мяч: і зноў халодная злосць скаланула маё нутро. Я ведаў, што гэта дурная, несамавітая злосць, што ніхто не вінаваты і ніхто не паможа мне, але ўсё адно злаваўся і дзёрзка глядзеў сустрэчным у вочы, нібы ведаў за кожным самы найцяжэйшы грэх. Нейкія дзве пары ішлі наперадзе мяне. Адзін – даўганогі, сутулы, з высока пастрыжанай шылаватай галавой, заклаўшы рукі за спіну, сумаваў побач з кароценькай, порсткай дзяўчынкай; другі – цыганаваты, кучаравы, з сухарлявай, загарэлай патыліцай, на якой цёмна ільснілася западзінка-равок, нешта ўсё выдурняўся і рагатаў і незаўважна клаў руку на талію сваёй мажнай рыжаватай сяброўкі, на зіхотнае плацце з тафты, а тая ляніва паварочвалася цераз плячо і біла яго па руцэ, а ён смяяўся і клаў руку ўжо на плячо і пытаўся: «А сюды можна?» – і зноў рагатаў. Ах, якая была ідылія, чорт вазьмі, – я бачыў усё навылёт, я бачыў іх, калі яны застануцца ўдваіх, і, дальбог, я аддаў бы ім маю пустую кватэру – гэтай дзяўчыне і гэтаму нахабнаму хлопцу, няхай бы толькі ён быў нахабны да канца.

На рагу вуліцы я павярнуў налева – яны пайшлі далей. Мая вуліца спадала ўніз, да парку, і тут было зацішней, цямней – бледна свяціліся неонавыя лямпы. Я быў дома. Ступіў у цень тунеля і пад яго высокім скляпеннем пратэпаў у двор, зайшоў у пад’езд і падняўся на пляцоўку з ліфтам. Нейкая абыякавасць апанавала мяне. Злосць прапала. Я нічога не хацеў. Карабель прычаліў да берага, і ў ягоны борт ляніва біла стомленая хваля. Мяне закалыхвала адзінота. Я зайшоў у ліфт і паволі націснуў на кнопку паверха. Пагасла і зноў успыхнула святло. Ліфт плыў угору, і я быў адзін. Я закурыў. Я не ведаў, ці часта бывае з чалавекам, калі ён у трыццаць год заходзіць у тупік. Асабліва тады, калі вельмі старанна выхоўваў сябе ў юнацтве. Калі стараўся ўсё зразумець. I вельмі мала дзейнічаў. I таму не дасягнуў у жыцці нічога. Зрэшты, гэта глупства – дасягнуць. Мяне гэта, здаецца, ніколі і не вабіла. Я хацеў другога. На адной рачулцы я бачыў некалі рыбалова. Ён рабіў тое ж, што і я: гібеў з вудай на беразе, чакаючы паклёўкі. Розніца была толькі ў тым, што ў яго лавілася рыба, а ў мяне – не. Гэта цяжка было зразумець. Рыба сама ішла да яго. На ім быў стары парудзелы плашч, на галаве несамавітая кепка, на нагах – брызентавыя чаравікі. Пякло сонца, а яму было не горача. Я падкасаў калашыны, каб не замачыць штаноў,– для яго быццам не існавала вады, быццам рака была не рака, а люстраны паркет. Брызентавыя туфлі былі сухія. З плеценага кошыка, абкручанага анучай, ён даставаў параную бульбу, асцярожна разразаў яе, затуліўшы далонню, на маленькія кавалачкі і, нібы бласлаўляючы раку, таямнічым жэстам раскідаў крышаны ля берага. Потым, падкурчыўшы ногі, заміраў на камяні, што выступаў ля берага з вады, і чакаў. Як ні наглядаў я за ім, не мог падпільнаваць таго моманту, калі пачынаўся клёў: я бачыў толькі рыбіну, што трапяталася ў ягонай руцэ, і як страшэнна доўгім позіркам жылі прыглушана-цёмныя, глыбокія вочы.

Я нічога не разумеў. Пасля ўжо, калі зразумеў, я зразумеў не так і мала. Я зразумеў, што галоўнае не ў тым, каб дасягнуць, не ў выніку, які ўяўляецца проста як вынік, адасоблены ад усяго, а ў адпаведнасці гэтаму выніку нас саміх. У адпаведнасці мэты выніку. Звычайны падлешчык для таго рыбалова быў звычайным падлешчыкам, але, затрапятаўшы на далоні, ён мог быць і залатой рыбкай. Толькі перш за ўсё ён быў падлешчыкам. Удачы не было – была ўзнагарода за цярплівасць. I гэтая цярплівасць не прыніжала чалавека, як не прыніжалі ні стары парудзелы плашч, ні пацёртая кепачка, ні брызентавыя чаравікі. Галоўным быў спачатку не вынік, а паўната прадчування яго. Я спяшаўся, нерваваўся, я думаў пра падзею, вынік і не заўважаў, як мой унутраны голас глух, як удача пачынала здавацца цудам, а падлешчык – недасягальнай залатой рыбкай. Але не было ні падлешчыка, ні залатой рыбкі.

Мне трэба, вельмі трэба вучыцца цярплівасці.

Новую цыгарэту я ўжо закурыў у кватэры. На кухні. Я любіў гэтую кухню, бо тут гаспадарыла Міла. Чужая жонка, мужава жонка, якая заўсёды старалася зрабіць так, каб я адчуваў сябе ў гэтай кватэры, як свой, а не проста як кватарант-прыблуда. Кухня была тым месцам, дзе развіналіся на ўсю шыр зайздросныя Міліны здольнасці. Кухня была эмблемай кватэры, нават, калі хочаце, яе душой. I Міла была ідэальнай жонкай. Для мужа з такой жонкай ніколі не будзе існаваць праблемы кухні – у прамым і пераносным сэнсе. Ён можа прывесці дадому хоць сотню сяброў, і ўсе яны будуць накормлены, і яму, калі ён толькі не дурань і не бурбон, ніколі не засвярбіць язык сказаць, што ў жонкі малы адукацыйны цэнз, і што паміж высокай разумовай сферай і кухняй ляжыць невымерная бездань, і што яму, такім чынам, як паветра, не хапае высокаінтэлектуальных размоў. Урэшце, гаварыць з Мілай пра цэны на прадукты мне было цікавей, чым пра кібернетыку з яе кандыдатам-мужам.

Я сядзеў за сталом на кухні, і позірк мой незнарок упаў на разгорнутую палоску тэлеграмы, атрыманай два дні назад, – я ўзяў яе ў рукі і зноў прачытаў: «Почему не пишешь Что случилось Станислав Мила». Памятаю, на той дзень я пакрывіўся ад гэтага фамільярнага – Станіслаў: мы ніколі не звалі адзін аднаго па імені, а толькі па бацьку. Міла – іншая справа: з ёй мы былі на «вы», але затое, дзякуй богу, не пайшлі на гэтую камедыю з Мілай Пятроўнай і Яўгенам Іванавічам. I яшчэ мне здалося, быццам тэлеграму трэба чытаць інакш, неяк так: «Как поживают рыбы в аквариуме? Исполняешь ли ты мой наказ?» «Чорта з два, – падумаў я, – у мяне яшчэ зварыць мазгаўня, каб не карміць рыб сырым, дробна пасечаным мясам, як наказала ваша міласць. Ты б там, на паўднёвым сонцы, схуднеў на шэсць лішніх кіло, каб